Выхад газеты, закліканай асвятляць арганічнае існаванне літаратурнага і мастацкага жыцця, быў заканамернай гістарычнай з’явай. Ад самага пачатку «ЛіМ» крочыў у адпаведнасці з зададзеным грамадскім рытмам рэспублікі і ўсёй краіны. Апошні нумар перад Вялікай Айчыннай — ад 21 чэрвеня 1941 года — быў прысвечаны гастролям ММАТ у Мінску. Тады апусцілася заслона пэўнага гістарычнага перыяду. Мы ж звернемся да часу, калі жыццё перыядычнага выдання новага фармату толькі пачыналася.
Беспрэцэдэнтны ў нацыянальнай выдавецкай практыцы штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» выходзіў пад эгідай Федэрацыі аб’яднанняў савецкіх пісьменнікаў і Галоўмастацтва БССР у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі. Сваё тыражна-папяровае ўвасабленне «ЛіМ» атрымліваў у мінскай друкарні імя Сталіна.
У першым нумары ад 26 лютага 1932 г. было апублікавана віншаванне ЦК КП(б)Б за подпісам сакратара — Васіля Шаранговіча. У тэксце выказвалася ўпэўненасць, што «газета будзе сапраўдным баявым органам у змаганні за генеральную лінію партыі, за ленінскую нацыянальную палітыку, за гегемонію пралетарскай літаратуры БССР, у змаганні за бальшавіцкую партыйнасць пралетарскага мастацтва, за стварэнне літаратуры і мастацтва — пралетарскага зместам і нацыянальнага формай».
Баявітасць новага выдання падмацоўвалася візуальна. На першай старонцы пададзена выява ў поўны рост будзёнаўца з вінтоўкай і прымкнутым да яе штыком — заўсёды напагатове. Малады чырвонаармеец зняты на фоне завадскіх карпусоў — яднанне арміі і вытворчасці.
Віншаванні калег па пяры падаспелі ў трэці нумар: 18 сакавіка «ЛіМ» віталі пісьменнікі Савецкай Грузіі і супрацоўнікі «Литературной газеты». У гэтым выпуску выданне канчаткова вызначылася з лаканічным рэкламным тэкстам: «Дэкадная газета. Прапагандыст і арганізатар фронту літаратуры, тэатра, музыкі, кіно, вобразнага і самадзейнага мастацтва БССР».
Пачынаючы ад дэбютнага нумара, афармленне газетных старонак і кампанаванне матэрыялаў на іх набылі свой устойлівы характар. Наверсе кожнай паласы буйным шрыфтам публікаваўся лозунг-заклік, які вызначаў тэматыку артыкулаў. Так, на перадавіцы першага выпуску ў вочы адразу кідаецца сказ «Усе сілы на абарону краіны саветаў супроць пагрозы новай імперыялістычнай вайны», пад якім змешчаны «Адкрыты ліст Рамэну Ралану, Бернарду Шоу, Стэфану Цвейгу», падпісаны групай рускіх пісьменнікаў.
У адпаведнасці з заклікамі, вызначаліся тэматычныя блокі далейшых старонак: «За ваяўнічую партыйнасць у пралетарскай літаратуры», «Тэатральнае мастацтва павінна стаць сапраўднай зброяй змагання за генеральную лінію партыі», «Шырэй разгарнуць творчыя плыні ў пралетарскай літаратуры».
Адной з асаблівасцей рэдакцыйнай палітыкі была цесная сувязь паміж словам і справай. Дэклараванае або абвешчанае аператыўна ажыццяўлялася і адлюстроўвалася ў «ЛіМе». Калі на апошняй старонцы першага нумара публікавалася абвестка аб тым, што тыднёвік разам з БелАПП 28 лютага склікае нараду працаўнікоў літаратуры і мастацтва па пытаннях удзелу ў падрыхтоўцы да сяўбы, то ўжо наступны нумар ад 6 сакавіка 1932 года выйшаў пад лозунгам «Трэцяя бальшавіцкая вясна патрабуе творчага і практычнага ўдзелу літаратуры і з мастацтва» і з вызначанай генеральнай задачай: «Даць творы высокай мастацкай вартасці пра бальшавіцкую вясну».
Адказным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» быў прызначаны Хацкель Дунец (1897, Слонім — 1937, Мінск). У склад рэдкалегіі ўвайшлі А. Александровіч, В. Вольскі, І. Гурскі, Х. Дунец, М. Лынькоў, С. Нортман, М. Рафальскі, А. Рымашэўскі, І. Харык, К. Чорны.
Праца ў «ЛіМе» была не адзінай у паслужным спісе Х. Дунца. Адна з найбольш высокіх пасад гэтага часу — намеснік наркама асветы БССР. Штогод выходзяць яго кнігі: «За Магнітабуды літаратуры» (1932), «Пра пісьменнікаў і творы» (1933), «На літаратурныя тэмы» (1934). А паколькі ўсе яны на яўрэйскай мове (ідыш), менавіта лімаўскія публікацыі даюць сучаснаму чытачу асноўную інфармацыю і пра закранутыя праблемы, і пра адметнасці аўтарскага стылю: «На шляхох бальшавіцкага мастацтва», «Пра творчасць М. Кульбака», «Трэба змяніць стрыжань! (Нататкі пра творчасць Б. Мікуліча)», «Пра дасягненні яўрэйскай савецкай літаратуры» і інш.
Некаторыя матэрыялы да жыцця і творчасці першага рэдактара «ЛіМа» захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. У асабовым фондзе Міколы Хведаровіча аўтарам гэтых радкоў быў выяўлены фотаздымак 1928 года, на якім Хацкель Дунец зняты ў кампаніі калег па пяры. Адзіная, вядомая да гэтага часу, бляклая выява аўтара, асабліва запатрабаванага ў 1930-х, змешчана ў біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (1993, т. 2), сёння даступна ў сеціве.
Некаторыя з зафіксаваных аўтараў пастаянна знаходзіліся ў гушчыні літаратурнага жыцця ХХ стагоддзя (Міхась Лынькоў), частка была з яго гвалтоўна выкінута (Платон Галавач, Андрэй Александровіч), пра некаторых амаль забыліся (Бэр Аршанскі, Хацкель Дунец) або пастараліся забыцца (Лукаш Бэндэ), кагосьці яшчэ чакае ідэнтыфікацыйная і архіўна-росшукавая праца (Маслінскі).
У першай палове 1932 года «ЛіМ» стаяў на ідэйнатворчай платформе Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), якая мела рускую, літоўскую, польскую і яўрэйскую секцыі, паслядоўна асвятляла іх дзейнасць.
Лозунг выдання ад 11 красавіка «Сёння — слова яўрэйскай пралетарскай літаратуры БССР» падмацоўваўся аглядным артыкулам Я. Бранштэйна, Х. Дунца, І. Харыка. У якасці наглядных вынікаў творчай практыкі прадстаўлены ўрывак з паэмы Ізі Харыка «Менскія балоты» ў перакладзе на беларускую мову Ізраіля Плаўніка, а таксама ўступ да кнігі вершаў Зэліка Аксельрода (перастварэнне Юлі Таўбіна).
У творчую майстэрню дапамагае зазірнуць артыкул «Над чым працуюць яўрэйскія пісьменнікі». Сапраўдны беларускі рэнесанс аднаго з названых аўтараў — Майсея (Мойшэ) Кульбака — адбыўся ў 2010-х гадах, калі ў перакладзе з ідыш былі апублікаваны два яго раманы, паэтычны зборнік, а таксама некаторыя ўзоры малой прозы. Пра яго чытаем у «ЛіМе»: «М. Кульбак працуе над паэмай з замежнага жыцця пад назвай „Чайльд Гарольд з Дысны“ і піша другую частку рамана „Зэльменянцы“».
Мойшэ Кульбак, як сведчыць нумар газеты ад 24 кастрычніка 1932 года, быў хлопцам з характарам. У рубрыцы «Ліст у рэдакцыю» апублікаваны наступны тэкст:
«Паважаны тав. рэдактар!
Артыкул тав. Дунца аб маёй творчасці я чытаў у яўрэйскім арыгінале. Мяне здзіўляе, што ў гэтым самым артыкуле, змешчаным у апошнім нумары „Літаратуры і мастацтва“, выпала тая частка артыкула, якая падкрэслівае дадатныя моманты маёй апошняй кнігі „Зэльменянцы“. Было б неабходным высветліць, чым тлумачыцца такі кантэкст перакладу артыкула.
З пашанай М. Кульбак».
Рэдакцыя вымушана была перапрашацца. Адказ «ЛіМа»: «Артыкул Дунца пра творчасць М. Кульбака быў перакладзены ў час адсутнічання аўтара. Некаторыя скарачэнні былі патрэбны, але скарачэнне менавіта гэтай часткі, пра якую піша т. Кульбак, з’яўляецца недаглядам рэдакцыі.
Апушчаны раздзел артыкула менавіта падкрэслівае вялікія дасягненні Кульбака ў яго апошняй кнізе ў сэнсе безумоўнага набліжэння да правільнага ўспрымання працэсаў сацыялістычнага будаўніцтва».
За гучнымі лозунгамі і дырэктывамі не забываў «ЛіМ» і працу штодзённую і скіраваную на далейшую перспектыву. Яшчэ ў першым гучна пададзеным нумары на апошняй старонцы сціпла расмясціўся артыкул А. Некрашэвіча «За першую савецкую энцыклапедыю. Да пастаноўкі пытання».
Цікава прасочваецца творчая лабараторыя напісання гісторыі беларускай літаратуры: «У гэту работу ўцягнуты навуковыя работнікі, а таксама літаратурныя сілы па-за межамі інстытута. За апошні месяц заслуханы і абмяркованы даклады пра творчасць Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Якуба Коласа і Петруся Броўкі». У гэтым жа допісе паведамлялася: «Падрыхтаваны да друку зборнік дакумантаў літаратурнага руху на Беларусі і рыхтуецца біяграфічна-бібліяграфічны слоўнік беларускіх пісьменнікаў» («ЛіМ»; 1932, 5 жніўня).
У нумары штотыднёвіка ад 15 снежня пад лозунгам «Узмацнім барацьбу за марксісцка-ленінскае мастацтвазнаўства» рэпрэзентавалася работа Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Апублікаваны артыкулы «Заходнееўрапейская літаратура ў інстытуце» (А. Барычэўскі), «Узмацнім сувязі з масавым настаўніцтвам і школай!» (І. Замоцін), «Пра арганізацыю літаратурнага музея» (В. Мачульскі), «За далейшае разгортванне навукова-даследчай і масавай работы» (М. Піятуховіч), «Праблемы тэатральнай крытыкі» (М. Модэль).
Завяршаецца падборка тэкстаў артыкулам Віталя Вольскага, дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва, — «Вынікі і задачы работы Інстытута ЛІМ». Гэта не адзіная публікацыя, дзе абрэвіятуры акадэмічнага падраздзялення і штотыднёвіка супадаюць. А для аўтара гэтых радкоў ёсць нагода звярнуцца да аднаго архіўнага дакумента і развянчаць адзін з міфаў.
Раней даводзілася чытаць, што акадэмік Іван Замоцін да 3-годдзя перыядычнага выдання прысвяціў яму свой верш. Знаёмства з арыгіналам рукапісу пераканала, што гаворка ідзе не пра штотыднёвік, а Інстытут літаратуры і мастацтва.
Аўтар у ліра-эпічнай форме перадаў надзённыя клопаты калег, названы нават некаторыя прозвішчы: Ляпіч, Галубок, Фіглоўская. Твор «***Наш Лім работает примерно», датаваны 5–6 лістапада 1935 года, напісаны на рускай мове з уключэннем у тэкст асобных беларускіх слоў — дасціпна і з іроніяй.
Так ці інакш, праз многія дзесяцігоддзі шаноўныя юбілеі акадэмічнай навукі Беларусі і штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» сыходзяцца ў агульных клопатах аб вяртанні імёнаў, твораў, праўдзівым апісанні гісторыка-літаратурнага і выдавецкага працэсаў 1930-х гадоў.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-trus
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/lim-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/litaratura