Сёння роўна год, як Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства ўнутраных спраў, які вядзе свой летапіс з 1954 года, функцыянуе ў новым статусе. 1 лютага 2021 года ў выніку маштабнай рэарганізацыі ён быў аб'яднаны з Цэнтрам павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы. Сёння гэта сучасная навучальная ўстанова, якая рыхтуе высокакваліфікаваныя кадры не толькі для органаў унутраных спраў, але і для іншых сілавых структур краіны.
Тэрыторыя цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС, які знаходзіцца ў Мінскім раёне, вялікая. Яе ўпрыгажэнне — новы вучэбна-адміністрацыйны корпус, урачыстае адкрыццё якога адбылося 2 верасня. Сучасныя аўдыторыі, дзве лекцыйныя залы на 240 пасадачных месцаў кожная, шэсць камп'ютарных класаў, агульная і спецыяльная бібліятэкі — усё разлічана на тое, каб навучанне ў цэнтры праходзіла ў максімальна камфортных умовах. Заняткі з практычным ухілам праводзяцца ў класах крыміналістыкі, медыцынскай падрыхтоўкі, спецтэхнікі, тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі. Не забываюцца тут і пра тое, што будучыя вартавыя правапарадку павінны быць яшчэ і ў добрай фізічнай форме: у цэнтры функцыянуюць сучасныя залы барацьбы, трэнажорная зала, заняткі па агульнафізічнай падрыхтоўцы праходзяць на стадыёне са спецыяльным пакрыццём. На абсталяваных стрэльбішчах курсанты вучацца валодаць зброяй.
Жывуць будучыя праваахоўнікі ў камфортных інтэрнатах (у цяперашні час ідзе будаўніцтва яшчэ аднаго), харчуюцца ў сталовай, якая займае асобны будынак. На тэрыторыі функцыянуе і кіналагічны цэнтр, дзе ажыццяўляюць перашапачатковую падрыхтоўку, а таксама павышаюць кваліфікацыю спецыялісты-кінолагі. Ёсць свая царква, дзе рэгулярна адбываюцца богаслужэнні.
— З дня рэарганізацыі цэнтра і яго перадыслакацыі прайшоў год, — адзначае начальнік Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Машкін. — Адрэзак зусім невялікі, але кіраўніцтвам і супрацоўнікамі за гэты час зроблена нямала. Падабраны кваліфікаваны кадравы састаў, які валодае вопытам практычнай работы ў органах унутраных спраў і перадае яго новаму пакаленню супрацоўнікаў аховы правапарадку. За мінулы год па шматлікіх праграмах адукацыю атрымала звыш трох тысяч чалавек, у тым ліку каля дзвюх тысяч курсантаў, якія прайшлі першапачатковую падрыхтоўку і ўжо служаць у розных падраздзяленнях МУС.
У Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС атрымліваюць адукацыю тры катэгорыі навучэнцаў. Павышаюць сваю кваліфікацыю ўжо дзеючыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў, а таксама іншых сілавых структур. Першапачатковую падрыхтоўку праходзяць грамадзянскія асобы, якія плануюць звязаць свой лёс з праваахоўнымі органамі. Акрамя таго, наладжаны навучальныя курсы, курсы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі па праграмах рознага профілю як для прадстаўнікоў сілавога блока, так і для грамадзянскіх асоб.
У залежнасці ад таго, якія пасады ў перспектыве курсанты зоймуць, столькі часу яны правядуць у цэнтры. Будучыя супрацоўнікі Дэпартамента аховы або ўпраўленняў унутраных спраў вучацца 14 тыдняў. У тых, хто будзе служыць у Дэпартаменце выканання пакаранняў, тэрмін навучання на два тыдні меншы.
Каб трапіць у цэнтр, аднаго жадання недастаткова. Папярэдні адбор кандыдаты ў курсанты праходзяць у камплектуючых падраздзяленнях. Канчатковы, які ўключае ў сябе праверку фізічнай падрыхтоўкі, чакае іх у цэнтры. Тыя шчасліўчыкі, якія надзелі курсанцкія пагоны, ужо з першага дня навучання ў цэнтры становяцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.
