Размова — пра новую кнігу Андрэя Кіштымава, якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука», — «Светлыя памкненні артэфактаў: Беларусь на выстаўках XIX — XX стст.»
У манаграфічным, багата ілюстраваным даследванні, навуковым рэдактарам якога выступае С. Віцязь — расповяд пра выставачную справу на беларускіх землях. Падрабязна разглядаюцца спецыфіка, асаблівасці гэтага працэса. Комплексна даследуюцца дынаміка развіцця выставачнай справы ў XIX — XX стст. Аўтар паказвае тыпы, формы, класіфікацыю выставак, звяртае ўвагу на характар экспанатаў і экспанентаў на іх — з Беларусі. Варта адзначыць, што ў 1829 — 1914 гадах (меней як за стагоддзе!) беларускія экспанаты дэманстраваліся болей як на 250 айчынных і замежных выстаўках. Каля 100 экспанентаў з Беларусі былі прадстаўлены на дзевяці ўніверсальных сусветных выстаўках XIX стагоддзя. Болей 250 — на ўсерасійскіх выстаўках 1882, 1896 і 1913 гг. Даследванне дасведчанага гісторыка Андрэя Кіштымава выканана на базе шырокага кола архіўных крыніц з беларускіх і замежных архіваў. Большасць крыніц упершыню ўводзіцца ў навуковы зварот. Манаграфія будзе карыснай не толькі прафесійным гісторыкам, але і выкладчыкам, студэнтам, дызайнерам, іншым спецыялістам, якія працуюць на развіццё выставачнага бізнеса.
Кнігу Андрэя Кіштымава «Светлыя памкненні артэфактаў: Беларусь на выстаўках XIX — XX стст.» можна набыць у мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, дом 72. Несумненна, выданне з’яўляецца важкай падзеяй у беларускай гістарычнай навуцы. Кніга паспрыяе, будзем спадзявацца на гэта, што тэма атрымае пашырэнне ў працах іншых навукоўцаў, краязнаўцаў. Дапаможа і пісьменнікам і журналістам болей дэталёва зазірнуць у гісторыю нядаўняй мінуўшчыны. Прыемна, што ў Год гістарычнай памяці да чытача прыходзяць такія сур’ёзныя выданні.
Сяргей ШЫЧКО
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystavachnaya-dzeynasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/akademkniga-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-navuka-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kishtymau-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/syargey-vicyaz