Украіна звярнулася да Польшчы з просьбай закрыць граніцы з Беларуссю, а таксама да Латвіі, Літвы і Эстоніі — граніцы з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта заявіў украінскі пасол у Польшчы Андрэй Дзешчыца, паведаміла ТАСС. Намеснік міністра інфраструктуры Украіны Мустафа Наем заўважыў у сваім тэлеграм-канале, што на мінулым тыдні ведамства афіцыйна звярнулася да калег з Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі з просьбай спыніць любыя аўтамабільныя зносіны з Расіяй і Беларуссю. «Чакаем канчатковага выніку? — гаворыць Мустафа Наем. — У выпадку прыняцця станоўчага рашэння граніцы з РФ і РБ будуць цалкам закрытыя, а значыць, аўтазносіны і ўсе транспартныя перавозкі стануць немагчымымі». Як заўважаюць эксперты, гэтыя дзеянні супярэчаць не толькі ўсім міжнародным нормам арганізацыі гандлю, але і звычайнай логіцы, паколькі ў выніку прывядуць да катастрафічных фінансавых наступстваў, а ў далейшым здольныя выклікаць сацыяльны выбух у краінах, якія перакрыюць транзітныя патокі ў адным з найбольш ажыўленых участкаў Старога Свету. Навошта Польшча і прыбалтыйскія краіны блакіруюць граніцы?
Сітуацыя з перасячэннем граніцы Беларусі з краінамі Еўрасаюза для перавозчыкаў крытычная. Кіроўцы-дальнабойшчыкі суткамі прастойваюць у шматкіламетровых чэргах перад пунктамі пропуску, дзе ў пікавыя моманты колькасць фур вылічаецца тысячамі, адзначае БелТА. У такіх заторах даводзіцца праводзіць па некалькі сутак, што прыводзіць да істотных нагрузак на кіроўцаў фур, а таксама фінансавых страт грузаперавозчыкаў і арганізацый.
Асноўная прычына іх узнікнення — «закрыццё 3 з 5 пунктаў пропуску на ўчастку граніцы з Еўрапейскім саюзам, праз якія могуць рухацца грузавыя аўтамабілі, адзначыў БелТА старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі. «Так, польскі бок з красавіка 2020 года ініцыятыўна закрыў пункты пропуску «Славацічы» (з беларускага боку — «Дамачава») і «Полаўцы» (з беларускага боку — «Пясчатка»), спасылаючыся на пандэмію COVІD-19. Закрыццё ў лістападзе 2021 года пункта пропуску «Кузніца Беластоцкая» (сумежны з беларускім — «Брузгі», другі па прапускной здольнасці ў краіне — 1,5 тысячы грузавых аўтамабіляў за суткі ў абодвух напрамках) польскі бок абгрунтоўвае «міграцыйным крызісам», — паведаміў Уладзімір Арлоўскі. — У сувязі з гэтым 2 астатнія пункты пропуску («Казловічы» і «Бераставіца») не могуць забяспечыць аператыўны праезд існуючага патоку транспартных сродкаў, якія перамяшчаюцца праз беларуска-польскі ўчастак граніцы. Але мы гатовы афармляць у іх больш транспартных сродкаў, нават на 15—20 %. Аднак польскі бок не забяспечвае прыём і падачу грузавых транспартных сродкаў нават у адпаведнасці з нашым двухбаковым пагадненнем».
ДМК неаднойчы за апошнія тры месяцы звяртаўся да кіраўніка Нацыянальнай адміністрацыі даходаў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Польшча з прапановай аб павелічэнні колькасці транспартных сродкаў, якія афармляюцца польскай мытнай службай, а таксама аб адкрыцці руху для грузавых транспартных сродкаў праз пункты пропуску «Полаўцы — Пясчатка» і «Славацічы — Дамачава». Аднак адпаведных рашэнняў польскім бокам на прапановы ДМК прынята не было, заўважыў Уладзімір Арлоўскі, колькасць транспартных сродкаў, якія падаюцца і прымаюцца, не змянілася, а ў асобныя дні стала менш. «Праведзеныя з удзелам прадстаўнікоў беларускага МЗС кансультацыі з польскім бокам па забеспячэнні належнага прыёму і падачы транспартных сродкаў таксама не мелі поспеху, — падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта. — Асабліва незразумела, чаму пасля фактычна спынення патоку фізічных асоб праз граніцу ў сувязі з пандэміяй каранавіруса не накіраваць супрацоўнікаў для афармлення грузавых транспартных сродкаў і дзякуючы гэтаму не проста выконваць нормы па пропуску транспартных сродкаў, але і афармляць больш».
На літоўскім напрамку таксама склалася крытычная сітуацыя з чэргамі. Адна з асноўных прычын — рэканструкцыя пункта пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку — «Каменны Лог»), што праводзіцца літоўскім бокам, у сувязі з чым яго прапускная здольнасць знізілася больш як у 2 разы. Як паведаміў Уладзімір Арлоўскі, калі да рэканструкцыі літоўскі бок прымаў каля 500 аўтамабіляў за суткі, то з пачаткам рэканструкцыі — каля 300, а пасля і ўвогуле не больш за 200.
