Як пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў з выгадай для сябе — гэтае пытанне перыядычна ўзнікае ў многіх. На дапамогу прыходзяць рэдкія камісійныя крамы, сябры-знаёмыя, стары дзедаўскі спосаб — аб'ява ў газеце і сучасны — продаж праз інтэрнэт-пляцоўкі.
У савецкі час камісійныя крамы былі не самым простым пунктам збыту паношаных рэчаў. Сюды здавалі адзенне, аксесуары тыя нямногія, хто выязджаў за мяжу і мог нешта прывезці. Тут жа сярод камітэнтаў былі тыя, хто меў сувязі ў крамах і мог купляць імпартныя тавары, пры гэтым хацеў часта мяняць уборы. Схема простая: выручыў грошы за ношанае — купіў новае. Калі адзенне перастала быць дэфіцытам, паціху сталі знікаць і камісійныя крамы.
У Мінску самая знакамітая камісіёнка знаходзіцца на Партызанскім праспекце. Пакуль ішла ад метро да крамы, сустрэлася з жанчынай, якая гучна размаўляла па тэлефоне: «Купіла свайму старому дублёнку. У маладосці не пафарсіў, дык няхай зараз паходзіць!»
А ў краму можна было зайсці, абмінуўшы чаргу з некалькіх пажылых дам і адной маладой мамы, якія выстраілася, каб здаць рэчы на ??камісію. Падобна, гэта сталы кантынгент, таму што таваразнаўца размаўляла з імі прыязна, неяк па-свойску.
Колькі тут усяго! Багатыя вітрыны з посудам. Відавочна, нямала неўжыванага, і цэны проста фантастычныя, у сэнсе смешныя. Ну, нідзе больш не ўбачыш кававых кубкаў па 30 капеек. Як заўзятая каваманка, ледзь не купіла: маўляў, на лецішчы якраз з такім малюнкам ёсць посуд. Самавітыя талеркі з пазалочаным абадком, просценькія рондалі — усё ёсць. Яшчэ адна вітрына здзівіла рарытэтнымі электравілкамі і разеткамі, іншым дробным гаспадарчым інвентаром.
Іду да кранштэйнаў з адзеннем. Пасля ўцэнкі, якая па дамове праводзіцца праз 20 дзён, але на практыцы, па словах таваразнаўцы, можа адбыцца і праз месяц, мужчынская дублёнка каштуе 49 рублёў. Столькі ж — ношаны кажушок з пясца. Значыць, пачатковая цана гэтых рэчаў быў 60 рублёў. А вось футра з нутрыі некалі моднага фасону, відаць, правісела ў шафе гадоў дваццаць: слядоў, што яго надзявалі, не заўважыла. І каштуе яно, зноў жа, пасля ўцэнкі, 180 рублёў. Яшчэ адно футра выглядае вельмі дыхтоўна і каштуе ў два раз танней. Шмат абутку і ўсякіх кашуль, джэмпераў, пінжакоў, спадніц, а кошты — ад 10 рублёў...
Мэбля таксама ў продажы ёсць. Кухонныя шафікі ад 68 рублёў. На выгляд увогуле новыя. Відаць, што былі ва ўжыванні, але ў прыстойным стане канапы — па 240—350 рублёў.
Ці выгадна здаваць сюды рэчы? Давайце палічым. Па правілах, 45 % ад кошту продажу тавараў усіх груп (акрамя мэблі — 40 %) складае камісійны збор крамы. Такім чынам, калі дублёнку прададуць за 49 рублёў, то камітэнт (той, хто яе здаў) атрымае 27 рублёў. А за шэсць згаданых кававых кубкаў — 1 рубель.
Ці выгадна прадаваць мэблю? Мяркуйце самі. Разабраць, вынесці, пагрузіць, даставіць, выгрузіць, сабраць каштуе грошай. Тэлефаную па аб'явах пад выглядам патэнцыйнага кліента і высвятляю, што «калі ў вас не сценка з пяці секцый, то такая паслуга абыдзецца ад 80 да 100 рублёў». Канапу, мы памятаем, ацанілі ў 240 рублёў. З іх крама забярэ 40 % камісійных, значыць, на рукі застанецца 145 рублёў, мінус зборка-дастаўка, няхай 80 рублёў. Выніковы даход — 65 рублёў.
Варта адзначыць, што здадзеныя ў краму рэчы ўцэньваюцца некалькі разоў, да «цаны магчымай рэалізацыі». Калі і тады іх не купяць, то крама мае права ўтылізаваць тавар. А вось калі камітэнт захоча яго забраць з крамы, то давядзецца заплаціць 5 % ад першапачатковай цаны за поўны ці няпоўны месяц захоўвання. Так што можна не толькі не зарабіць, але яшчэ і патраціцца. Тым не менш крама не пустуе: адны здаюць тавар, а іншыя яго купляюць.
Не прымаюць у камісіёнку:
Мая суседка па лецішчы, калі мела 70 гадоў, вырашыла распарадзіцца сваімі ювелірнымі ўпрыгажэннямі. «Першай запрасіла дачку, яна выбрала завушніцы са смарагдамі і брыльянтамі, — распавяла Раіса Іванаўна. — Наступнай да шкатулкі з упрыгажэннямі была дапушчана ўнучка. Вось ужо здзівіла! Выбрала залаты гадзіннічак, маўляў, буду не як усе і зручна. А яшчэ ёй спадабаліся бурштынавыя каралі. Нявестка заўсёды была неабыякавая да жэмчугу, і яе выбар быў адпаведны. Адразу пасля смерці мужа аддала сыну залатыя і сярэбраныя запінкі. Ён імі і зараз карыстаецца, а вось пакаленне ўнука такімі аксесуарамі не цікавіцца».
Сабе Раіса Іванаўна пакінула ланцужок з кулонам і завушніцы — падарунак мужа да 35-годдзя. Усё астатняе: некалькі масіўных пярсцёнкаў, такія ж завушніцы — жанчына аднесла ў «Антыквар». Звычайныя савецкія ўпрыгожванні распрадаліся прыкладна за паўгода... Учынак Раісы Іванаўны бурна абмяркоўваўся сярод знаёмых дачнікаў. Адны казалі, што «ўсё трэба пакінуць дзецям» ну ці хоць бы аддаць грошы за ўпрыгожванні: маўляў, «гэта іх спадчына». А некаторыя ўзялі прыклад з жанчыны. Дзеці ж Раісы Іванаўны лічаць, што яна сама мае права распараджацца ўласнай маёмасцю без нейкіх парад.
У «Антыквары», дзе прымаюць на камісію ювелірныя ўпрыгожванні, свае правілы. Цяпер цана за грам золата складае 150 рублёў. Прынятыя на камісію рэчы з каштоўнага металу не пераацэньваюцца. Пасля продажу камісія крамы складае 35 %. А калі выраб не прададзены, то за месяц захоўвання ў краме трэба заплаціць 3 % ад кошту, калі ў ім ёсць брыльянты, і 1 % за больш простыя ўпрыгожванні.
У чым выгада? Дапусцім, здалі вы залаты ланцужок вагой 3 грамы. Яго ацэняць у 450 рублёў. Мінус камісія 158 рублёў, на рукі выдадуць 292 рублі.
У гэтай жа краме прымаюць посуд мінулага стагоддзя і іншыя рарытэтныя штучкі. А вось хрусталь пакуль што выключылі са спіса. Камісія крамы за такія рэчы складае 40 %.
Яшчэ нядаўна ў продажы меліся спецыялізаваныя газеты бясплатных аб'яў. Цяпер і яны сышлі ў інтэрнэт. Літаральна некалькі выданняў публікуе платныя аб'явы, а самай вялікай папулярнасцю карыстаецца газета для пенсіянераў з купонам для бясплатных аб'яў.
«Наша пакаленне многія рэчы берагло, нешта купляла на запас, — кажа 67-гадовая Людміла Раманаўна. — Цяпер прыйшло разуменне, што дзецям усё гэта не трэба, і мы з сабой не забяром. Я вырашыла ўсе запасы распрадаць. Даю аб'явы ў газету, там іх вельмі шмат, таму выходзяць не хутка. Але прадаць рэчы можна, калі адэкватна ацэньваеш іх, то-бок нядорага. Трэба проста разумець, што зараз хрустальная ваза — прадмет інтэр'еру, а не раскошы. Цешуся, калі атрымліваецца вызваліць прастору і нейкую капейку зарабіць».
Цяпер Людміла Раманаўна асвойвае інтэрнэт. Кажа, што чытала пра кірмашы, якія ладзяць з мэтай аддаць непатрэбныя рэчы і ўзяць патрэбныя. «Але, разумееце, гэта робіць моладзь, якая лічыць сябе вельмі разумнай, творчай і ўвогуле вышэйшай за ўсіх. Мяне ж на смех падымуць, калі я туды прыйду, — наракае жанчына. — А чаму б такія кірмашы не ладзіць для пажылых людзей? Я разумею: сярод нас могуць быць тыя, якія скажуць: маўляў, мой сервіз каштаваў 25 савецкіх рублёў, а твой абрус — 15, даплаці мне... Вядома, правілы кірмашу загадзя трэба абвяшчаць. Справа ў тым, што насельніцтва старэе, і каб пажылыя людзі не былі клопатам для грамадства, трэба прадумваць, чым і як іх займаць, чым дапамагаць, як ненадакучліва даваць сучасныя веды».
Вось так, разважаючы аб продажы непатрэбных рэчаў, мы дайшлі да абмеркавання глабальных праблем старэйшага пакалення.
Самая папулярная інтэрнэт-пляцоўка для гандлю з рук — kufar.by. Праўда, і прапаноў там сотні тысяч. «Да нядаўняга часу я аддавала добрыя рэчы сваякам. Але цяпер, на жаль, набрала вагу, прыйшлося абнаўляць гардэроб. І фінансавае становішча сям'і стала горшае, таму свае дыхтоўныя рэчы выставіла на продаж і прыгледзелася, што прапануюць іншыя», — падзялілася Ганна, якая купіла маё понча. А ў мяне такіх аказалася два: адно купіла сама, другое падарылі, прычым абодва не толькі адной фірмы, фасону, але і колеру.
Ганна расказала, што ў яе літаральна за тры дні купілі дэмісезоннае паліто, куртку і два офісныя касцюмы: са спадніцай і штанамі. А вось святочныя сукенкі не запатрабаваны. Пры гэтым жанчына ўстанавіла лаяльныя кошты. «Мой прынцып — хаця б нейкая кампенсацыя, гэта лепш, чым проста аддаць», — растлумачыла Ганна. Неўзабаве яна мае намер выставіць на продаж летнія рэчы.
А зараз уявім, што маё понча за 50 рублёў Ганна купіла б у камісіёнцы. Мне дасталася б 27 рублёў. Калі ўлічыць, што купляла яго за 70 рублёў, то гэта зусім не выгадна, тым больш што гаворка ішла аб новай рэчы. Дарэчы, некаторыя пляцоўкі, напрыклад, ay.by, бяруць узнагароду ў залежнасці ад групы тавараў ад 1 % за прададзеную рэч.
Яшчэ адзін важны момант у гэтым празрыстым гандлі: ці не давядзецца плаціць падаткі? Трэба разумець, што ўсе такія сайты, супольнасці ў сацсетках манітораць супрацоўнікі падатковых органаў. Іх цікавяць грамадзяне, якія выкарыстоўваюць такія пляцоўкі для незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Пад прыкметы такой дзейнасці могуць трапіць асобы, якія прадаюць шмат новых аднолькавых рэчаў. І тых, што былі ва ўжыванні, таксама. Вядома, некаторыя закупляюць у сэканд-хэндах брэндавыя рэчы, прыводзяць іх у парадак — ліквідуюць спецыфічны пах, мыюць, прасуюць і прадаюць за больш высокі кошт, чым купілі. Вылічыць, хто гэтым сістэматычна займаецца, не вялікая праблема для спецыялістаў.
Карысныя парады:
Маргарыта ДРАЗДОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-drazdova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/rechy
[4] https://zviazda.by/be/tags/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk