«Чаму я хачу стаць «студэнтам БДУ на тыдзень»? Збіраюся паступаць на факультэт журналістыкі, бачу сябе ў гэтай сферы дзейнасці і зраблю ўсё магчымае, каб мая мэта ўвасобілася ў рэчаіснасць. Магчымасць зразумець, як гэта — быць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — патэнцыйна неверагодна каштоўны досвед для мяне. І я хацеў бы атрымаць яго дзякуючы вашаму праекту. Я не баюся выказваць свае думкі і ідэі, ісці насуперак меркаванню большасці, быць у цэнтры ўвагі і задаваць пытанні... І гэта плюс, бо наяўнасць крытычнага мыслення — патрэбная кампетэнцыя не толькі для журналіста, але і для кожнага з нас. Я гатовы прызнаваць і выпраўляць свае памылкі і ніколі не буду настойваць на сваёй пазіцыі, калі мне прывядуць абгрунтаваныя аргументы супраць яе. Я заўсёды стараюся пазбягаць канфліктных сітуацый і зводзіць усё да кампрамісаў. Аб'ектыўнасць і бесканфліктнасць — вельмі каштоўныя рысы характару для кожнага з нас. На мой погляд, гэтых трох пунктаў дастаткова, каб мяне ацаніць. Спадзяюся, вы дасце мне магчымасць паўдзельнічаць у мерапрыемстве і праявіць сябе, — напісаў у сваім матывацыйным эсэ адзінаццацікласнік мінскай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны Аляксей Тумаркиін.
Падчас вясенніх канікул у Беларускім дзяржаўным універсітэце прайшоў ужо дванаццаты сезон праекта «Студэнт на тыдзень». Калі на яго старце ў 2016 годзе ўдзельнікамі ініцыятывы сталі ўсяго тры чалавекі (гэта былі абітурыенты журфака), то апошні сезон ахапіў ужо 130 школьнікаў з усёй Беларусі (а ўсяго аргкамітэт разгледзеў 230 заявак). Гэтыя хлопцы і дзяўчаты прайшлі адбор, падрыхтаваўшы матывацыйнае эсэ на тэму «Чаму я хачу стаць студэнтам БДУ?». Іх запрасілі на 18 факультэтаў і ў адукацыйныя інстытуты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля змякчэння эпідэмічнай сітуацыі, нарэшце, атрымалася сустрэцца ў афлайне.
Трэба заўважыць, што некаторыя старшакласнікі выкарыстоўваюць магчымасць прымераць на сябе ролю студэнта неаднаразова: вывучаюць спачатку адзін факультэт, затым іншы, каб пераканацца ў правільнасці здзейсненага выбару.
Гімназіст Лёша Тумаркін прызнаўся, што ў яго сям'і бацькі хацелі, каб ён пайшоў у сферу ІТ. Сам юнак пэўны час таму задумваўся над прафесіяй юрыста, чаму ў немалой ступені паспрыялі замежныя фільмы і добрае веданне профільных экзаменацыйных прадметаў, але творчы пачатак усё ж такі перамог. «Я хачу быць у кадры, — шчыра прызнаўся Аляксей. — Ну што рабіць, калі я гаварун. Люблю задаваць іншым пытанні (смяецца)».
На працягу цэлага тыдня ўдзельнікі праекта наведвалі лекцыі, семінары, лабараторныя заняткі, маладзёжныя мерапрыемствы, знаёміліся са студэнтамі і выкладчыкамі. «Шчыра кажучы, ёсць сумныя лекцыі, дзе можна задрамаць, а ёсць проста крутыя выкладчыкі, якія расказваюць пра тое, што насамрэч табе спатрэбіцца, — канстатуе юнак. — Напрыклад, мы трапілі на заняткі да вядомай тэлевізійнай вядучай Святланы Бароўскай, на лекцыю да загадчыка кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання прафесара Віктара Іўчанкава — гэта сапраўдны прафесіянал з адметным маўленнем. Асвойвалі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў праграму па апрацоўцы фатаграфій, нам расказвалі пра азы работы з навінамі, пра фэйкавыя публікацыі, прававую абарону СМІ, мы наведалі кінастудыю БДУ, тэлеканала АНТ, тэлерадыёкампанію «МИР»... Карацей кажучы, цяпер я дакладна пераканаўся ў тым, што хачу стаць менавіта студэнтам журфака».
У самых цікаўных удзельнікаў праекта была магчымасць сустрэцца за кубачкам гарбаты з адміністрацыяй універсітэта і прадстаўнікамі прыёмнай камісіі, каб задаць ім хвалюючыя пытанні. Іх насамрэч прагучала шмат. Датычыліся яны магчымасці атрымаць месца ў студэнцкім інтэрнаце, памераў студэнцкай стыпендыі. Патэнцыйных абітурыентаў цікавіла, ці будзе далей павялічвацца плата за навучанне, як ставяцца ва ўніверсітэце да студэнтаў, якія працуюць, ці ёсць магчымасць удзелу ў міжнародных абменах. Прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Канстанцін Казадаеў даў падрабязную інфармацыю па кожным з пытанняў. А намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі Вячаслаў Малафееў звярнуў увагу на важныя нюансы ў прыёмнай кампаніі:
— Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ўжо ў маі. Раю вам пераканацца, што ваш пашпарт не патрабуе замены, бо нярэдка бацькі афармляюць сваім дзецям дакументы для выезду за мяжу яшчэ ў дзяцінстве. Вы павінны вызначыцца з пералікам прадметаў, якія плануеце здаваць на ЦТ. У вас ёсць права здаваць чатыры дысцыпліны. І, па вопыце папярэдніх гадоў, прыкладна палова абітурыентаў выбіраюць чацвёрты рэзервовы прадмет. Напэўна, гэта апраўдана, таму што нават у рамках аднаго факультэта на розных спецыяльнасцях (напрамках спецыяльнасцяў) пералік экзаменацыйных дысцыплін можа адрознівацца.
Так, на хімічным факультэце БДУ на спецыяльнасць «Хімія лекавых спалучэнняў» трэба здаваць хімію, біялогію і экзамен па беларускай ці рускай мове. А на спецыяльнасці «Хімія высокіх энергій» — хімію, матэматыку і беларускую ці рускую мову. На спецыяльнасці «Хімія» (напрамак «Фармацэўтычная дзейнасць») таксама трэба здаваць хімію і матэматыку.
На факультэце міжнародных адносін пры паступленні на спецыяльнасць «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму» патрабуецца прадставіць у прыёмную камісію сертыфікаты па дзяржаўнай мове, матэматыцы і замежнай мове. А на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі адкрываецца новая спецыяльнасць «Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць». Там патрабуюцца сертыфікаты па матэматыцы і геаграфіі. Абедзве спецыяльнасці цікавыя і перспектыўныя. Падрыхтоўка па новым напрамку арыентавана на міждысцыплінарнасць і інавацыйныя дысцыпліны, такія, напрыклад, як «Лічбавыя тэхналогіі ў турызме», «ГІС-аналіз і мадэляванне ў турызме», «Маркетынг у турызме», «Анлайн-рэсурсы ў турызме», «Асновы web- праектавання і web-аналітыкі», «Мадэлі даных у сістэме кіравання базамі даных у турызме» і іншыя.
Яшчэ адна новая спецыяльнасць адкрываецца на біялагічным факультэце БДУ — «Біяінжынерыя і біяінфарматыка». Яе адкрыццё абумоўлена адсутнасцю падрыхтоўкі спецыялістаў гэтага напрамку ў Беларусі і высокай запатрабаванасцю прафесіяналаў, якія адначасова валодаюць ведамі ў галіне агульнай біялогіі, геннай інжынерыі, оміксных тэхналогій, інфарматыкі, матэматыкі і статыстыкі. Дадзеная спецыяльнасць з'яўляецца міждысцыплінарнай і ўключае вывучэнне геннай і клетачнай інжынерыі, біяінфарматыкі, малекулярнай біялогіі, біяхіміі, фізіялогіі і структурнай біялогіі, фармакалогіі, вірусалогіі, біямеханікі, арганічнай і неарганічнай хіміі, тэрмадынамікі, нейронных сетак, глыбокага аналізу даных, феномікі, малекулярнай эвалюцыі і іншых дысцыплін. У падрыхтоўцы студэнтаў будзе задзейнічаны кадравы патэнцыял біялагічнага факультэта, факультэтаў прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычнага, хімічнага, радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій.
А на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ з'явіцца новы напрамак «Дызайн касцюма і тканін». Яго адкрыццё дасць магчымасць забяспечыць лёгкую прамысловасць нашай краіны прафесійнымі дызайнерамі адзення. У БДУ іх навучанне пройдзе па спецыялізацыях «Дызайн швейных вырабаў» і «Дызайн тэкстыльных вырабаў».
Асобна Вячаслаў Малафееў спыніўся на аб'яднаным конкурсе на групу спецыяльнасцяў і на факультэт.
— У нас з'яўляецца новая опцыя — аўтаматызаваная сістэма залічэння, — падкрэсліў ён. — Такая сістэма шмат гадоў дзейнічае ў БДУІР. Аб'яднаны конкурс будзе праводзіцца па двух профілях. Першы — «Матэматычныя навукі і інфарматыка»: гэта спецыяльнасці механіка-матэматычнага факультэта, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ — усяго 17 спецыяльнасцяў.
Другі профіль — «Фізічныя навукі»: спецыяльнасці фізічнага факультэта, факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ, а таксама Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ — усяго 11 спецыяльнасцяў.
У заяве, якая падаецца ў прыёмную камісію БДУ, абітурыент указвае першай прыярытэтную для яго спецыяльнасць, а затым расстаўляе па прыярытэтах усе астатнія, па якіх праводзіцца агульны конкурс. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на першую ўказаную імі спецыяльнасць (напрамак спецыяльнасці), удзельнічаюць у конкурсе на наступныя спецыяльнасці (напрамкі спецыяльнасцяў) з названага імі прыярытэтнага пераліку.
Перад пасяджэннем прыёмнай камісіі па залічэнні праводзіцца размеркаванне абітурыентаў, якія прайшлі без экзаменаў, па-за конкурсам, а таксама прайшлі па конкурсе і набралі прахадны бал на факультэт (групу спецыяльнасцяў, групу напрамкаў спецыяльнасці). Размеркаванне абітурыентаў па спецыяльнасцях ажыццяўляецца адкрыта, у прысутнасці абітурыентаў і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў). Зразумела, што агульны конкурс істотна павышае шанцы стаць студэнтам і не застацца за бортам прыёмнай кампаніі.
Вячаслаў Малафееў звярнуў таксама ўвагу на такі важны момант, як заключэнне дагавора на падрыхтоўку спецыяліста з вышэйшай адукацыяй (як на бюджэтную, так і на платную форму навучання). Пасля таго, як стане вядома, што абітурыент набраў патрэбную суму балаў і рэкамендаваны да залічэння, паўналетні малады чалавек заключае з універсітэтам дагавор. Калі ж абітурыент не дасягнуў паўналецця, то гэта робяць за яго бацькі. Студэнты бюджэтнай формы навучання абавязуюцца пасля заканчэння вучобы адпрацаваць па размеркаванні, а студэнты-платнікі — своечасова аплачваць сваё навучанне ва ўстаноўленыя дагаворам тэрміны.
— Калі ж дагавор не будзе падпісаны, то ў загад аб залічэнні вы не трапіце, — папярэдзіў намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі. — Таму пры планаванні свайго адпачынку ў жніўні майце на ўвазе гэтую акалічнасць.
Дарэчы, у сувязі з прыняццем новага Кодэкса аб адукацыі з 1 верасня ў дзеянне ўводзіцца абноўлены Агульнадзяржаўны класіфікатар «Спецыяльнасці і кваліфікацыі». Таму абітурыенты гэтага года аказаліся ва ўнікальнай сітуацыі: назва спецыяльнасці, на якую яны паступаюць, можа змяніцца ў дыпломе аб вышэйшай адукацыі, які яны атрымаюць праз чатыры гады.
Усяго на першую ступень вышэйшай адукацыі дзённай бюджэтнай формы навучання ў БДУ плануюць прыняць 2163 чалавекі, а на завочную бюджэтную — 196. На дзённую платную форму навучання заяўлена 1598 месцаў, а на завочную платную — 696.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота: Прэс-служба БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-universitet
[6] https://zviazda.by/be/tags/praekt-student-na-tydzen-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[8] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kampaniya
[9] https://zviazda.by/be/tags/abyadnany-konkurs
[10] https://zviazda.by/be/tags/ct
[11] https://zviazda.by/be/tags/novyya-specyyalnasci
[12] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kamisiya
[13] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-malafeeu
[14] https://zviazda.by/be/tags/prafilizacyya-navuchannya
[15] https://zviazda.by/be/tags/plan-pryyomu