Людзі паступова пачынаюць вяртацца ў свае дамы, пакінутыя ў вёсцы на зіму. Наводзяць парадак на вуліцы і ў хаце, паляць у печы, рамантуюць яе, калі ёсць патрэба. Праўда, такіх свядомых гаспадароў няшмат. Большасць усё ж спадзяецца, што яшчэ сезон печ пратрымаецца, нічога з ёй не здарыцца. У выніку з году ў год адкладваюць на потым нават такія элементарныя рэчы, як чыстку ад сажы дымавых труб і пабелку коміна.
Пачынаючы дачны сезон, паклапаціцеся пра печ, а таксама бяспечнае навядзенне парадку на прысядзібнай тэрыторыі
Штогод перад пачаткам дачнага сезону ратавальнікі нагадваюць грамадзянам: перш чым печ эксплуатаваць, трэба яе праверыць, а калі неабходна — падрамантаваць. У красавіку, каб пагаварыць на гэтую тэму з насельніцтвам, а таксама дапамагчы найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян, аб'яўлены месячнік пажарнай бяспекі, а таксама праходзіць рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам».
З мэтай абследавання супрацьпажарнага стану домаўладанняў ратавальнікі наведваюць адзінокіх і пажылых грамадзян, якія жывуць без дзяцей, а таксама інвалідаў, сем'яў, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Акрамя таго, з людзьмі праводзіцца тлумачальная работа па выкананні правіл пажарнай бяспекі, даводзіцца інфармацыя аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг, накіраваных на бяспечнае існаванне грамадзян.
— Супрацоўнікі МНС і іншыя суб'екты прафілактыкі ў ходзе акцыі не толькі нагадваюць грамадзянам, як пазбегнуць пажару, але расказваюць яшчэ і пра тое, як правільна дзейнічаць, калі надзвычайная сітуацыя ўсё-такі адбылася, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Таксама спецыялісты расказваюць аб важнасці ўстаноўкі ў жылых памяшканнях аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка — прыбора, які зможа папярэдзіць узгаранне нават ноччу. У адпаведнасці з заканадаўствам, адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах ускладзена на іх уласнікаў.
На жаль, прапальваючы хаты пасля зімы, гаспадары не заўсёды выконваюць правілы бяспекі. Менавіта гэта часцей за ўсё і прыводзіць да пажараў. Ратавальнікі асаблівую ўвагу звяртаюць на выкананне правіл эксплуатацыі печаў. У прыватнасці, неабходна дачакацца поўнага прагарання вуглёў. Таксама нельга карыстацца печчу пры наяўнасці абвальвання кладкі, паліць з адчыненымі дзверцамі, размяшчаць каля печы гаручыя рэчывы, не карыстацца вогненебяспечнымі і гаручымі вадкасцямі пры яе распальванні. Катэгарычна забараняецца пакідаць печ, якая выкарыстоўваецца, без нагляду.
15 красавіка супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях стала вядома аб шпіталізацыі пажылой жанчыны з папярэднім дыягназам — атручэнне ўгарным газам. За дзень да гэтага жанчына знаходзілася на дачы ў гарадскім пасёлку Плешчаніцы, што на Лагойшчыне. Распаліла печ, пасля чаго адчула сябе дрэнна і страціла прытомнасць. Добра, што грамадзянка прыйшла да сябе і змагла выклікаць хуткую дапамогу.
Падобны няшчасны выпадак адбыўся ў Бярэзінскім раёне. Бабуля з унукамі прыехала на дачу. Перад гэтым па яе просьбе сусед прапаліў печ. Увечары жанчына і дзеці паскардзіліся на дрэннае самаадчуванне медыкам. Іх неадкладна шпіталізавалі. Дзякуй богу, што ўсё абышлося. Падобныя выпадкі ратавальнікамі фіксуцца па некалькі разоў на тыдзень. Некаторыя з іх — з трагічным фіналам.
Па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне навядзення парадку на прысядзібных участках. Кожны дзень па ўсёй краіне ратавальнікі выязджаюць на тушэнне дзясяткаў узгаранняў сухой расліннасці. Для многіх грамадзян навядзенне парадку на зямлі заканчваецца апёкамі і, адпаведна, шпіталізацыяй. На жаль, ёсць і ахвяры.
Толькі на тэрыторыі Міншчыны з першых дзён вясны супрацоўнікі МНС ліквідавалі больш чым 1200 узгаранняў сухой расліннасці. Усяго ў краіне з пачатку года адбылося 5009 пажараў у прыродных экасістэмах, з якіх 4870 — узгаранняў травы і кустоў.
Прычынай такіх пажараў у большасці выпадках з'яўляецца чалавек. Распальваючы вогнішча, людзі не задумваюцца, што агонь можа перакінуцца на сухую расліннасць, на гаспадарчыя пабудовы, жылыя дамы. Паляць і нават нічога не прадпрымаюць, каб падобнага не дапусціць. А яшчэ выкідваюць у траву непатушаны недакурак або запалку, а потым здзіўляюцца, па якой прычыне ўспыхнуў пажар.
Днямі ў Лагойскім раёне з апёкамі галёнкі і кісці (5 % цела) быў шпіталізаваны пенсіянер. Знаходзячыся на сваім дачным участку ў вёсцы Кузявічы, ён наводзіў парадак на тэрыторыі і спальваў смецце. З-за павеву ветру загарэлася трава. Пажылы мужчыны паспрабаваў самастойна патушыць узгаранне — у выніку атрымаў апёкі.
14 красавіка ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што на мужчыне гарыць адзенне. Як высветлілася, ён заснуў на абочыне аўтадарогі побач з вёскай Усяжа, што ў Смалявіцкім раёне. Людзі, якія праязджалі побач на аўтамабілі, убачылі ўзгаранне сухой расліннасці, а таксама адзення на мужчыне і ліквідавалі яго з дапамогай вогнетушыцеляў. Пацярпелы быў шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя з апёкамі 45 % цела. Адна з версій здарэння — неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння.
Навядзенне парадку на адной з прысядзібных тэрыторый у Мастоўскім раёне, што на Гродзеншчыне, магло скончыцца знішчэннем усёй вёскі. Дзве сям'і прыехалі ў бацькоўскую хату, каб навесці парадак. Вырашылі спаліць смецце ў вогнішчы, якое развялі за хлявом. На моцны вецер ніхто з дарослых людзей не звярнуў увагу. У лічаныя хвіліны полымя перакінулася на траву, лес, гаспадарчыя пабудовы і хаты аднавяскоўцаў. У выніку агнём было знішчана пяць дамоў (у двух жылі людзі) і 17 гаспадарчых пабудоў. Акрамя таго, было пашкоджана каля чатырох гектараў лесу. Калі б не аператыўная рэакцыя ратавальнікаў, мясцовага лясніцтва, механізатараў і жыхароў вёскі, маштаб трагедыі мог быць значна большы.
Ратавальнікі не перастаюць нагадваць: распальваць вогнішча неабходна ў бязветранае надвор'е, на бяспечнай ад будынкаў і збудаванняў адлегласці. Месца для развядзення агню павінна быць ачышчана ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці. Каб агонь не распаўсюджваўся па сухой траве, вогнішча трэба акапаць. Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць для распальвання гаручыя ці лёгкаўзгаральныя вадкасці!
— Спальванне смецця неабходна ажыццяўляць пад пастаянным кантролем, — падкрэслівае Анастасія Швайбовіч. — Пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель або вядро вады і рыдлёўка. Пасля таго, як вогнішча дагарэла, не забудзьцеся вуглі заліць вадой: гэтым вы папярэдзіце паўторнае ўзгаранне. Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі паведамляйце аб узгаранні ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па нумарах 101 або 112.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МНС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns
[4] https://zviazda.by/be/tags/lecishcha
[5] https://zviazda.by/be/tags/adpachynak