— У курсантаў, якія да нас прыходзяць, ужо ў першы тыдзень знаходжання тут пачынаецца новае жыццё, — заўважае начальнік аддзялення планавання адукацыйнага працэсу Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС падпалкоўнік міліцыі Аксана Грушэвіч. — Яно кардынальна адрозніваецца ад таго, якое было на грамадзянцы. Маладыя людзі актыўна займаюцца фізічнай падрыхтоўкай, акрамя таго, яны пачынаюць несці службу ў нарадах. Вынослівасць тут павінна быць на першым месцы.
Увесь перыяд, пакуль ідзе адукацыйны працэс, курсанты знаходзяцца на тэрыторыі цэнтра кругласутачна. Тут яны жывуць, вучацца, праводзяць вольны час. Хоць апошні, вядома, у дэфіцыце. Прадугледжаны звальненні, падчас якіх навучэнцы выходзяць за тэрыторыю цэнтра. Аднак бывае гэта нячаста і ў выключных выпадках. Большасць навучэнцаў упершыню пакідае навучальную ўстанову ўжо з пасведчаннем аб яе паспяховым заканчэнні.
Курсант Кацярына Ласевіч ужо на працягу пяці гадоў працуе ў органах унутраных спраў Брэста як неатэставаны супрацоўнік. Дзяўчына марыць стаць афіцэрам, дзеля гэтага апынулася ў цэнтры. «Вучыцца тут зусім не складана, — прызнаецца Кацярына. — Так, ёсць пэўныя побытавыя абмежаванні, але гэта часова. Магчыма, іх наўмысна і ствараюць, каб праверыць, як будучы супрацоўнік праваахоўных органаў будзе весці сябе ў той ці іншай сітуацыі. Да дзяўчат — такое ж стаўленне, як і да курсантаў-хлопцаў. Ніякіх патуранняў! Мы ўсе — будучыя супрацоўнікі МУС, а значыць, нароўні павінны выконваць пастаўленыя задачы».
Паколькі тэрмін навучання ў Цэнтры даволі кароткі, рыхтуюць курсантаў ва ўмовах, набліжаных да рэальных. Прыкладна 65 % ад усіх заняткаў — з практычным ухілам. Тактыка-спецыяльная падрыхтоўка ажыццяўляецца па профілях: ідзе падзел курсантаў на будучых супрацоўнікаў Дэпартамента аховы, участковых інспектараў, супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, міліцыянераў патрульна-паставой службы, інспектараў па справах непаўналетніх.
Напрыклад, на інспектараў ДАІ вучацца маладыя людзі, якія маюць юрыдычную або тэхнічную вышэйшую адукацыю. «Каб займацца рэгуліровачна-размеркавальнай дзейнасцю, умець складаць пратаколы, выносіць пастанаўленні, патрэбна валодаць пэўнымі ведамі, — заўважае выкладчык цыкла тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі маёр міліцыі Надзея Грыгор’ева. — На першы погляд здаецца, што быць інспектарам ДПС нескладана. Насамрэч, сітуацыі на дарозе бываюць розныя, і часта супрацоўнік ДАІ павінен быць кампетэнтным па многіх пытаннях».
Выкладаюць у навучальнай установе і блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Важны прадмет — фізічная культура. Вялікая ўвага ўдзяляецца і агнявой падрыхтоўцы курсантаў.
Адзін з асноўных прадметаў, які павінны засвоіць будучыя міліцыянеры, — тактыка-спецыяльная падрыхтоўка. Як расказвае старшы выкладчык цыкла тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі падпалкоўнік міліцыі Яўген УРБАН, падчас заняткаў курсанты атрымліваюць першапачатковыя веды, якія спатрэбяцца ім падчас выканання аператыўна-службовых задач. «Таксама ў іх фарміруюцца навыкі тактычных дзеянняў, яны вучаць правільна складаць працэсуальныя і службовыя дакументы, выконваць меры асабістай бяспекі пры нясенні службы», — удакладняе педагог з 17-гадовым стажам.
