На пераадоленне наступстваў пандэміі толькі ў сферы аховы здароўя патрачана ўжо амаль $2 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае [1] БелТА.
«Нашай перавагай стала эфектыўная сістэма аховы здароўя, якую мы бераглі як зрэнку вока, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вось ён, прыклад таго, што мы, атрымаўшы незалежную краіну, пакінулі ўсё лепшае з таго, што было. Гэта не мы такія героі, стварылі такую сістэму аховы здароўя. Нам хапіла розуму захаваць усё лепшае, што было ў савецкія часы. У кожным раёне — тую ж невялікую інфекцыйную бальніцу, якая нас сёння ратуе. Мы захавалі цудоўную адукацыю ў ахове здароўя. Да нас едуць вучыцца быць урачамі і плацяць за гэта дзясяткі мільёнаў долараў. У нас добрая адукацыя і як вынік — добрыя ўрачы».
У перыяд пандэміі ў краіне закупілі ўсё неабходнае, мабілізавалі прадпрыемствы на вытворчасць кіслароду, калі яго раптам аказалася недастаткова, і пры гэтым не перапынілі планавае лячэнне людзей. «На пераадоленне пандэміі і яе наступстваў толькі ў сферы аховы здароўя патрачана ўжо больш за $2 млрд. Больш за два, калі ўзяць усе крыніцы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што, наведваючы чырвоныя зоны, размаўляючы з урачамі і пацыентамі, ён не раз пераконваўся ў высокім прафесіяналізме і зладжаных дзеяннях медыкаў. «Мы падтрымалі нашых медыкаў, у тым ліку матэрыяльна, і будзем падтрымліваць, як бы гэта ні было дорага, — сказаў ён. — Упершыню ў гісторыі свайго прэзідэнцкага жыцця хачу адзначыць Міністэрства аховы здароўя. Мяняецца абстаноўка — на працягу сутак мяняюцца пратаколы і мяняецца тактыка лячэння нашых людзей, каманда праходзіць імгненна і выконваецца гэтак жа імгненна. Так і павінна быць. Толькі так, строгай дысцыплінай мы можам выстаяць».
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-na-peraadolenne-nastupstvau-pandemii-u-ahove-zdarouja-patrachana-uzho-amal-2-mlrd-109891-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/paslanne-belaruskamu-narodu-i-nacyyanalnamu-shodu