Смелыя будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі брэсцкага вучонага і вяртаюцца на вытворчасць у выглядзе нарматыўных дакументаў і новых тэхналогій. У артыкуле 51 Канстытуцыі, якая выносіццца на рэферэндум, гаворыцца, што дзяржава, садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў. У новай рэдакцыі дакумента ў пералік садзейнічання прыбаўлена яшчэ «укараненню інавацый». І гэта той выпадак, калі Асноўны закон замацоўвае народжанае і апрабаванае жыццём. Інавацыі і ёсць ана з асноўных складовых развіцця навукі і тэхнічных пераўтварэнняў.
Аб чым думае звычайны чалавек, калі глядзіць на новую пабудову, асабліва калі гэта не зусім стандартны альбо прынцыпова іншы аб'ект? Відаць аб тым, што аднойчы на пляцоўку прыйшлі будаўнікі са сваёй тэхнікай, спецыялістамі, распрацоўкамі і ўзвялі гэты гмах. Крыху больш дасведчаны згадае, што да гэтага працавалі праекціроўшчыкі, і пабудова папярэдне з'явілася ў чарцяжах і разліках. А калі яе фармат наогул выходзіць за ранейшыя інжынерныя традыцыі галіны, значыць, працавалі вучоныя, стваралі новыя нарматывы і дакументы, каб ноу-хау стала даступным праектным, а затым і будаўнічым арганізацыям.
На шчасце, гэты працэс увесь час ідзе, будаўнічая навука развіваецца. Сённяшні аповед пра чалавека, які, без перабольшвання, рухае айчынную будаўнічую навуку. Прафесар Віктар Тур ведае ўсё пра галоўны будаўнічы кампанент — бетон. Вучоны вынайшаў шмат спосабаў атрымання гэтага матэрыялу з высокімі эксплуатацыйнымі характарыстыкамі. А яшчэ ён стварыў сваю навуковую школу, прымае самы актыўны ўдзел у распрацоўцы новай айчыннай нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Віктар Тур многія гады працуе ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце, загадвае кафедрай тэхналогіі бетону і будаўнічых матэрыялаў.
Віктар Уладзіміравіч нарадзіўся і вырас у Брэсце. Як сам вызначыў: «Інтэлігент у другім пакаленні, бацька быў галоўным інжынерам аднаго з прадпрыемстваў, маці — галоўным бухгалтарам. Звычайна гавару, што першы з сям'і стаў займацца навукай. Але гэта нават не зусім так. У адносна сталым узросце даведаўся, што адзін мой дзед быў прафесарам тэхналагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. Па шэрагу прычын гэтая сувязь была некалі страчана. Можа, калі дойдзе чарга заняцца аднаўленнем поўнай сямейнай гісторыі».
Паводле яго слоў, аб прафесіі будаўніка думаў са школьных гадоў. Спачатку хацеў стаць архітэктарам, але пасля атрымання атэстата прыняў рашэнне паступаць на факультэт прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва. Вучыўся добра, скончыў ВНУ з адзнакай. Затым адслужыў у арміі, вярнуўся ў родны інстытут. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у Маскве. Да гэтай пары ўдзячны лёсу за тое, што ўдалося прайсці праз добрую школу — навукова-даследчы інстытут бетону і жалезабетону. Названая ўстанова была адным з самых значных навуковых цэнтраў у свеце па вызначанай тэме. Заняткі ў прафесараў А. Гвоздзева, В. Міхайлава, Г. Бядзічэўскага — людзей, якія стваралі будаўнічую навуку, — далі своеасаблівы трамплін для далейшага развіцця. Словам, у 1988 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1999-м ужо ў Беларусі — доктарскую.
За час работы Тура ў брэсцкай ВНУ створана свая навуковая школа. Цяпер гаворка ідзе аб тым, што падрыхтавана больш за 25 кандыдатаў навук. На кафедры, якую Віктар Уладзіміравіч узначальвае, усе 11 чалавек — яго аспіранты. Дзевяць з іх ужо маюць кандыдацкую ступень, двое рыхтуюцца да абароны. Астатнія вучоныя працуюць у галіновых навукова-даследчых інстытутах, узначальваюць кафедры ў сваім універсітэце, працуюць на кіруючых пасадах. Напрыклад, Віктар Басаў — першы аспірант Тура, цяпер дырэктар Брэсцкага політэхнічнага каледжа, установы, якая рыхтуе будаўнікоў сярэдняга звяна.
Не так даўно пры факультэце адкрылася дактарантура. Інэса Паўлава стала першым дактарантам прафесара Тура. Ёсць ва ўніверсітэце і савет па абароне дысертацый. Сам Віктар Уладзіміравіч мае вялікі вопыт работы ў розных саветах. Больш за 10 гадоў быў старшынёй экспертнага савета ВАКа па будаўнічых навуках, цяпер, пасля ратацыі, з'яўляецца намеснікам старшыні названага савета.
Навуковая школа для любога ўніверсітэта — фактар, які нельга недаацэньваць. Гэта не толькі векавая ўніверсітэцкая традыцыя — гэта аснова, змест, які робіць ВНУ профільнай установай. У размове з карэспандэнтам Віктар Тур згадаў кафедру Бажэнава ў Маскоўскім дзяржаўным будаўнічым універсітэце. Прафесару Бажэнаву 94 гады, ён даўно не загадвае кафедрай, але калегі захавалі назву і кафедры, і навуковай школы і, галоўнае, развіваюць ідэі і напрацоўкі вучонага. А беларускія будаўнікі ўжо ведаюць навуковую школу Тура. Ды і не толькі беларускія.
Сваю рэалізацыю ў навуковым плане прафесар звязвае найперш са стварэннем нацыянальнай сістэмы нарміравання і стандартызацыі ў галіне будаўніцтва. Нарматывы і стандарты былі створаны ўпершыню ў нацыянальнай практыцы. На гэта патрачана больш за 20 гадоў, работа актыўна працягваецца. Упершыню напісаны нацыянальныя падручнікі па тэме бетону і жалезабетону. Да гэтага карысталіся ранейшымі, савецкімі. Вядома, апошнія былі грунтоўна зроблены ў свой час, але па зразумелых прычынах маральна састарэлі. Новыя падыходы патрабавалі новага абгрунтавання. З канца 90-х гадоў пачалося стварэнне сістэмы айчыннай стандартызацыі і тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. «У выніку маем нацыянальныя нарматыўныя дакументы, якія не толькі не саступаюць еўрапейскім і сусветным, але па некаторых паказчыках і пераўзыходзяць іх, — гаворыць Віктар Тур. — Варта сказаць, што за перыяд, які супадае з суверэнітэтам нашай краіны, створана названая сістэма. Яна мае ў аснове сусветны вопыт дасягненняў, але падмацавана нацыянальнымі даследаваннямі, улічвае нашу спецыфіку: эканамічныя ўмовы, развіццё тэхнікі, прамысловасці. Нам удалося захаваць найлепшае са створанага папярэднікамі ў савецкі час. Мы ішлі па шляху эвалюцыі, а не рэвалюцыі. Працэс прасоўваўся павольна, бо ў будаўнічай галіне любой краіны існуюць інжынерныя традыцыі. Змяніць мысленне, прымусіць спецыялістаў па-іншаму паглядзець на праблему вельмі няпроста, таму і патрэбны паступовы падыход. На гэтым прынцыпе мы і будавалі сваю норматворчасць: паступовы, плаўны пераход да новых стандартаў».
Менавіта пасля навуковага абгрунтавання і зацвярджэння на дзяржаўным узроўні стала магчымай рэалізацыя цэлага шэрагу аб'ектаў, пра якія мы можам казаць як пра новае слова ў беларускім будаўніцтве. Напрыклад, гэта дах над знакамітым «Славянскім базарам» у Віцебску, Палац водных відаў спорту ў Брэсце і многія іншыя аб'екты. Да названага палаца вельмі рэдка прымянялася папярэдняе напружанне ў пабудовачных умовах. Гэта быў першы аб'ект у краіне, дзе для ваннаў басейнаў было прыменена папярэдняе напружанне ва ўмовах будаўніцтва. Гэта дазволіла не толькі сэканоміць матэрыялы, напрыклад, паменшыць таўшчыню сценкі ёмістасці, але і забяспечыць высокую надзейнасць. Былі праведзены гідраўлічныя выпрабаванні, і яны паказалі, што з гэтай ёмістасці не капнула ні граму вады. Апошняе і дало магчымасць унесці ў нормы — значыць, узаконіць прымяненне новых тэхналогій.
— Цяпер працуем над тым, каб у нормы было ўнесена прымяненне кампазітнай арматуры — шклопластыкавай, базальтапластыкавай, вуглепластыкавай, іншых. Тое ж можна сказаць пра фібрабетон. На рынку ёсць матэрыялы, але няма нарматыўных дакументаў, у адпаведнасці з якімі праекціроўшчык можа закласці гэты матэрыял у праект. А дакументы вучоныя могуць стварыць пасля прапрацоўкі і ўдалых эксперыментаў, — расказвае навуковец.
Іх лабараторыя пры кафедры называецца лабараторыяй саманапружаных канструкцый. Менавіта тут праходзяць своеасаблівую абкатку самыя смелыя будаўнічыя ідэі. Спачатку яны выводзяцца на ўзроўні формул, разлікаў, чарцяжоў, затым прапускаюцца праз фільтр вытворчых выпрабаванняў, пасля вяртаюцца ў навуковы цэнтр зноў, каб стаць рэкамендацыяй да выкарыстання альбо быць адхіленымі як неперспектыўныя на дадзеным этапе.
