Замест эпіграфа:
...«Звязду» выпісваю заўсёды,
Прывык з паштовай скрынкі браць.
Яна — штодзённаю нагодай
На роднай мове пачытаць
Аб тым, што дзеецца на свеце...
Перажываю — з-за ўсяго...
Ці не загіне ў газеце
Любімы конкурс «Хто каго?»
Іван Астроўскі, г. Мінск
...Людзі праўду кажуць: адзін крок, не больш, ад любові да — мякка кажучы — яе адсутнасці, ад здароўя да хваробы, ад жыцця...
Не будзем працягваць (ва ўсякім разе, тут і цяпер). У адваротным напрамку «шлях» таксама пракладваць не будзем, бо яго, здараецца, проста няма. Заўважым хіба, як шмат апошнім часам змянілася, прычым настолькі, што новы агляд лістоў можна пачаць... з канца.
Такім чынам на папярэднім конкурсным здымку (гл. «Звязда» 25.01. 22) быў агромісты кузаў новага МАЗа, побач з ім — хай невялікі, але ж натоўп (магчыма, турыстаў), аднаго з якіх загнала ўверх — на кола машыны.
Які нячысцік тое зрабіў і з якою мэтай, — здагадак (яны ж — подпісы да здымка) было ў пошце нямала. Што, можа, цікава, асобных з аўтараў ці не зрок падвёў: «слана» (то-бок верхалаза) яны не заўважылі — на тым, пазамінулым, здымку. Не зразумелі, на жаль, і хто на мінулым. Добра, што спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў размову дзяцей падслухаў:
Таня кажа: «Тут авечка...
Дзед іх пасвіў каля рэчкі».
— Не і не! — прызнаў
Сярога. —
Тут казёл — глядзі на рогі!
— Барады няма... Баран. —
Думку выказаў Раман.
Хай «Звязда» рассудзіць
спрэчку:
Тут баран? Казёл? Авечка?
Усё заблытана, але...
«Новы конкурсны здымак, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, — мы разглядалі разам з сяброўкай, і яна ўспомніла, што некалі ў модзе былі вучэбна-вытворчыя камбінаты, што яны давалі дзецям азы нескладаных прафесій... Адна дзяўчынка, напрыклад, вучылася там на даярку... Разоў колькі ўжо на заняткі з'ездзіла — малодшы брат і цікавіцца: «Ну як? Ты пазнаёмілася з каровай?». Тое ж самае мы ўбачылі на здымку:
На падворак госцік ломіцца
Ў кучаравенькім манто.
Рожкі — супер!
— Пазнаёмімся?
Я — Маруся, а ты — хто?»
Гэта — пакуль — загадка, бо (з тога ж канверта):
Свет жывёл такі
стракаты...
Шмат мы ведаем рагатых:
Навіна ў грамадзе:
Бараном — казёл ідзе.
Клікаць як? Ды невядома:
Не паказваў ён дыплома.
Хоць, напэўна ж, мог, бо (на твары напісана — спадар Сабалеўскі з Узды прачытаў):
Ён з дыпломам,
ён з мандатам,
Непрыступны і сярдзіты,
Сам рагаты, барадаты —
Нібы з золата адліты.
Як васпана даглядаюць
(Нагуляў на пядзю здор)...
За ўсё гэта — не пушчае
П'янчукоў да бабы ў двор.
Трэба разумець, ахоўнікам працуе (ці падпрацоўвае?). І ў багатай, працавітай жанчыны, думкі якой прачытала спадарыня Аляхновіч са Слуцка:
«Як жа добра, што вясна! —
Цешыцца Адарка. —
Не глядзіце, што адна, —
Маю гаспадарку:
Куры, гусі, важны кот
І каза Маруся...
Нехта ломіцца ў плот?
Хто, — не разбяруся?
І гэта — заўважце — пра Адарку, вяскоўку, гаспадыню... Што тады пра іншых казаць?
Чыстую праўду (з падачы спадарыні Гудачковай):
Йшла кабета звычным
шляхам.
Раптам...
Хто ж?
Страшны такі!
Ёй з такога пераляку
Не адкінуць бы канькі!
З правілаў жыцця: цалуй — павольна, уцякай і прабачай — хутка, рондаль ад грэчкі мый адразу... І анекдот: жыццё чалавека дзеліцца на перыяды. У першым ён баіцца монстра, што жыве пад ложкам, потым — не, нават ніколечкі: няхай жыве, нават на (?!) ложку, абы за «камуналку» плаціў...
