Спецыялісты адзначаюць, што гэтымі днямі парывы ветру будуць дасягаць 30 метраў за секунду.
Здавалася б, мінулы перыяд лютага парадаваў жыхароў нашай краіны цёплым і ў цэлым спакойным надвор’ем. Тэмпературны фон за гэтыя дні ў цэлым апынуўся на 3–5 градусаў вышэй за кліматычную норму. Але ўжо ў бліжэйшыя дні будзе парушаць спакой актыўная Атлантыка. Паўночнаатлантычныя цыклоны, ссоўваючыся адзін за адным праз раёны Балтыкі, будуць узмацняць градыенты атмасфернага ціску, што ў сваю чаргу прывядзе да ўзмацнення ветру па тэрыторыі нашай краіны да моцнага парывістага, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Месцамі, а па захадзе ў многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–18 м/с. Максімальная тэмпература паветра складзе ад плюс 2 градусаў да 8 цяпла.
Найбольш складаная сітуацыя чакаецца ў суботу, калі прагназуецца зрушэнне вельмі актыўнага і хуткага цыклону з Даніі на тэрыторыю Латвіі, што выкліча на большай частцы тэрыторыі краіны ўзмацненне ветру парывамі да 15–24 м/с, а ў паўднёва-заходніх раёнах месцамі і да 25–28 м/с. Моцны парывісты вецер захаваецца і ўначы і раніцай у нядзелю, 20 лютага. Пры гэтым моцны парывісты вецер будзе суправаджацца выпадзенне ападкаў у выглядзе мокрага снегу і дажджу.
У суботу ўначы і раніцай месцамі чакаецца слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. У многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру ўначы парывамі да 15–20 м/с, раніцай і ўдзень — да 17–24 м/с, у паўднёва-заходніх раёнах месцамі — да 25–28 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да 3 цяпла. Удзень будзе 2–7 градусаў вышэй за нуль, па поўдні — да 9 цяпла.
У нядзелю на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Уначы і раніцай у многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–22 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да плюс 3 градусаў, удзень — ад нуля да 7 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у першыя дні наступнага тыдня захаваецца цёплае, але з ападкамі ў выглядзе мокрага снегу з дажджом, надвор’е. У панядзелак часам пройдуць ападкі (мокры снег, дождж). Уначы і раніцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да плюс 3 градусаў. Удзень будзе ад нуля да плюс 6 градусаў, па поўдні — да 8 цяпла.
У аўторак таксама часам пройдуць мокры снег і дождж. Месцамі чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 градусаў да плюс 3, удзень па поўдні — 5 цяпла.
Сяргей КУРКЧАЧ
Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-palyuhovich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/sinoptyki
[6] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody