Асноўныя напрамкі развіцця аграрнай палітыкі абазначыў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае [1] БелТА.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што сяло заўсёды будзе ў фокусе ўвагі і падтрымкі дзяржавы: «Беларуская аграрная палітыка і ў далейшым будзе зыходзіць з таго, што сельская гаспадарка з’яўляецца шматфункцыянальнай сістэмай, якая забяспечвае не толькі харчовую бяспеку, але і асваенне тэрыторыі краіны, захаванне самабытнай сельскай культуры, далучэнне да працы моладзі».
У перспектыве — стварэнне буйных аграпрамысловых комплексаў (па прыкладзе Віцебскай вобласці), а таксама аб’яднанняў, якія будуць забяспечваць поўны цыкл — вытворчасць і яе ўласнае забеспячэнне, перапрацоўку, рэалізацыю прадукцыі. Гэта паўплывае і на развіццё тэрыторый.
Паводле слоў Прэзідэнта, буйнатаварная вытворчасць дае магчымасць прымяняць высокаэфектыўную тэхніку і перадавыя тэхналогіі, асабліва ў кормавытворчасці. «Сфарміраваныя ланцужкі паставак ад поля да прылаўка даюць магчымасць забяспечыць кантроль якасці», — сказаў ён.
Таксама, на думку Аляксандра Лукашэнкі, у далейшым неабходна падтрымліваць практыку стварэння аграрных карпарацый. «Але як інструмент развіцця, а не адтэрміноўкі даўгоў і аднясення вырашэння праблем на потым. Аднак кампанейшчыны быць не павінна. Не кожнаму прадпрыемству падыдзе ўніверсальнае лякала», — падкрэсліў ён. Напрыклад, невялікі СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна (усяго 2651 га сельгасугоддзяў) вызначыў сваю стратэгію і дэманструе эфект работы на кантрактнай аснове. За мінулы год удой на карову тут склаў 12 т, ураджайнасць збожжавых — 75 ц/га. Сярэднямесячная зарплата — больш за Br2 тыс. Гэта, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, узровень сталіцы. «Невялікае прадпрыемства, няхай жыве і развіваецца», — дапоўніў беларускі лідар.
«Пасля заканчэння рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця вёскі прайшло больш за 10 гадоў. Тады мы талакой мадэрнізавалі не толькі вытворчую, але і сацыяльную інфраструктуру. Аднак час ідзе, умовы мяняюцца. Патрэбны свежыя рашэнні», — падкрэсліў ён.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/president/view/agrakarparatsyi-bujnyja-kompleksy-svezhyja-rashenni-lukashenka-ab-razvitstsi-selskaj-gaspadarki-109889-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/paslanne-da-belaruskaga-naroda-i-nacyyanalnaga-shodu