У Беларусі па выніках 2021 года банкаўскія работнікі выявілі 820 падробленых грашовых знакаў (817 банкнотаў і тры манеты), з якіх 54,3% — долары ЗША, паведамляе [2]БелТА са спасылкай на даныя Нацыянальнага банка.
Доля падробленых расійскіх рублёў склала 35,8%, еўра — 8,4%, беларускіх рублёў — 1,1%, іншых валют — 0,4%.
У параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года агульная колькасць падробак павялічылася на 32,5%.
Узрасла колькасць падробак кожнай з выяўленых валют: долараў ЗША — на 46,4%, расійскіх рублёў — на 30,7%, еўра — на 15%. Колькасць падробак беларускіх рублёў у абсалютным выражэнні зменшылася на 18%.
У Мінску выяўлена 50,1% ад усіх падробленых грашовых знакаў, у абласцях Беларусі — у межах 6,6% — 10,1%. Фальшывыя грошы былі выключаны з абарачэння ў 60 населеных пунктах.
Часцей за ўсё сярод долараў ЗША падраблялі купюры наміналам $100 (65,8%) і $50 (31,7%). Колькасць падробак купюр наміналам $100 павялічылася на 12,7%, а наміналам $50 больш як у 4 разы.
У 2021 годзе выяўлены падробленыя банкноты расійскіх рублёў наміналамі 5000, 2000, 1000 і 500 рублёў. Асноўная доля прыпала на падробкі банкнотаў наміналам 5000 рублёў — 77,6%.
У справаздачным перыядзе выяўляліся падробленыя банкноты еўра ўсіх наміналаў, акрамя 5 еўра. Найбольшая колькасць падробак прыпала на банкноты наміналам 50 еўра — 37,7%. Уся колькасць падробленых манет — тры манеты наміналам 2 еўра.
На працягу 2021 года выяўлена 5 падробленых банкнотаў беларускіх рублёў узору 2009 года наміналамі Br50, Br10 і Br5. Выяўлены чатыры падробленыя банкноты беларускіх рублёў узору 2000 года.
Для падробак долараў ЗША прымяняліся спосабы плоскага афсетнага друку, глыбокага друку, электрафатаграфіі і струменнага друку, еўра — у большасці выпадкаў плоскага афсетнага друку, струменнага друку і электрафатаграфіі, расійскіх рублёў — струменнага друку, а таксама электрафатаграфіі. Беларускія рублі падрабляліся ў асноўным пры дапамозе струменнага друку.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://blr.belta.by/economics/view/natsbank-raskazau-jakija-padroblenyja-groshy-chastsej-za-use-znahodzjats-u-belarusi-112802-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[5] https://zviazda.by/be/tags/kolkasc-padrobak
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacbank
[7] https://zviazda.by/be/tags/dolary
[8] https://zviazda.by/be/tags/eura
[9] https://zviazda.by/be/tags/rubli