«Мы ў адрозненне ад нашых калег спрабуем мінімізаваць уплыў рэканструкцыі на прапускную здольнасць пунктаў пропуску на літоўскім напрамку, — паведаміў Уладзімір Арлоўскі. — Менавіта па ініцыятыве беларускага боку з красавіка 2021 года была арганізавана магчымасць перасячэння мытнай граніцы ЕАЭС пустымі грузавымі аўтамабілямі праз пункт пропуску «Відзы».
У Польшчы велікагрузы папросту блакіраваліся. 22 сакавіка з'явілася інфармацыя наконт таго, што польскі бок не перашкаджае блакіраванню грузавікоў на сваёй тэрыторыі. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце Рэспублікі Беларусь. У Дзяржпагранкамітэце заявілі, што група грамадзян незаконна блакіравала праезд грузавога транспарту, які ідзе ў Беларусь і Расію праз польскі пункт пропуску «Кукурыкі». Так, за мінулыя суткі на тэрыторыю Беларусі ўехала ўсяго 14 фур пры прапускной здольнасці 1200 машын. Гэта прывяло да ўтварэння шматкіламетровай чаргі на польскім баку», — паведамілі ў ДПК.
Такія дзеянні «не маглі не выклікаць гнеў кіроўцаў велікагрузаў, якія вымушаны прастойваць з-за невялікай групы пратэстоўцаў, — паведамілі ў беларускім цэнтры «Сістэмная праваабарона». — Гэта непазбежна прывяло да сутыкненняў. У выніку паліцыя вымушана была прымяніць спецсродкі і нават затрымаць некалькіх чалавек».
Польшча патурае нацыяналістычным радыкалам з украінскай дыяспары, заявіў БелТА палітолаг, эксперт грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Пётр Пятроўскі. «Наогул, якія-небудзь акцыі палітычнага пратэсту, што суправаджаюцца дыскрымінацыяй па грамадзянскім прынцыпе асоб, якія праходзяць пагранічны, мытны надгляд, недапушчальныя. Калі Польшча гэта дапусціла, яна тым самым патурае антызаконным, непрымальным паводле міжнароднага права дзеянням», — сказаў Пётр Пятроўскі. Палітолаг падкрэсліў: такія дзеянні прыводзяць да стварэння штучных затораў, сацыяльнай канфліктагеннасці. «І проста гэта парушае працэс праходжання граніцы, зацягвае яго. Многія, у тым ліку польскія дальнабойшчыкі, вязуць хуткапсавальныя тавары. І гэта фактычна падрыў іх бізнесу, — адзначыў ён. — Тыя кампаніі, якія забяспечваюць паслугамі вось такія карпарацыі з хуткапсавальнай прадукцыяй, аказваюцца ахвярамі, заложнікамі бязмозглай, бессэнсоўнай і безадказнай палітыкі польскага кіраўніцтва, якая патурае нацыяналістычным радыкалам з украінскай дыяспары ў Польшчы».
У выніку польскі маршрут становіцца незапатрабаваным у перавозчыкаў. Адна з прычын значнага павелічэння колькасці фур на літоўскай граніцы — нежаданне грузаперавозчыкаў ехаць праз Польшчу. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце. Найбольшая колькасць фур фіксавалася ў напрамку пагранічнага пераходу «Шальчынінкай» у пункце пропуску «Беняконі». Паводле інфармацыі літоўскай мытні, вялікая колькасць грузавікоў на маршруце праз Літву фіксуецца з прычыны пераразмеркавання транспартных патокаў з польскага напрамку. У выніку запаволенага афармлення ў польскіх пунктах пропуску, блакіровак руху групамі грамадзян, а таксама закрыцця пагранічнага пераходу «Кузніца Беластоцкая» лагістычныя маршруты перабудоўваюцца і ствараюць дадатковую нагрузку на літоўскія пункты пропуску. Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, супрацоўнікі польскіх пагранічных пераходаў аформілі толькі 43 працэнты транспартных сродкаў ад устаноўленай нормы. Самым загружаным стаў маршрут праз «Кукурыкі» ў пункце пропуску «Казловічы».
Палітычныя гульні адаб'юцца на дабрабыце людзей. Лідар польскай кіруючай партыі «Права і справядлівасць» віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі прагназуе «сур'ёзныя эканамічныя ўзрушэнні» ў краіне. Аб гэтым шэры кардынал польскай палітыкі заявіў на кангрэсе новай палітычнай партыі OdNowa. На яго думку, палякаў «чакае доўгая барацьба, разлічаная не на тыдні ці месяцы, а на гады». «Мы павінны памятаць, што наступныя гады будуць няпростымі. Будзе сур'ёзны крызіс, сур'ёзныя эканамічныя ўзрушэнні», — заўважыў Яраслаў Качыньскі.
