«Музыкантам я не стала, бо неяк мая выкладчыца скрыпкі сказала: калі траплю ў аркестр, то буду сядзець у яме. А я разумела, што хачу быць на сцэне ў промнях сафітаў», — згадвае заслужаная артыстка Беларусі Вікторыя Алешка. І сёння, калі яна ўжо адзначае 25-годдзе творчай дзейнасці, задаешся пытаннем: чым вымяраюцца асоба і яе поспех? У выпадку з гэтай артысткай ключавымі паняццямі з'яўляюцца мудрасць і здольнасць пражываць любыя абставіны, арыентуючыся на ўласныя погляды, паважаючы сябе і не зніжаючы планку прафесіяналізму і патрабавальнасці да людзей. Што загартоўвала яе характар, хто даў крылы, каб узляцець і не страціць вышыні, распыталі ў самой спявачкі.
— Вікторыя, сёлета Вы адзначаеце 25-годдзе творчай дзейнасці. Што за гэты час на сцэне вы зразумелі пра сябе?
— Ведаеце, я не маю звычкі падводзіць вынікі года, дзесяцігоддзя ці яшчэ нейкага перыяду свайго жыцця. Але з назіранняў за сабой магу сказаць, што ёсць рост у творчым плане. Калі ўзяць нават кампліменты, якія чую ад аўдыторыі і сяброў, то я сёння і 20 гадоў таму — два розныя чалавекі. Не варта забываць і пра адваротны бок нашай прафесіі, дзе за знешняй раскошай, якую бачыць публіка (і ёй здаецца, як жа цудоўна: вось кветкі, авацыі, любоў, прызнанне, грошы), стаіць штодзённая праца над паляпшэннем і пераадоленнем сябе. Я самы звычайны чалавек, які не на аблоках жыве і не кветкамі харчуецца. Не заўсёды хочацца, напрыклад, як сёння, у дождж, уставаць у шэсць гадзін раніцы і збірацца на канцэрты і сустрэчы. Але гэта мая прафесія, якую я сама абрала, таму не скарджуся.
— Артысту важна быць пазнавальным і не знікаць з поля зроку аўдыторыі, што падштурхоўвае мяняцца вонкава і ў плане музычнага матэрыялу. Вы ў гэтым кантэксце абапіраецеся толькі на ўласную інтуіцыю, або ў тым ліку і на запыты аўдыторыі, тэндэнцыі часу?
— Тут усё працуе ў комплексе, але мне важна разумець, пра што я спяваю. Гэта дапамагае шчыра даносіць матэрыял. Публіка ўсё заўсёды адчувае. Калі песня артысту не блізкая па ўнутраных адчуваннях, то людзі гэта счытваюць, і не варта чакаць, што кампазіцыю прымуць неабыякава. А для артыста няма нічога горшага, чым абыякавасць яго аўдыторыі. Ёсць нават меркаванне, што любая ўвага — гэта добра, але я ўсё ж за тое, каб быць папулярнай за кошт той творчасці, якую нясу са сцэны. Зразумела, артыст не можа ўвесь час быць на вяршыні папулярнасці. Нешта «выстрэльвае», і ты нейкі час знаходзішся на хвалі гэтага поспеху, а потым усё змяняецца зацішшам. У такі час ты не знікаеш, проста працягваеш шукаць новы хіт, які зноў узніме цябе на першыя пазіцыі.
— Скажыце, а калі артыст атрымлівае званні і ўзнагароды, што гэта мяняе ў яго жыцці?
— Такія моманты нясуць за сабой прынцыповыя змены, таму што ты ўжо не маеш права памыляцца. Павінен пастаянна быць на ўзроўні. Гэта толькі маё асабістае меркаванне, але з набыццём ганаровага звання артыст павінен ва ўсім, нават у дробязях, трымаць марку. І для мяне прафесіяналізм самога артыста вызначаецца яшчэ і тым, наколькі зладжана працуе яго каманда. Са мной працуюць гукарэжысёр, адміністратар, стыліст, візажыст, аўтары песень... Я сябе акружыла такімі людзьмі і вельмі люблю ўсіх, хто знаходзіцца побач.
— Вы неаднаразова чулі кампліменты ад знакамітых калег. А да чыёй крытыкі вы здольны прыслухоўвацца?
— Я даражу меркаваннем толькі блізкіх людзей. Калегі наўрад ці могуць сказаць нешта істотнае, бо няхай нават спартыўная, але зайздрасць да чужога поспеху існуе. І сапраўды рэдка можна пачуць праўду ў свой бок. Як казала Ала Пугачова, эстрада — гэта клубок змей, што цалуюць адна адну. Таму для мяне самая важная крытыка ад блізкіх, якія шчыра могуць выказаць сваё меркаванне. Сярод такіх людзей была мама. Сёння ў іх ліку і мая блізкая сяброўка Паліна, а таксама мая каманда. І калі нешта раптам ідзе не так, то мне пра гэта адразу скажуць.
— З пастаяннай перыядычнасцю вы радуеце сваю аўдыторыю новымі песнямі і кліпамі. Вясна не стане выключэннем?
— Цяпер мы рыхтуемся да выпуску новай песні, якая, хутчэй за ўсё, будзе называцца «Птушачка». Гэта будзе такая іранічная кампазіцыя ў маім стылі пра ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны. А ў маі адбудзецца вялікі сольны канцэрт, прысвечаны 25-годдзю творчай дзейнасці. Праграму «Дзякую» я прадстаўлю ў знак удзячнасці ўсім людзям, якія ўвесь гэты час мяне падтрымлівалі, дапамагалі і заўсёды былі побач. Асаблівая ўдзячнасць маёй публіцы, без якой не было б артысткі Вікторыі Алешкі.
— Быць артыстам у нашай краіне — гэта поспех?
— Я заспела тыя часы, калі мы ездзілі з гастролямі ў самыя аддаленыя куткі Беларусі, дзе нават гарачай вады не было, як і магчымасці памыць галаву. Таму працаваць даводзілася ў самых розных умовах. За 25 гадоў сцэнічнага жыцця я прайшла калі не праз усё, то праз вельмі многае. Вельмі люблю ездзіць з канцэртамі, бо гэты працэс мае пэўную рамантыку і заўсёды пакідае мора ўражанняў. У нашай краіне ў малых гарадах і вёсках ты адчуваеш цеплыню людзей і душу зямлі беларускай. Памятаю,
як у 2017 годзе мы лёталі ва В'етнам на Дні культуры Беларусі, там падчас выканання песень гледачы ўвогуле не праяўляюць эмоцый, а пасля проста ўзрываюцца апладысментамі. І гэта абсалютна ўнікальнае адчуванне... Я проста ўспрымаю сваю прафесію як прызванне ад Бога і радуюся яму.
— Чым сёння для Вас вымяраецца ўзровень камфорту ў жыцці?
— Тут для мяне мае значэнне шэраг аспектаў, але калі прааналізаваць, то адзінае, пра што цяпер задумваюся, — пра будаўніцтва дома. Усё ж хочацца ў плане камфорту і машыну пад дзвярыма паставіць, і выспацца, каб суседзі не перашкаджалі, калі раптам рана ўставаць. Цяпер ужо з такіх пазіцый усё разглядаю, хоць раней была чалавекам каменных джунгляў. Зусім не ўяўляла сябе ў іншым месцы, бо я і родам з Мінска, і ў мяне ніколі не было нават канікулаў у бабулі ў вёсцы. Словам, ніякіх перадумоў, каб палюбіць жыццё там, аднак з узростам зразумела, што гэта таксама складнік камфорту.
— А Вам выпадае адчуваць адзіноту? Як вы спраўляецеся з ёй?
— Калі я была падлеткам, то вельмі марыла пра асабістую прастору. Мы жылі тады ў двухпакаёвай кватэры з мамай і яе бацькамі. Тады я хацела жыць адна, каб ніхто не замінаў. А калі родных не стала, то зразумела, што, як спяваў Ігар Талькоў, «несвоевременность — вечная драма». З узростам адзінота больш прыгнятае, чым дае адчуванне радасці і камфорту. Таму ў такія моманты выратоўваюць размовы і сустрэчы з сябрамі, а яшчэ ў мяне ёсць кошка Берта, якая ўмее палепшыць мой настрой.
— Пасля таго як не стала мамы, пачалі іначай глядзець на жыццё?
— З маміным сыходам для мяне ўсё змянілася. У нас з ёю была вельмі моцная сувязь, і яна была тым чалавекам, які шчыра мяне любіў і прымаў любой. Цяпер ужо няма сэнсу пасыпаць галаву попелам і казаць пра тое, што, можа, у нейкія моманты я маму не цаніла. На жаль, ва ўсіх тое здараецца. Іншая справа, у жыцці нічога не бывае проста так. Усё адбываецца дзеля чагосьці. Калі сыходзяць блізкія людзі, то мы заўсёды лічым гэта несправядлівасцю. Але я знайшла суцяшэнне ў веры. Малітва супакойвае і дапамагае жыць далей. Гэта адзінае, што працуе, незалежна, верыш ты ці не.
— Ваша вера — гэта з сям'і?
