У гімназіі № 5 горада Мінска была праведзена «Школа актыўнага грамадзяніна» па тэме «Чыстае навакольнае асяроддзе — ключ да здаровага жыцця». У гэты раз госцем мерапрыемства стала старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Таццяна Рунец.
Трэба адзначыць, што да рэалізацыі праекта «ШАГ» гімназія № 5 падыходзіць вельмі крэатыўна. Кожнае такое мерапрыемства праводзіцца ў фармаце перадачы «Сто адно пытанне даросламу» з дадаткам у выглядзе музычных нумароў ад навучэнцаў. Гэта дазваляе пазбегнуць фармалізму, наладзіць дыялог, выйсці за межы заяўленай тэмы і даведацца больш пра запрошанага госця. Сустрэча з Таццянай Рунец не стала выключэннем.
Спачатку Таццяна Аркадзеўна растлумачыла дзецям, чым займаецца Савет Рэспублікі. Затым быў абмеркаваны шэраг пытанняў па заяўленай тэме. Сярод актуальных экалагічных праблем Беларусі старшыня камісіі назвала адсутнасць масавай культуры сартавання адходаў: «Мы спрабуем прывіць практыку раздзельнага збору смецця, у нас стаяць кантэйнеры з надпісамі «шкло» і «пластык», але большасць людзей не звяртае на гэта ўвагу».
Пасля дзеці пачалі задаваць менш афіцыйныя пытанні. Яны пацікавіліся, чаму Таццяна Аркадзеўна вырашыла звязаць сваё жыццё з фінансамі. У адказ госця падзялілася асабістай гісторыяй: «Адкрыю вам сакрэт: як і кожная дзяўчынка, я хацела стаць актрысай. Нават не ведала пра Інстытут народнай гаспадаркі (сучасны БДЭУ). Але ў 10 класе да нас прыйшоў начальнік фінансавага аддзела Докшыцкага райвыканкама. Гэты мужчына мяне вельмі ўразіў. Ён так цікава расказваў пра прафесію фінансіста, што я падумала: а чаму б мне не звязаць сваё жыццё з гэтай сферай?».
У канцы сустрэчы Таццяна Рунец прызналася, што чакала ад мерапрыемства звычайнага лекцыйнага фармату, аднак дзеці сваімі пытаннямі паглыбілі яе ў дзяцінства. Таксама яна падарыла гімназіі кнігу «Бюджэт Рэспублікі Беларусь для грамадзян» і пажадала навучэнцам імкнуцца да фінансавай адукаванасці.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-runec
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkola-aktyunaga-gramadzyanina-0