У Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пабачыла свет кніга вядомага беларускага пісьменніка Кастуся КІРЭЕНКІ «Вандроўнае шчасце: рыбацкая паэма».
Добра вядомы твор не аднойчы прыходзіў да чытача ў самых розных выданнях на беларускай і рускай мовах. Галоўны лейтматыў мастацкага расповяду — жаданне паказаць хараство роднай старонкі вачыма рыбака-вандроўніка. «Калі і як гэта пачалося? — пачынае свой дыялог з чытачом пісьменнік Кастусь Кірэенка. — За прамяністымі маякамі маленства схаваўся ў сініх незабудках духмяны стромісты бераг; пераліваецца, вызвоньвае песню лета задумны Сож; і нешта такое роднае, такое бясконца дарагое раптам прынясе далёкі ўспамін, што сэрца ажно заные і балюча зашчыміць, нібыта забаіцца: а можа, тое ўсё лепшае ўжо даўно аджыло, даўно страчана...
Дзіўна... Далібог, дзіўна...
Хіба ж такое можа стацца, каб аджыло самае дарагое?..
Хіба ж сэрцу было б чым узнаўляць свае сілы, было дзеля чаго трывожыцца і радавацца, калі б самага дарагога ў яго не стала?.. Старонка родная, сіні бераг, цішыня плёсаў, плёскат хваль, тумановыя світанкі, сонца на ўсходзе, зялёныя зоры, водар лугоў... Усё, як адна несціханая, невыказная песня, звініць і нясе мілы напеў праз жыццё...»
Чытанне першых радкоў гэтага твора, які народжаны шмат дзесяцігоддзяў назад, першае кніжнае выданне — 1977 годзе, нагадала старонкі твораў і іншых пісьменнікаў — нашых Віталя Вольскага, Уладзіміра Дубоўкі, старонкі прозы і паэзіі неўміручага Якуба Коласа з яго цёплымі, душою прадыктаванымі зваротамі да рэк і лясоў, старонкі рускіх класікаў Канстанціна Паўстоўскага, Міхаіла Прышвіна, Юрыя Казакова, старонкі адкрытага з дзяцінства Віталія Біянкі... Дарэчы, яшчэ ў 1954 годзе выйшла ў Мінску кніга В. Біянкі ў перакладзе Кастуся Кірэенкі — «Хто чым спявае». Прыродалюбства — вось што магнетычна прыцягвае і да згаданых твораў, і да «Вандроўнага шчасця»...
«Калі ж гэта пачалося? З якой хвіліны вядзе сваю сцежку зачараванасць красою бацькоўскага краю, смутак па мясцінах непаўторных і незабыўных, дзе пляскотныя хвалі, бы казачныя самацветы, сыплюцца, наплываюць на пахкі аер, дзе серабрыстая плотка весела падміргвае вокам, быццам мае сказаць табе нешта дужа таемнае і святое?
З якой хвіліны прыйшла ў душу неўтаймаваная асцярога — каб ніколі не страціць гэтае шчодрасці зямлі, гэтага бясконцага хараства?
З якой хвіліны прыйшло ў душу адчуванне, што ты — жывая часцінка сваіх светлых рачных абшараў, сваіх сонечных і грымотных небасхілаў, сваіх патаемных сцяжыначак-пуцявінак да самага шчаслівага берага?
Гэтую кнігу я назваў рыбацкай паэмай, а паэму —с ветлым іменем „Вандроўнае шчасце“. Бо ў ёй і папраўдзе — сказ пра сходжаныя і нясходжаныя рыбацкія прыгоды.
Пра пясчаныя віры, дзе гуляе між глыбінёю і травамі і ўсміхаецца мудрай усмешкаю нязлоўлены асілак-лешч. Пра шчаслівыя кручкі і блешні, якія сабралася ў скрынках і на сыноў, і на ўнукаў, і на праўнукаў...» І яшчэ: Калі гэта пачалося — што ўсю зямлю чалавек па сардэчным парве пачаў лічыць сваёй роднай матуляй?"
Перагарніце старонкі «Вандроўнага шчасця» — і вы здзейсніце ўнікальнае віртуальнае падарожжа па рэках Беларусі. Дзе толькі не шукаў свае рыбацкія ўдачы Кастусь Кірэенка?! Бярэзіна, Сож, Свіслач, Проня, Балачанка, Волма, Вілейскае водасховішча... Цеплыня, з якой пісьменнік расказвае пра свае ўдачы, пра любаванне стромкім і ціхім цячэннем, колерам вады і тых травінак, кветак, якімі абсыпаны берагі беларускіх рэк, наталяе чытача дабрынёю, светласцю...
У новым выданні ўпрыгожваюць старонкі «рыбацкай памяці» сённяшнія фотаздымкі тых мясцін, якімі вандраваў Кастусь Кірэенка. Аўтары фотаздымкаў — Уладзіслаў Цыдзік і Уладзімір Шафарэнка.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/kastus-kireenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/svislach
[7] https://zviazda.by/be/tags/byarezina
[8] https://zviazda.by/be/tags/volma
[9] https://zviazda.by/be/tags/balachanka