Так, з праходжаннем усіх этапаў у свой час была прапанавана канструкцыя маналітных пліт перакрыцця з камбінаваным папярэднім напружаннем у пабудовачных умовах. «Распрацоўка заснавана на камбінаваным спосабе стварэння папярэдняга напружання ў плітных канструкцыях. Асноўная ідэя заключана ў прымяненні ў адным канструктыўным рашэнні бетону на напружвальным цэменце, які дазваляе ажыццявіць пачатковае нацяжэнне арматуры, звязанай з бетонам фізіка-хімічным спосабам, і напружанай канатнай арматуры, якая не мае злучэння з бетонам і нацягваецца механічным спосабам непасрэдна на бетон, які зацвярдзеў». Не варта старацца глыбока ўнікнуць у сутнасць працэсу чалавеку, далёкаму ад будаўніцтва. Скажу, што апісанае вышэй дае значную эканомію бетону, а гэта важна для кошту любога аб'екта. А за фармулёўкай, узятай у двухкоссі, стаяць гады работы.
Лабараторыя шмат гадоў вывучае праблемы напружання бетону. Названай тэматыкай займаецца даволі абмежаваная колькасць цэнтраў у свеце: у нас, у Кітаі, у ЗША, у Расіі, у Германіі. Многія брэсцкія спецыялісты бывалі на стажыроўках за межамі краіны. Яны ў курсе сусветных дасягненняў і распрацовак. У лабараторыю прыходзяць студэнты, магістранты. Тыя, хто праяўляе зацікаўленасць, пачынаюць працаваць тут з 2-3 курсы, спачатку робяць студэнцкія работы, потым магістарскія, затым пачынаюць рыхтаваць дысертацыі.
Дарэчы, заслужаны работнік адукацыі Віктар Тур паміж кар'ерай і навукай выбраў апошнюю. Справа ў тым, што прафесар некаторы час быў прарэктарам па навуцы сваёй вышэйшай навучальнай установы. Але потым зразумеў, што сумяшчаць гэтыя кірункі работы даволі складана, і прыняў цалкам поўнасцю засяродзіцца на навуковых распрацоўках і выкладчыцкай дзейнасці.
— Калі чалавек працуе над нейкай праблемай, паглыбляецца ў яе, засяроджваецца і амаль не заўважае навакольны свет з яго праблемамі, супярэчлівасцямі. І гэта ні з чым не параўнальныя адчуванні, калі хочаце, асалода. Тады ўжо не думаеш аб матэрыяльным баку справы, — разважае доктар тэхнічных навук. — ...Цяпер шмат гавораць пра патрыятызм. Думаю, што патрыятызм вучонага і заключаецца ў яго імкненні абавязкова рашыць хай сабе невялікую задачу на сваім месцы, зрабіць свой уклад у агульную справу. Перада мной ніколі не стаяла пытанне аб тым, што можна застацца недзе за мяжой, атрымліваць большыя грошы, хоць даводзілася працаваць у розных краінах у розны час. Для мяне адзіна прымальным з'яўляецца працаваць і прыносіць карысць на сваёй зямлі, там, дзе вырас, атрымаў адукацыю, адбыўся як навуковец і спецыяліст. У размовах з маладымі заклікаю іх уважліва ставіцца да напрацовак замежных калег, вывучаць вопыт, але не ідэалізаваць усё замежнае. На розных навуковых форумах даводзілася назіраць, што яны, калегі, таксама памыляюцца, як мы, і працуюць у многім, як мы. Любыя стажыроўкі, стасункі павінны насычаць нас новымі ведамі, вопытам, які можам прымяняць у сябе. І вось яшчэ што. Скажам, цяпер з'явілася шмат выпрабавальнага абсталявання. Любую сітуацыю можна змадэляваць, напрыклад, на розных 3D-прынтарах. Захапленне тэхнікай прыводзіць да таго, што людзі развучваюцца думаць, аналізаваць. Напрыклад: «Чаму такі вынік?» — «Так паказаў прыбор». — І ўсё, тупік? Вось і даводжу маладым калегам, што той вучоны зможа ажыццявіць прарыў, у якога, вобразна кажучы, мазгі апераджаюць машыну. А гэта не залежыць ад дыслакацыі даследчыка, а залежыць ад яго здольнасцяў. Так што магчымасці для навуковых адкрыццяў неабмежаваныя.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/news/20220121/1642776584-kanstytucyya-respubliki-belarus-sa-zmyanennyami-i-dapaunennyami-yakiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-tur
[5] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/referendum-pa-kanstytucyi