На сумесным пасяджэнні аблвыканкама дэпутаты заслухалі інфармацыю аб тым, як спрацаваў рэгіён летась, вызначылі задачы на сёлетні год. Было адзначана, што эканоміка Гродзенскай вобласці паказала ў 2021 годзе ўстойлівы рост. Унутраны рэгіянальны прадукт вырас больш чым на 5 %, на 16 % удалося павялічыць даходы кансалідаванага бюджэту рэгіёна. Гэта дазволіла выканаць не толькі ўсе сацыяльныя абавязацельствы, але і павялічыць фінансаванне інвестыцыйнай праграмы, у тым ліку аб'ектаў сацыяльнай сферы.
Бюджэт, па словах старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка, выкананы з прафіцытам. Даходы выраслі больш чым на 16 %, што дазволіла сфарміраваць даволі трывалую падушку бяспекі і пазбегнуць рызыкі і цяжкасці з фінансаваннем тых аб'ектаў, якія цяпер рэалізоўваюцца ў рэгіёне.
Што датычыць драйвераў эканомікі, найбольшы рост паказала прамысловасць. А вось у сельскай гаспадарцы назіраецца невялікае зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці. У прыватнасці, мінусуе раслінная галіна, дзе з-за кліматычных умоў адбыўся недабор зерня. Між тым паказчыкі ў сельскай гаспадарцы ўжо цяпер выходзяць на заўважную траекторыю росту, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
— Каб захаваць станоўчую дынаміку на сёлетні 2022 год і забяспечыць далейшы рост эканомікі рэгіёна, важна разгледзець аб'ектыўныя і суб'ектыўныя праблемы раёнаў, — зазначыў Уладзімір Каранік. — Гэта дазволіць ажыццявіць запуск новага інвестыцыйнага цыкла для фінансавання сацыяльных інфраструктурных праектаў. Менавіта сацыяльным аб'ектам удзяляецца асаблівая ўвага. У прыватнасці, павялічылася фінансаванне медыцынскіх устаноў.
Як вядома, толькі рост эканомікі можа генерыраваць існуючы рост даходаў насельніцтва. За мінулы год рост намінальнай заработнай платы склаў амаль
115 %, што, у сваю чаргу, дазволіла павялічыць бюджэт за кошт падаходнага падатку.
Значны прыбытак атрыманы ад экспартнай дзейнасці. Увогуле, гэты кірунак у рэгіёне нават назвалі «знешнегандлёвым цудам». Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Віталя Няверы, экспартныя пастаўкі, нягледзячы на санкцыі і абмежаванні, ставяць рэкорды. Так, за мінулы год упершыню аб'ём знешняга гандлю пераваліў за 5 мільёнаў долараў ЗША. Аб'ём экспарту вырас у вобласці больш чым утрая. Упершыню за апошнія тры гады на станоўчую траекторыю выйшаў экспарт паслуг.
Дарэчы, на экспарт пачынае арыентавацца ў большай ступені і комплекс АПК. І хаця аграрны сезон летась быў не самы ўдалы за апошнія гады, менавіта канкурэнтная прадукцыя прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу дазволіла прынесці значны прыбытак сельскагаспадарчай галіне. Заданне па экспарце перавыканана на 25 %. У далейшым стаіць задача захаваць станоўчую дынаміку развіцця як жывёлагадоўлі, так і раслінаводства. Толькі такім чынам атрымаецца забяспечыць харчовую бяспеку краіны. У ходзе пасяджэння была звернута ўвага на выканаўчую дысцыпліну кадраў у сферы АПК. Адзначалася, што без гэтага нельга дасягнуць высокіх вынікаў.
У ходзе пасяджэння быў дадзены аналіз сённяшняй эпідсітуцыі рэгіёна. Як зазначыў Уладзімір Каранік, трэці тыдзень назіраецца ўстойлівае зніжэнне па захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі як дарослых, так і дзяцей. Пік захваральнасці ў Гродзенскай вобласці пройдзены. Назіраецца значнае зніжэнне прыёмаў у паліклініках, якія падчас пад'ёму эпідсітуацыі працавалі і ў выхадныя дні.
Між тым па-ранейшаму вядзецца вакцынацыя насельніцтва, у тым ліку і падлеткаў. Можна казаць аб тым, што праслойка сярод дзяцей, якія маюць імунітэт супраць каранавіруса, ужо сфарміравана. Зараз медыцынская служба скіравана на тое, каб больш пільна назіраць за магчымымі познімі ўскладненнямі пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Гэтаму будзе аддавацца асаблівая ўвага падчас планавых медыцынскіх аглядаў і дыспансерызацыі. Разам з тым не губляе актуальнасці і вакцынацыя, якая дазволіць набыць так званы гібрыдны імунітэт.
Увогуле, медыцынскай галіне надавалася і будзе надавацца першаснае значэнне. Расходы на медыцыну склалі 711 мільёнаў рублёў. З іх 660 мільёнаў затрачана на першасныя патрэбы, у тым ліку аплату працы медыкам, лекавыя сродкі. Разам з тым, у рэгіёне ўдалося павялічыць экспарт медыцынскіх паслуг.
Не зніжае сваіх пазіцый і будаўнічая сфера. Летась удалося ўвесці ў строй 430 тысяч квадратных метраў жылля, што на 10 тысяч больш чым запланавана. Не губляе актуальнасці развіццё мікрараёнаў індывідуальнай забудовы. І такі напрамак зараз даволі папулярны ў гродзенцаў, хоць і мае пэўныя праблемныя моманты. У прыватнасці, дарожнае пакрыццё. Каб пакласці верхні слой асфальту, неабходны праект з усімі атрыбутамі — тратуарамі, водаадзяленнем, асвятленнем... А гэта вельмі затратны і доўгі працэс. Таму старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік выйшаў з прапановай накіраваць на гэтыя мэты сродкі фонду грамадзянскіх ініцыятыў і прыцягнуць да работы саміх жыхароў мікрараёнаў. Яны будуць фінансаваць толькі тую частку работ, якая датычыць дарожнага пакрыцця. Напрыклад, змогуць падрыхтаваць дарогу пад асфальт. Такі пілотны праект можа стаць прыкладам для ўсёй краіны і дазволіць хутчэй вырашыць праблемы дарог у раёнах індывідуальнай забудовы, упэўнены кіраўнік рэгіёна.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/unutrany-regiyanalny-pradukt
[6] https://zviazda.by/be/tags/byudzhet