Летась Беларусь стала ядзернай дзяржавай, атрымаўшы ліцэнзію (2 чэрвеня 2021-га) на эксплуатацыю першага энергаблока. Гэтаму папярэднічаў доўгі шлях фарміравання інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў краіне. Цяпер жа спецыялісты знаходзяцца на этапе распрацоўкі закона аб рэгуляванні бяспекі на аб'ектах выкарыстання атамнай энергіі (дакумент павінен трапіць на разгляд у парламент у красавіку). Асобная глава закона — сістэма тэхнічнай падтрымкі як арганізма забеспячэння навуковага суправаджэння рэгулюючай дзейнасці (будзе больш дакладна вызначаны парадак функцыянавання гэтай сістэмы). Мяркуецца таксама заканадаўча замацаваць экспертную суполку ці пул экспертаў, якія атрымалі допускі на выкананне розных работ па ацэнцы і экспертызе бяспекі. А яшчэ — стварыць камісію па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы. Што робіцца ў краіне для навуковага забеспячэння радыяцыйнай бяспекі, расказалі эксперты галіны.
Сёння ў Беларусі існуе цэласная сістэма, якая ўключае ў сябе 17 арганізацый інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў краіне. Гэта навукова-даследчыя ўстановы, а таксама ўстановы адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў, адказных за навукова-тэхнічныя экспертныя падыходы да вырашэння разнастайных задач, што ўзнікаюць у працэсе рэгулявання ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Акрамя таго, створана каардынуючая арганізацыя — Цэнтр ядзернай і радыяцыйнай бяспекі пры МНС. Яна яшчэ фарміруецца, аднак ужо ўцягнута ў падрыхтоўку розных тэхнічных і экспертных рашэнняў, паведаміла Вольга Лугаўская, начальнік Дзяржатамнагляду:
— Гаворка не толькі пра ўзвядзенне атамнай станцыі, але і стварэнне інструментаў, механізмаў, нарматыўна-прававых структур, матрыц, якія дазваляюць гарантаваць, што ўсе ўдзельнікі працэсу працуюць належным чынам і бяспечна. Асновы такіх патрабаванняў закладзены ў рэкамендацыях і патрабаваннях МАГАТЭ.
Асноўныя элементы інфраструктуры — найперш рэгулюючыя патрабаванні. Гэта сістэма нарматыўна-прававой базы, арганізацыя ліцэнзійнага працэсу, стварэнне сістэмы нагляду, інспекцыйная дзейнасць, удзел у сістэме аварыйнага рэагавання і аварыйнай гатоўнасці, правядзенне ацэнак і экспертыз бяспекі, выкананне міжнародных абавязкаў, інфармаванне ўсіх зацікаўленых аб стане ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Усе рашэнні, якія прымаюцца ў гэтай сферы, павінны быць навукова абгрунтаванымі і выпрацоўвацца экспертнай суполкай, каб на справе станавіцца аптымальнымі і правільнымі, падкрэсліла начальнік Дзяржатамнагляду:
— На ўсіх этапах рэалізацыі ядзернай праграмы мы абапіраліся на кампетэнцыі спецыялістаў сістэмы тэхпадтрымкі, якая таксама значна эвалюцыянавала. Напачатку цэнтральнай арганізацыяй, якая забяспечвала навукова-тэхнічнае суправаджэнне стварэння БелАЭС, быў інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў Сосны. А паколькі атамная сфера патрабуе высокага ўзроўню кампетэнцый у розных напрамках, паступова фарміраваліся і аб'ядноўваліся ўсе навуковыя і экспертныя рэсурсы для прыняцця пэўных рашэнняў адносна розных аспектаў рэалізацыі ядзернай праграмы.
Ва ўсіх працэсах у сферы забеспячэння навуковага суправаджэння падчас стварэння БелАЭС (ад першага этапу размяшчэння станцыі і яе стварэння да атрымання ліцэнзіі на эксплуатацыю) удзельнічалі спецыялісты Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны НАН Беларусі, падкрэсліў яго генеральны дырэктар Андрэй Кузьмін. Навукоўцы цесна супрацоўнічаюць з Дэпартаментам па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, прычым не толькі па праекце атамнай станцыі, але і па ядзерных устаноўках і радыяцыйных аб'ектах, якія эксплуатуе інстытут.
— У нас сфарміраваны дастатковы пул экспертаў, якія маюць вялікі вопыт правядзення экспертыз бяспекі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі. Усе спецыялісты прайшлі неабходнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі, маюць вялікі вопыт навуковай работы, цесна ўзаемадзейнічаюць з экспертамі з іншых дзяржаў, найперш Расіі. У прыватнасці, з арганізацыяй тэхнічнай падтрымкі «Растэхнагляд» — навукова-тэхнічным цэнтрам па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы, — расказаў Андрэй Кузьмін. — У нас паспяхова завершаны экспертызы на этапах размяшчэння, стварэння і ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока. Цяпер выконваецца экспертыза дакументаў, якія абгрунтоўваюць ядзерную і радыяцыйную бяспеку другога блока.
Наперадзе вялікая работа па навуковым суправаджэнні бяспечнай эксплуатацыі першага і другога энергаблокаў БелАЭС, вырашэнні пытанняў, якія датычацца абарачэння з адпрацаваным ядзерным палівам, радыеактыўнымі адходамі і шэрагу іншых напрамкаў.
Сумесна з расійскім бокам айчынныя навукоўцы працуюць над ідэяй стварэння даследчага ядзернага рэактара і Цэнтра ядзерных навук і тэхналогій на яго базе, нагадаў дырэктар інстытута:
— Каб вы разумелі, гэта не толькі сам рэактар, але яшчэ і пэўныя вытворчыя, навуковыя комплексы, якія спажываюць нейтроны, што вырабляюцца на гэтым даследчым рэактары. Цяпер прапрацоўваецца міжурадавае пагадненне па гэтым пытанні. Работа вядзецца планава ва ўстаноўленым парадку, усе этапы адбываюцца згодна з заканадаўствам.
Ліцэнзію на экспертызу бяспекі крыніц радыяцыйнай бяспекі мае Інстытут ядзерных праблем БДУ, які быў створаны ў 1986 годзе. І хаця супадзенне яго з'яўлення з Чарнобыльскай катастрофай выпадковае, з першых гадоў установа была ўцягнута ў праграмы па пераадоленні наступстваў здарэння ў частцы распрацоўкі ядзерна-фізічнага, дэзаметрычнага і спектраметрычнага абсталявання. Большая частка спецыялістаў тут — выпускнікі кафедры ядзернай фізікі, расказаў Аляксандр ЛАБКО, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута ядзерных праблем БДУ.
— Хаця ўсіх цікавіць ядзерная бяспека, звязаная з атамнай станцыяй і іншымі ядзернымі аб'ектамі, аднак мы штодня сустракаемся і з іншымі крыніцамі радыяцыйнай небяспекі, накшталт рэнтгенапаратуры і парталаў догляду ў аэрапортах ды метро. Уся гэтая апаратура таксама патрабуе экспертызы і знаходзіцца пад кантролем Дзяржатамнагляду. Усе крыніцы ўлічаны і ліцэнзуюцца Дзяржатамнаглядам.
Інстытут забяспечыў Дзяржатамнагляд арыгінальнай распрацоўкай інфармацыйнай сістэмы, дзе сканцэнтраваны ўлік і кантроль баз даных па ліцэнзіі. Дзякуючы ёй можна даведацца, калі мяжу перасякаюць розныя падкантрольныя радыяцыйныя крыніцы. У планах развіваць сістэму надалей, а таксама стварыць сістэму менеджменту (або ўпраўлення) ядзернымі ведамі.
