У Беларусі створана рабочая група па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства. Аб гэтым паведаміў журналістам у Брэсце перад сустрэчай з членамі тэрытарыяльных і ўчастковых камісій і актывам вобласці старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, перадае [2] БелТА.
«Прынятыя на рэферэндуме змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю — платформа для далейшага ўдасканалення заканадаўства. Па Выбарчаму кодэксу ўжо створана рабочая група. Разам з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў мы працуем ужо ў гэтым напрамку, падключылі рэгіёны», — сказаў старшыня ЦВК.
Разам з тым, Выбарчы кодэкс звязаны з іншымі заканадаўчымі актамі. Так, сваё адлюстраванне ў ім павінен знайсці закон аб Усебеларускім народным сходзе, рыхтуецца закон аб структурах грамадзянскай супольнасці. «Мы сур’ёзна прааналізавалі практыку прымянення заканадаўства. Дарэчы, Прэзідэнт даваў нам гэта даручэнне ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму. Я думаю, што некаторыя пытанні могуць быць вынесены на ўзровень кіраўніка дзяржавы для абмеркавання, таму што неабходна будзе прыняць пэўныя палітычныя рашэнні», — адзначыў Ігар Карпенка.
У якасці прыкладу ён прывёў Адзіны дзень галасавання, механізм якога неабходна выпрацаваць. Ёсць шмат нюансаў, якія трэба адрэгуляваць і прыняць адпаведныя рашэнні. «Напрыклад, у парламент у нас абіраюць выключна грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а мясцовыя Саветы абіраюцца ў тым ліку з удзелам грамадзян Расіі, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. Як фарміраваць спісы? Усе гэтыя нюансы мы павінны выбудаваць дакладна, зразумела для суб’ектаў выбарчай кампаніі — і тым, хто вылучае кандыдатаў, і тым, хто арганізоўвае выбары», — падкрэсліў кіраўнік ЦВК.
Гэтую працу, паводле яго слоў, неабходна завяршыць да сярэдзіны 2023 года — прыкладна за паўгода да Адзінага дня галасавання, які плануецца правесці ў апошні дзень лютага 2024 года.
Ігар Карпенка падзякаваў членам тэрытарыяльных і ўчастковых камісій і актыў Брэсцкай вобласці за прафесійную і якасную працу ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, уручыў падзякі старшыні ЦВК. На сустрэчы, якая прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі, удзельнікі абмеркавалі праблемныя пытанні, прапановы і напрацаваныя практыкі, якія пакуль не знайшлі свайго адлюстравання ў нарматыўна-прававой базе.
Зараз Ігар Карпенка сустракаецца з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі БрДУ ім. А.С.Пушкіна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/karpenko-sozdana-rabochaja-gruppa-po-vneseniju-izmenenij-v-izbiratelnoe-zakonodatelstvo-494386-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/igar-karpenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/referendum-pa-kanstytucyi