Выпадак масавага кантакту з хворай на шаленства жывёлай зарэгістраваны ў пачатку красавіка ў Бабруйску, паведамілі [2]ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
«У першых чыслах красавіка 2022 года ў Бабруйску зарэгістраваны выпадак масавага кантакту з хворай на шаленства жывёлай, усяго пацярпела 14 чалавек, у тым ліку 2 дзяцей. Усе пацярпелыя праходзяць курс лячэбнай антырабічнай вакцынацыі. Бяздомная жывёла, будучы хворай на шаленства, аказалася вельмі ласкавай і старалася аблізаць рукі ці твар усіх, хто да яе дакранаўся», – растлумачыла ўрач-эпідэміёлаг аддзялення асабліва небяспечных інфекцый абласнога ЦГЭіГЗ Наталля Марозава.
Штогод у арганізацыі аховы здароўя Магілёўскай вобласці за аказаннем медыцынскай дапамогі звяртаюцца каля 3 тысяч чалавек, пацярпелых ад укусаў жывёламі. Дзякуючы вакцынацыі захворванні на шаленства людзей не рэгіструюцца. За 1 квартал 2022 зарэгістравана 507 зваротаў: каля 66% зваротаў звязана з пакусамі сабакамі і кошкамі, якія маюць гаспадароў, 29% зваротаў звязана з пакусамі безнагляднымі жывёламі, 3% – дзікімі і 2% – сельскагаспадарчымі жывёламі.
Да шаленства успрымальныя ўсе цеплакроўныя жывёлы. У Магілёўскай вобласці практычна на ўсіх тэрыторыях з большай ці меншай інтэнсіўнасцю рэгіструюцца выпадкі шаленства сярод дзікіх і хатніх жывёл. Інфекцыю распаўсюджваюць у асноўным лісы. Усюды, дзе ёсць ачагі шаленства сярод жывёл, пад пагрозу заражэння трапляюць і людзі.
«Варта памятаць, што здаровая дзікая жывёліна заўсёды пазбягае сустрэчы з чалавекам, праяўленне драпежнікам неўласцівай прыязнасці альбо выяўленай агрэсіі павінна насцярожыць людзей. Катэгарычна нельга рабіць сэлфі з любой дзікай жывёлай, – нагадала Наталля Марозава. – А ў хатніх жывёл з’яўляецца агрэсія (часам паводзіны без зменаў), перакручаны апетыт і г .д. Пры першых прыкметах неўласцівых для жывёлы паводзінаў, неабходна абараніць сябе і сваіх блізкіх ад кантакту і неадкладна звярнуцца да ветэрынарнага ўрача».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.mcge.by/DetailNews.aspx?NewsIDO=4067
[3] https://zviazda.by/be/tags/babruysk
[4] https://zviazda.by/be/tags/shalenstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/sabaka