— Гэта важна, бо, па-першае, веды да распаўсюджвання, па-другое, яны (з-за Чарнобыльскай катастрофы) па большай частцы сканцэнтраваныя ў Беларусі: радыёбіялогія, міграцыя нуклідаў, вопыт па распрацоўцы разнастайнай апаратуры. У нас ёсць што прапанаваць спецыялістам іншых краін, якія займаюцца іанізуючымі выпраменьваннямі і ядзернымі праграмамі, — акрэсліў навуковец. — Стварыць гэта мы мяркуем на базе існуючага партала ўстановы адукацыі па ядзерных ведах — belnet.bsu.by. І праз пару гадоў гэта будзе выглядаць даволі важка, паколькі тэхнічны касцяк у нас ёсць. Важна сабраць веды і напоўніць партал, таму ўсе, хто мае інфармацыю, што стане карыснай для сістэмы ядзерных ведаў, могуць таксама размясціць яе на сайце. Летась, дарэчы, партал наведала каля 150 тысяч карыстальнікаў.
Рыхтуюць і вучаць будучых атамшчыкаў-ядзершчыкаў згодна з дзяржаўнай праграмай падрыхтоўкі кадраў, у якую ўцягнуты БДУ, БНТУ, БДУІР, некаторыя каледжы. Інстытут ядзерных праблем мае дачыненне да фізфака БДУ, дзе навучаюць фізікаў па спецыяльнасцях «Ядзерная фізіка і ядзерныя тэхналогіі» і «Радыяцыйнае матэрыялазнаўства», дадаў Аляксандр Лабко:
— Гэтыя студэнты рыхтуюцца па пашыранай праграме 5,5 года. Туды падбіраюцца добрыя студэнты, якія атрымліваюць сапраўды добрую падрыхтоўку і паказваюць добрыя веды ў дыпломных работах. А нашы кваліфікаваныя супрацоўнікі чытаюць спецкурсы па падрыхтоўцы персаналу для станцыі і ядзерных даследчых устаноў. У партнёрскіх ВНУ Расіі нашы студэнты праходзяць нейкія курсы, якія або яшчэ недастаткова распрацаваны ў нас, або няма трэнажораў, што ёсць ва ўніверсітэтах з вялікім вопытам падрыхтоўкі кадраў.
Спецыяліст падкрэсліў, што ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў добры і непакоіцца наконт слабай падрыхтаванасці будучых супрацоўнікаў БелАЭС не варта.
Энергаблок № 1 Беларускай атамнай электрастанцыі з моманту ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму краіны выпрацаваў 7,6 млрд кВт/гадз электраэнергіі, паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, перадае БелТА.
У мінулым годзе, 10 чэрвеня, быў падпісаны акт уводу першага энергаблока БелАЭС у прамысловую эксплуатацыю. Цяпер ён працуе на намінальнай магутнасці. З моманту яго ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года) выпрацавана 7,6 млрд кВт/гадз электраэнергіі. Гэта дало магчымасць забяспечыць замяшчэнне каля 2 млрд куб.м прыроднага газу»
Таксама, як сказаў міністр, ў сакавіку на разгляд у Савет Міністраў будзе ўнесены праект указа аб стварэнні нацыянальнага аператара па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі.
Цяпер рыхтуецца праект указа Прэзідэнта аб стварэнні такога нацыянальнага аператара. «Дакумент знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Ён практычна прайшоў узгадненне з усімі зацікаўленымі органамі дзяржкіравання. У сакавіку праект указа будзе ўнесены на разгляд ва ўрад», — сказаў Віктар Каранкевіч.
Новая арганізацыя выступіць заказчыкам праектных і пошукавых работ, у тым ліку па аналізе і ацэнцы існуючых на рынку тэхналогій захоўвання і кандыцыянавання радыеактыўных адходаў. Гэтыя работы будуць арганізаваны з удзелам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Нацыянальнай акадэміі навук.
Будзе праведзена комплексная ацэнка магчымых пляцовак для будаўніцтва сховішча радыеактыўных адходаў. Прадугледжваецца, што праект будзе рэалізаваны ў некалькі этапаў. Першую чаргу сховішча плануецца ўвесці ў строй да 2030 года. Паводле слоў міністра, тут будуць захоўвацца радыеактыўныя адходы БелАЭС, прамысловага комплексу, аховы здароўя.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/yadzernaya-byaspeka
[4] https://zviazda.by/be/tags/nan-belarusi