У запісе спадара Сабалеўскага — маналог (трэба разумець, адной з плацельшчыц):
...Што каханне —
штука злая,
Вечна кажуць у народзе.
Напаткала вось казла я
(Бач, былі бародкі
ў модзе)...
Колькі год ужо цалую
Не найлепшую з істот.
Ды змірылася, цярплю я,
Бо не выганіш за плот...
Іншымі словамі, усё паводле анекдота: ён есць — я гатую, ён носіць — я мыю, ён раскідвае — я збіраю... І што б я без яго рабіла?
Малюнак з натуры ад спадара Мікалая Камароўскага з Оршы...
Зрэшты, не: спачатку — пытанне на засыпку:
Не было раней такога:
Вёска —
вымерла ці спіць?..
Застаецца хоць з казою
Цераз плот пагаманіць.
Пра што? Ну, вядома ж — пра жыццё-быццё, пра жаночае, набалелае:
— Як жывеш, суседка Аза?
— Ды пра што тут
гаварыць?
— Мой казліна спіць,
зараза...
— Мой гультай таксама
спіць.
Карацей — абое рабое, як той казаў. І можа, за шчасце яшчэ, што спяць дома (праверана: калі мужчына перастае штодзень галіцца, мяняць шкарпэткі, прасіць прабачэння, казаць кампліменты і дарыць кветкі, — супакойся, ён твой).
Не ўсім на гэта пашчасціць...
З таго самага канверта, ад спадара Камароўскага, дыялог мо тых самых «суседак»:
— Што ў сяле чуваць з навінаў?
Калі ласка, раскажы.
— Не паверыш,
мой казліна,
Да другой пайшоў казы.
— Мой не лепшая скаціна —
Хоць стары, а ў бруд ізноў:
Прыжаніўся, кабяліна!
Маладзейшую знайшоў!
(З дыялогаў мужчын: «У выхадныя з'ездзіў з дачкой у вёску, паказаў дзіцяці казла». — «А гэта навошта?» — «Ды каб ведала, як ён выглядае, а то ўсё са слоў маці...»
З дыялогаў жанчын: «Да вяселля мой муж быў самым цудоўным хлопцам на свеце!» — «І не кажы! Майго таксама ў загсе падмянілі!»
...Зрэшты, вернемся да нашых бараноў... Казлоў... Ці ўсё ж такі авечак?
Вось якраз да іх і сапраўды трэ было б (прычым — не толькі на паперы), бо авечкі, на думку спадарыні Любові Чыгрынавай, відаць, найлепшая скацінка: спакойныя, чыстыя, непатрабавальныя. І пры гэтым на многае здольныя. Ва ўсякім разе, яны могуць і адзяваць нас (у натуральнае — цёплае), і абуваць — у такое ж, і карміць, і нават лячыць... Таму цалкам лагічна, што
Заказаў адзін сусед
Барана праз інтэрнэт,
Каб здаваць таго
ў «арэнду»,
Каб зажыць пасля
на рэнту...
Але ж марам яго «швах»:
Бізнес лопнуў на вачах.
Не датумкаў чалавеча,
Што ніводнай тут
авечкі...
Пра тую ж бяду і радкі ад спадара Валерыя Гаўрыша:
Ў цёткі Насты ёсць баран
Па мянушцы Атаман.
Пахаваўшы свайго дзеда,
Наста з ім вядзе «бяседы»:
Ён і чуе, й разумее...
Ды сказаць хіба не ўмее:
Без атары? Атаман?
Не жыццё — адзін падман.
Але ж ён, паводле спадарыні Соф'і Атрохавай са Случчыны, можа скончыцца — па-першае — дабром, па-другое — хутка:
Як заўсёды, рана ранкам
Аглядае жыўнасць Ганка.
Сёння ж — мае навіну,
Можа, нават не адну,
Бо з суседняга падворка
Удавец зайшоў, Ягорка.
Мовіў: «Досыць нам тужыць,
Можа, разам будзем жыць?
Удваіх, па-чалавечы...»
Прывядзе ён і авечак.
Даўно б так! Глядзіш — не ўзнікла б падстаў для сумнага (ад спадара Сабалеўскага):
На ўсю вёску засталіся
Толькі мы з табой, сяброўка.
А былі ж, былі калісьці
Школа, ферма
і сталоўка...
Цяпер — трэба разумець — няма? І, на думку спадарыні Чыгрынавай, не толькі іх:
Яшчэ пару год назад
Быў у Мар'і заасад (!),
Паглядзець таго звяр'я
Людзі ехалі здаля.
Забяспечвалі прыбытак,
Пагашаліся крэдыты...
Ад кавіду усё гора:
Ў «заасадзе» толькі Бора.
Трэба разумець — баран ці...
Козліка бабця вельмі
любіла,
Козліка бражкаю часта
паіла...
Вырас казёл... З казою
здружыўся:
Хутка мутант у яе
нарадзіўся.
Да бабкі прыйшоў
і глядзіць-дакарае:
Ну што ж ты зрабіла,
дурніца старая?
...Падобнае нешта здараецца й з намі,
Як добрую справу, ды зробім «па п'яні».
Да такой несуцяшальнай высновы прыйшоў спадар Мікалай Старых з Гомеля.
Ненашмат весялейшыя назіранні і ў спадарыні Таццяны Новік з Клецка. «Подпісы да апошняга здымка склаліся ў мяне адразу, але ж запісала іх ды забылася, — прызнаецца жанчына. — А потым падумала: мо і праўда ў газету паслаць? Спатрэбяцца дык спатрэбяцца, а не, — дык без крыўдаў: я для звілін размінку зрабіла, радню пасмяшыла і досыць».
Не варта спыняцца на дасягнутым: дзяліцца трэба — дэфіцытнымі па сённяшнім часе думкамі, усмешкамі, успамінамі. Ну згадзіцеся (са спадарыняй Новік):
У часы перабудовы
У людзей былі каровы:
Мяса, масла, сырадой —
Малако ішло ракой...
Ды цяпер няма і блізка,
Доім — хіба Васіліску.
Малака дае нямнога,
Але ж цётцы ўсё падмога.
З тога ж канверта, ад спадарыні Новік:
Шчасце — козачку даіць!
Шчасце — з ёй пагаманіць:
Пра бяду, як ёсць, раскажаш, —
Ад душы, глядзіш,
адляжа...
Вельмі слаўная каза:
Супраць? Не!
Заўсёды «за».
А значыць, трэба іх разводзіць, трэба шкадаваць ці не ўсіх, хто ніколі не меў такіх кармільцаў і суразмоўцаў. Спадар Іван Астроўскі з Мінска, напрыклад, вельмі шкадуе:
Калі б мне, малому,
«звер» такі папаўся,
Я б на ім, браточкі,
добра пакатаўся!
Выбіраў бы з дужых —
век такія біліся,
І гайсаў бы верхам —
покуль не скарыліся...
Малому —
незнаёмы страх,
Але ж не ездзіў на казлах:
Тады быў іншы трохі час:
Коз — не трымаў ніхто ў нас.
Казлоў, вядомых сваёй ваяўнічасцю ды ўпартасцю, — атрымліваецца — таксама?
(З назіранняў: на вуліцы ледзь не бойка ідзе. Толькі і чуваць: «Ты казёл!» — «Ад казла тое чую!»... Нейкі дзед, праходзячы міма: «Хлопцы, вы ж, відаць, радня, сваякі? Дык навошта вам гэтая грызня?!» З заўваг (ці не ад такога ж мудрага дзеда: усе разумныя дружаць між сабой, усе дурныя сварацца).
І нарэшце — завяршальныя акорды ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:
Мы у горадзе жывём,
Хлеб ядзім, кефірчык п'ём...
Ды ўсяго адна загана:
Блытаем казла з баранам.
«Звязда» падраджалася разабрацца? Тады шчырыя прабачэнні ўсім баранам: як падказвае дасведчаны інтэрнэт, на здымку ўсё ж... казёл (падобна — прыдонскай пуховай пароды). Хто пра іх абодвух напісаў найлепшыя радкі, пакажа час. А пакуль — з падказкі чытачоў — найбольш удалыя радкі «пра верхалаза з БелАЗа» (гл. нумар «Звязды» за 26 студзеня г.г.) склалі спадары Мікалай Старых з Гомеля, Віктар Сабалеўскі з Узды, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Невяровіч з Гродна, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавіч і Іна Алісевіч з Уздзеншчыны.
Вось з гэтым, апошнім меркаваннем вялікага чытацкага журы, пагадзілася і журы маленькае (рэдакцыйнае). А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал 2022 года накіроўваецца на радзіму слыннага Кандрата Крапівы — на Уздзеншчыну.
Хочаце, каб «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас, тады варыянтаў два: першы — афармляць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх (пажадана — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.
Шанс на выйгрыш мае кожны.
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Ад іх жа: шчырыя прабачэнні тым, чые подпісы на гэты раз не прайшлі строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны... Пішыце і — па магчымасці — усміхайцеся. Як пісаў нехта з вялікіх, смех — гэта сонца: яно праганяе зіму з чалавечага твару.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago