Да XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне засталося 10 дзён. Гульні яшчэ не пачаліся, але ўжо сталі гістарычнымі. Пекін стаў першым горадам, які прымаў летнія і зімовыя Алімпіяды. У 2008 годзе ў кітайскай сталіцы адшумелі ХХІХ летнія Алімпійскія гульні. Спадчына той Алімпіяды выкарыстоўваецца і цяпер. У прыватнасці, многія спартыўныя арэны. Спаборніцтвы зімовай алімпіяды пройдуць у трох месцах: Пекіне, Яньцыне і Чжанцзякоў. «Звязда» прапануе здзейсніць завочнае падарожжа ў Пекін, дзе пройдзе большасць алімпійскіх спаборніцтваў.
Кластар Пекін прыме ўсе лядовыя спаборніцтвы, а таксама турніры па сноўбордзе і фрыстайле. Тут жа пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. Кожная спартыўная арэна ў кітайскай сталіцы цікавая сама па сабе.
Унікальны па сваім дызайне стадыён, які назваюць «Птушыным гняздом» прымаў цырымонію адкрыцця і закрыцця Алімпійскіх гульняў 2008 года. Алімпійскі агонь вернецца на стадыён і ў 2022 годзе. У 2008 годзе тут праходзілі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і фінал мужчынскага футбольнага турніра. У 2022 годзе спаборніцтвы на стадыёне праводзіцца не будуць, толькі цырымоніі адкрыцця і закрыцця.
Стадыён мае цікавы выгляд. Трыбуны знаходзяцца ў бетоннай чашы, вакол якой размешчаны 24 калоны. Паверх калон пераплеценыя крывыя металічныя балкі. Дзякуючы спецыяльнаму матэрыялу, нацягнутым паміж пераплеценымі балкамі, на трыбуны пранікае сонечнае святло. А звонку гэта стварае незвычайны казачны від канструкцыі.
Гэтая арэна таксама дасталася Пекіну ў спадчыну ад Алімпійскіх Гульняў 2008 году. Тады яна прымала спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы, скачках на батуце і гандболе. Сёлета тут разгорнуцца хакейныя баталіі. Палац спорту нярэдка называюць «веерам» — будынак нагадвае традыцыйны кітайскі складны веер.
Старэйшая арэна зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Палац пабудаваны яшчэ ў 1968 годзе. За сваю гісторыю стадыён прымаў мноства важных спартыўных, культурных і палітычных мерапрыемстваў. І нават здымаўся ў кіно. У 1971 годзе ў рамках праграмы дыпламатычнага абмену тут прайшоў турнір па настольным тэнісе паміж камандамі Кітая і ЗША, менавіта адсюль бярэ пачатак тэрмін «Дыпламатычны пінг-понг». Гэтая сустрэча паказана ў фільме «Форэст Гамп». Падчас Алімпіяды 2008 годзе на арэне праходзіў турнір па валейболе. У 2022 годзе яна прыме шорт-трэк і фігурнае катанне.
Гэтая арэна вядомая пад назвай «Вадзяны куб». Няцяжка здагадацца, што падчас Алімпіяды 2008 году тут праходзілі спаборніцтвы па водных відах спорту. Цяпер тут будзе праходзіць турнір па кёрлінгу, у сувязі з чым комплекс перайменавалі ў «Ледзяны куб».
«Вадзяны куб» — унікальны комплекс агульнай плошчай 70 тысяч метраў квадратных. У канструкцыі выкарыстаны элементы, якія знешне нагадваюць крысталічную рашотку з водных пузыроў, якія валодаюць лёгкай масай і высокай трываласцю. Матэрыял для іх быў распрацаваны спецыяльна для гэтага праекта. У спартыўным комплексе цікава вырашана праблема энергазабеспячэння. Паверхня пабудовы прымае сонечную энергію, пераводзячы яе на падагрэў вады і памяшкання. А ў гарачы летні час, дзякуючы спецыяльнаму пакрыццю крышталяў, якое адлюстроўвае свет, тэмпература не падымаецца да высокіх значэнняў.
Адзіная арэна, якую пабудавалі спецыяльна да зімовых Алімпійскіх гульняў — 2022 года ў пекінскім кластары. Але без узгадвання Алімпіяды 2008 года не абышлося, стадыён пабудаваны на тэрыторыі палёў для хакея на траве і стральбы з лука. Нягледзячы на малую гісторыю, арэна ўжо атрымала паэтычную назву — «Лядовая стужка».
Трамплін, пабудаваны для «біг-эйра» ў лыжах і снаўбордзе, стаў першым у свеце пастаянным трамплінам менавіта для гэтай дысцыпліны. Яго ўнікальнасць заключаецца і ў яго размяшчэнні. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў 2008 года з-за забруджвання паветра быў зачынены сталіліцейны завод Shougang Group. А напярэдадні Гульняў 2022 года на даху завода быў пабудаваны трамплін. Астатнія аб’екты былога прадпрыемства таксама выкарыстоўваюцца для патрэб Гульняў. Напрыклад, былая помпавая станцыя астуджэння стала залай праверкі квіткоў і зонай кіравання мерапрыемствамі.
Стваральнікі трампліна натхняліся вобразамі лятаючых жаночых паўбагоў — апсар. Кітайская назва апсар «фэйцянь» перакладаецца як «лятаючыя ў небе», што адпавядае спартыўнай дысцыпліне «біг-эйр». Дарэчы, гэтая дысцыпліна ўпершыню прадстаўленая на Алімпійскіх гульнях. На адлегласці трамплін выглядае як вялізная стужка апсар, адзін з атрыбутаў гэтых істот.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/pekin
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni
[5] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyski-dzyonnik