Сучасная моладзь любіць інтэрактыўныя заняткі. І курсанты цэнтра — не выключэнне. З задавальненнем яны наведваюць прадмет «Асновы крыміналістыкі». Падчас нашага візіту маладыя людзі вывучалі дактыласкапію: бралі адзін у аднаго адбіткі пальцаў, шукалі іх на розных паверхнях. «Большасць курсантаў з такім відам дзейнасці ніколі дагэтуль не сутыкалася, — гаворыць старшы выкладчык цыкла спецыяльных дысцыплін падпалкоўнік міліцыі Юлія КАРТАШОВА. — Ім вельмі цікава прымяняць пэўныя тэхнічныя сродкі і атрымліваць сляды самастойна. Запамінаць інфармацыю нашмат лепш, калі ты не проста слухаеш выкладчыка, а сам можаш паспрабаваць нешта зрабіць. У курсантаў адразу мяняецца настрой, калі ўдаецца знайсці той жа адбітак пальца, напрыклад, на аркушы паперы. Многія робяць вывады, што наша работа — не толькі вельмі складаная, але і надзвычай адказная, цікавая. А яшчэ яна небяспечная: супрацоўнікі міліцыі могуць пацярпець падчас выканання сваіх службовых абавязкаў. Невыпадкова мы вучым іх дзейнічаць тактычна правільна ў плане асабістай бяспекі, каб нідзе не пакінуць свае сляды, а таксама не знішчыць тыя, якія ўжо ёсць на месцы злачынства».
Выкладчык цыкла спецыяльных дысцыплін маёр міліцыі Дзмітрый КАБЕРДЗІН выкладае ў Цэнтры медыцынскую падрыхтоўку. І гэта, па словах ваеннага ўрача, не менш важны прадмет, чым усе астатнія. «Супрацоўнікі органаў унутраных спраў могуць апынуцца на месцы здарэння першымі і да прыбыцця медыкаў абавязаны аказаць першую медыцынскую дапамогу: няважна, неабходная яна пацярпеламу або злачынцу, — кажа выкладчык. — Супрацоўнікі, якія павышаюць у нас кваліфікацыю, расказваюць, што такія выпадкі нярэдкія, таму да ўсяго трэба быць падрыхтаванымі. Аднаму з навучэнцаў у свой час нават даводзілася роды прымаць».
Курсант Аляксандр Дзегцярэнка будзе ўчастковым інспектарам міліцыі. За месяц да прыбыцця ў цэнтр дэмабілізаваўся з войска. Праходзіў службу па кантракце ва Узброеных Сілах. Да абмежаванняў, звязаных з навучаннем, Аляксандр прызвычаіўся хутка. Як прызнаецца малады чалавек, пасля арміі нават не было калі адвыкаць ад дысцыпліны і распарадку.
Нароўні з хлопцамі навучанне ў цэнтры праходзяць дзяўчаты. І на першы погляд складана сказаць, каго з іх у аўдыторыях больш. Гэта сведчыць толькі аб тым, што прыгожая палова чалавецтва не баіцца складанасцяў, таму без страху выбірае адказную работу.
— Дзяўчаты з мяккім характарам ніколі сюды не трапяць, — адзначае Аксана Грушэвіч. — Аднак, нягледзячы на спецыфічныя ўмовы, яны ўсё роўна застаюцца тут дзяўчатамі і жанчынамі. Падчас службовай дзейнасці яны выдатна спраўляюцца з выкананнем сваіх прафесійных абавязкаў.
Ганна Сяргеенка пасля навучання ў цэнтры будзе служыць у Дэпартаменце выканання пакаранняў. Калі больш канкрэтна, то ў папраўчай калоніі № 4 горада Гомеля, дзе адбываюць пакаранне жанчыны. Яна свядома абрала сабе прафесію, бо лічыць, што яе місія — дапамагаць жанчынам стаць на шлях выпраўлення. У Ганны ёсць псіхалагічная адукацыя, не хапае спецыяльнай падрыхтоўкі. «Калі я скажу, што мне нястрашна працаваць у такой спецыфічнай установе, то схітрую, — прызнаецца дзяўчына. — Але выбар мой свядомы. У дзяцінстве я часта гуляла ў міліцыянера. Ды і побач быў прыклад — мая мама, ужо маёр міліцыі запасу, шмат гадоў працавала ва ўпраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў і выдатна спраўлялася з пастаўленымі задачамі. І я спраўлюся!»
Вераніка КАНЮТА
Фота Аліны МАЗАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/author/alina-mazavec
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/dai
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-mashkin