Значна ўзраслі тарыфы на камунальныя паслугі, падаражэлі многія прадукты. Неўзабаве Прольшчу чакае і хлебны крызіс. Як паведамляе іReactor, колішні прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск папярэдзіў аб чатырохразовым падаражэнні хлеба да канца бягучага года. Паводле яго слоў, бохан падаражэе да 10 злотых (2,5 долара). «Валасы ўстаюць дыбам на галаве ад гэтага», — адзначыў Туск.
Прыбалтыйскія прадпрымальнікі разважаюць аб стане транзітнай галіны Літвы, Латвіі і Эстоніі ў апакаліптычных выразах. Паказчыкі грузаабароту, якія падалі шмат гадоў, зараз зусім увайшлі ў крутое піке, адзначыў аналітычны партал RuBaltіc. У Прыбалтыцы транзіт — гэта грузапатокі з усходу і на ўсход. Усе расповеды аб тым, што нехта будзе вазіць праз яе вялікія таварныя партыі з Фінляндыі ў Польшчу, даўно абвергнутыя жыццём.
«Гэтая галіна ў Прыбалтыцы няўхільна дэградавала з-за стасункаў балтыйскіх краін, якія бесперапынна пагаршаюцца, са сваімі ўсходнімі суседзямі — Расіяй і Беларуссю», — адзначыў RuBaltіc. Выраз «транзіт складае нуль» сёння тыповы. Менавіта такімі выразамі ў Прыбалтыцы зараз гавораць аб стане марскіх партоў, чыгунак і перавозак грузавым аўтатранспартам. Тое, што цяпер чакаецца ў плане перавозак, гэта катастрофа», — кажа член праўлення асацыяцыі Latvіjas Auto Аляксандр Чаркасаў. Тое ж самае могуць сказаць прадстаўнікі іншых галін транспарту ў Прыбалтыцы.
Прыбалтыйскія палітыкі гавораць прама: так, жыццё стане горшым, мы ідзём на эканамічныя страты. Але яны перад гэтымі стратамі не спыняюцца і нават робяць іх яшчэ большымі. Да гэтага часу Прыбалтыка страляла сабе ў нагу. Сёння яна б'е напавал і страляе сабе ў скроню, заключае RuBaltіc. Тое ж датычыцца і Польшчы. Таму закрыццё граніц — крок абсалютна вар'яцкі, які будзе мець катастрафічныя наступствы.
Тым часам разварот беларускай эканомікі на ўсход пройдзе бязбольна, заявіў магістр палітычных навук Віктар Саевіч у эфіры тэлеканала СТВ. Паводле слоў эксперта, Прэзідэнт Беларусі цудоўна разумеў, што рана ці позна адбудзецца сутыкненне паміж Усходам і Захадам, і быў гатовы да гэтага. Таму заклаў такі падмурак, які дазваляе зараз праводзіць разварот на Усход, Поўдзень, Лацінскую Амерыку. «Ён ужо ідзе і пройдзе бязбольна. Таму ў Беларусі асаблівых праблем не будзе», — упэўнены Віктар Саевіч.
Разгорнута актыўная работа дзяржорганаў, галін і бізнесу па пераарыентацыі экспартных паставак на рынкі дружалюбных краін. Аб гэтым заявіў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч, каменціруючы дынаміку знешняга гандлю таварамі, паведамілі ў прэс-службе ведамства. Паводле інфармацыі Мінэканомікі, сёлета ў студзені-лютым года экспарт вырас на 21,5 працэнта, апярэджваючы тэмпы імпарту. А яго грашовы аб'ём у лютым дасягнуў свайго дзевяцігадовага максімуму — $3 млрд. «У бягучых умовах, каб захаваць пазітыўныя трэнды, разгорнута актыўная работа дзяржорганаў, галін і бізнесу па пераарыентацыі экспартных паставак на рынкі дружалюбных дзяржаў. Зразумела, найбольш перспектыўныя для нас — Расія і Кітай. Сумарна ў гэтыя краіны ў кароткатэрміновай перспектыве можа быць перанакіравана больш чым $5 млрд еўрапейскага экспарту. У тым ліку ў поўным аб'ёме — прадукты харчавання, прадукцыя машынабудавання і лёгкай прамысловасці, — адзначыў Дзмітрый Ярашэвіч. — Палягчае гэту задачу той факт, што нашы тавары ўжо знайшлі свайго спажыўца і карыстаюцца попытам на гэтых рынках. Фактычна варта адпрацаваць хутчэй нарошчванне аб'ёмаў, а не засваенне з нуля новых ніш».
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/polshcha
[4] https://zviazda.by/be/tags/prybaltyyskiya-krainy
[5] https://zviazda.by/be/tags/blakirouka
[6] https://zviazda.by/be/tags/granicy-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[8] https://zviazda.by/be/tags/litva
[9] https://zviazda.by/be/tags/estoniya