— Не. Мая маці была зусім няверуючай. І ўвогуле да Бога чалавек павінен сам прыйсці. Мяне да яго прывяло жыццё і здарылася гэта яшчэ задоўга да мамінай смерці. Бо, нягледзячы на поспех, запатрабаванасць і вонкавы дабрабыт, я адчувала, нібы ў мяне камень ляжыць на душы. Я не ведала, як ад яго вызваліцца. І ў той момант вырашыла пайсці не да псіхолага, а ў царкву. Сёння я шчаслівая, што ўсё так склалася.
— Раскажыце, як Вам удалося ў сяброўцы разгледзець роднага для сябе чалавека?
— Калі казаць пра нашу дружбу з Палінай, то гэтае ўсведамленне прыйшло не адразу. Мы знаёмыя ўжо больш за дзесяць гадоў, але не з першай сустрэчы так моцна пасябравалі. Першыя гады чатыры мы проста кантактавалі і адкрывалі для сябе адна адну. А пасля ўжо змаглі пабудаваць нашу дружбу, якую маем цяпер. Сапраўднае сяброўства выпрабоўваецца часам. Наша яго вытрымала.
— А калі гаварыць пра каханне, то што тут дапамагае не страціць веру пасля няўдалага вопыту?
— Усе людзі розныя. Я, дзякаваць богу, не страціла веру ў каханне. Ужо шмат гадоў прайшло з таго моманту, як мы разышліся з мужам, і сёння мы нават сябруем. Таму тут вельмі ўсё індывідуальна. І з розных прычын людзі разыходзяцца. Бывае, што сям'я разбураецца, калі муж і жонка ўжо амаль дваццаць гадоў у шлюбе, і гэта больш страшна, чым разысціся пасля года сумеснага жыцця. Напрыклад, для мяне некалі развод успрымаўся як трагедыя, але наперадзе было цэлае жыццё. А калі, лічы, пражылі яго вялікую частку разам, а потым з'яўляецца жаданне нешта памяняць, то там без псіхолага ўжо і не абыдзешся. Таму я не бяруся тут нешта раіць.
— Вы раслі без бацькі. Калі пачалі задавацца пытаннямі адносна яго і ці адчувалі татаву адсутнасць па жыцці?
— Я не ведаю ні бацьку, ні яго сям'ю. Адсутнасць яго я адчувала толькі ў падлеткавым узросце. Таму што ў гэты перыяд у цябе ўсе пачуцці аголеныя. Ты бачыш іншыя сем'і, дзе тата ёсць, і ён заўсёды падтрымае і абароніць, і, вядома, пачынаеш параўноўваць. А мама заўсёды была вельмі катэгарычнай, калі я пачынала задаваць пытанні. У 14 гадоў я зрабіла спробу пазнаёміцца з ім, але яна аказалася няўдалай. І больш ужо не цікавілася. Калі ж у 16 гадоў трапіла да Васіля Пятровіча Раінчыка, і з часам жыццё пачало складвацца зусім па-іншаму, то нават радавалася, што не з'явяцца няпрошаныя родзічы. Мы ж з імі проста чужыя людзі.
— Вы ўвогуле здольныя даць другі шанц людзям, калі яны здрадзілі ці памыліліся?
— Ведаеце, ёсць выслоўе, што няма веры таму, хто аднойчы здрадзіў. І я ў сваім жыцці такія рэчы з першага разу засвойваю. Калі чалавек здраджвае, то няхай Бог яму даруе, але я ўжо не буду падтрымліваць зносіны. А ў выпадку нейкіх рэчаў, накшталт непунктуальнасці (я гэтага ў рабоце вельмі не люблю), то я не заўсёды катэгарычная. Магу пагаварыць і даць магчымасць выправіцца. Увогуле заўсёды трэба індывідуальна разглядаць сітуацыю.
— Хто дазваляе Вам адчуваць сябе слабай?
— Мая сяброўка Паліна. Яна малодшая за мяне на восем гадоў, але мяне лічыць сваёй малодшай сястрой. Паліна заўсёды паводзіць сябе як разважлівы чалавек, а я побач з ёй нібы дзіця. І я вельмі чакаю, што аднойчы змагу так сябе адчуваць і побач з каханым мужчынам.
— Цяпер толькі лянівы не гаворыць пра любоў да сябе. У чым для Вас яна праяўляецца?
— Не скажу, быццам не люблю сябе, бо іначай не пайшла б у артысткі. А выяўляецца мая любоў да сябе ў тым, што я маю патрэбу, каб мяне паважалі. Колькі сябе памятаю, усё стараюся рабіць для гэтага. Я гадамі напрацоўваю сабе рэпутацыю паважанага чалавека, і, лічу, раблю тое паспяхова.
Бліц-апытанне:
Алена ДРАПКО
Фота з архіва артысткі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-aleshka
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc