Штогод, 27 сакавіка, ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень тэатра. Свята ўсіх, хто стварае сваім прафесіяналізмам магію на сцэне. Яно традыцыйна праходзіць пад дэвізам «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі». Прыхільнікі тэатральнага мастацтва змогуць адсвяткаваць гэты дзень у тым ліку і далучыўшыся да прагляду спектакляў і праграм з удзелам дзеячаў тэатральнай сферы на «Беларусь 3».
Напярэдадні свята ў суботу, 26 сакавіка, ў эфіры сацыякультурнага канала можна паглядзець праект «Камертон», дзе госцем выпуску будзе драматург, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксей Дудараў. Разам з майстрам слова аўдыторыя здзейсніць падарожжа па яго творчай біяграфіі. «Драматургія, на мой погляд, самы складаны жанр. Ты павінен быць і паэтам, і філосафам, і празаікам, але больш за ўсё ты павінен адчуваць, што слова са сцэны — яно іншае, чым проста слова», — кажа Аляксей Ануфрыевіч. І гэта сапраўды так, калі ўвогуле казаць пра тэатральнае мастацтва. Бо на сцэне ўвасабляюцца гісторыі, якія распавядаюцца не проста словамі і дзеяннямі акцёраў, але і праз шматлікія дэталі ў музыцы, у дэкарацыях, у касцюмах і г. д. А самае, бадай, галоўнае, што тут ніколі не бывае другога дубля, штораз нараджаюцца новыя эмоцыі і танальнасці як для стваральнікаў спектакля, так і для гледачоў.
Адразу пасля запланаваны паказ драматычнай балады «Не пакідай мяне...». Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Даніна памяці тым, хто цаной уласнага жыцця наблізіў Перамогу над фашызмам. А яшчэ пра тое, наколькі вайна сваёй жорсткасцю, антыгуманнасцю, ненармальнасцю супярэчыць чалавечай прыродзе, прызначэнню чалавека на Зямлі», — такія словы аб пастаноўцы можна знайсці на сайце тэатра, але лепш за ўсё паглядзець і прыслухацца пасля да ўласных адчуванняў. А вечарам на «Беларусь 3» — опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Пастаноўка адносна нядаўна набыла новае гучанне ў рэжысёрскім бачанні Ганны Маторнай.
У нядзелю ўбачым балет «Анастасія» Вячаслава Кузняцова таксама ў пастаноўцы Тэатра оперы і балета. Гісторыя пра Анастасію Слуцкую — яшчэ адзін напамін, што беларуская зямля мае багатае гістарычнае мінулае і годных герояў... Не абыдзецца і без прэм'ер у гэты дзень. Спектакль Тэатра-студыі кінаакцёра «Мікітаў лапаць» па творы Міхася Чарота пакажуць бліжэй да вечара. Камедыя пра сялянскае жыццё і каханне падорыць кожнаму добры настрой. Па заканчэнні пастаноўкі глядзіце выпуск праекта «Кадры жыцця» з удзелам рэжысёра, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава.
Выбірайце свае спектаклі, згадвайце любімых акцёраў і часцей наведвайце тэатры. А ўсіх, хто служыць у імя тэатральнага мастацтва, віншуем з надыходзячым святам! Вы робіце наш свет лепшым!
Алена ДРАПКО
Фота з сайтаў тэатраў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/susvetny-dzen-teatra
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[7] https://zviazda.by/be/tags/spektakli
[8] https://zviazda.by/be/tags/svyata