У выніку ўзброенага канфлікту на таджыкска-кыргызскай мяжы загінулі двое жыхароў Таджыкістана, паведамляе інфармагенцтва «Ховар» са спасылкай на прэс-цэнтр Памежных войскаў Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі рэспублікі, перадае [1] БелТА.
Паводле звестак прэс-службы, загінуўшыя — жыхар прыгранічнага сяла і вадзіцель хуткай дапамогі мясцовай бальніцы. Акрамя таго, з таджыкскага боку 10 чалавек атрымалі раненні — шасцёра вайскоўцаў і чацвёра грамадзянскіх.
У той жа час, паводле звестак кыргызскага інфармагенцтва «Кабар», падчас канфлікту раненні атрымалі 11 вайскоўцаў Кыргызстана. Загінуўшых сярод насельніцтва і вайскоўцаў Кыргызстана няма. З прыгранічных сёл рэспублікі эвакуіраваны больш як 11 тыс. жыхароў.
27 студзеня на ўчастку таджыкска-кыргызскай мяжы адбыўся канфлікт паміж прадстаўнікамі дзвюх краін. Кыргызскі бок абвінаваціў таджыкскі ва ўжыванні зброі, а таксама паведаміў аб сцягванні цяжкай тэхнікі да мяжы з боку суседняй рэспублікі. Дзяржкамітэт нацыянальнай бяспекі Таджыкістана паведаміў аб стральбе з кыргызскага боку, прымяненні мінамётаў і беспілотнікаў.
Пазней прадстаўнікі Кыргызстана і Таджыкістана паведамілі, што дасягнулі дамоўленасці аб спыненні агню і адводзе сцягнутых да месца памежнага канфлікту дадатковых сіл.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/world/view/v-rezultate-konflikta-na-tadzhiksko-kyrgyzskoj-granitse-pogibli-dvoe-zhitelej-tadzhikistana-481666-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/tadzhykistan
[3] https://zviazda.by/be/tags/kyrgyzstan
[4] https://zviazda.by/be/tags/myazha