У канцы мінулага года кіраўнік дзяржавы падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Як адзначаюць многія спецыялісты, карэкціроўка Падатковага кодэкса на 2022 год нацэлена вырашыць практычныя пытанні падаткаабкладання. А мы дэталёва разбяромся, каго менавіта закранулі гэтыя змены. На пытанні нашага карэспандэнта пагадзіўся адказаць намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Ігар Скрыннікаў.
— Ігар Віктаравіч, якія змены сёлета закранулі падаткаабкладанне маёмасці фізічных асоб і чаму?
— Так, з 2022 года сапраўды адбыўся шэраг істотных змяненняў у падаткаабкладанні нерухомай маёмасці грамадзян.
У першую чаргу, варта адзначыць адмену льготы па падатку на нерухомасць у дачыненні да адной кватэры. Гэта значыць, кожная кватэра, якая належыць грамадзянам, цяпер будзе абкладацца падаткам на нерухомасць. Змяненне выраўноўвае ўмовы падаткаабкладання ўладальнікаў жылых дамоў і ўладальнікаў кватэр, паколькі ўладальнікі жылых дамоў, дач, садовых домікаў выплачвалі і раней падатак на нерухомасць з кожнага такога аб’екта, а ўладальнікі кватэр — толькі з другой кватэры.
Пры гэтым для пэўных катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў падтрымцы з боку дзяржавы, як і ранней, льгота захоўваецца, аднак абмяжоўваецца толькі адной кватэрай, а па другой і наступным кватэрах падатак неабходна выплаціць. Для шматдзетных сем’яў захавана льгота па ўсіх кватэрах, якія ім належаць.
— Змены закранулі і тэрміны аплаты такіх падаткаў?
— Іншым значным змяненнем з’яўляецца пераход да аплаты насельніцтвам падатку на нерухомасць і зямельнага падатку пасля завяршэння каляндарнага года (да 2022-га гэтыя падаткі выплачваліся грамадзянамі ў бягучым годзе). Так, напрыклад, за 2023-ы падаткі фізічнымі асобамі будуць падлягаць аплаце не пазней за 15 лістапада 2024 года і гэтак далей.
А для сум падаткаў, якія неабходна выплаціць грамадзянамі за 2022 год, гэта значыць, у пераходны год, прадугледжана аплата ў два этапы па двух тэрмінах: не пазней чым 15 лістапада 2022 года — авансавы плацеж у памеры 50 % ад вылічаных сум, і не пазней чым 15 лістапада 2023 года — астатняя сума падаткаў.
Такая схема аплаты дазволіць аднойчы ўлічыць усе змены, якія адбыліся з аб’ектамі падаткаабкладання на працягу каляндарнага года, палічыць грамадзянам падатак выключна за перыяд фактычнага знаходжання нерухомасці ва ўласнасці або карыстанні канкрэтнага плацельшчыка без наступнага пераразліку. У цэлым такі падыход значна спросціць працэдуру разліку падаткаў, зрабіўшы яе больш зразумелай, зручнай і эфектыўнай як для простых людзей, так і для падатковых органаў.
З гэтага года таксама ўніфікаваны парадак вызначэння кошту аб’ектаў нерухомасці для мэт вылічэння грамадзянам падатку на нерухомасць. Гэты кошт будзе вызначацца падатковымі органамі шляхам множання кошту аднаго квадратнага метра для тыпавога аб’екта (устаноўлены Падатковым кодэксам) на плошчу аб’екта нерухомасці, па якім вылічаецца падатак.
— Уладальнікі нават адной кватэры ў шматкватэрных жылых дамах цяпер будуць абавязаны заплаціць падатак на нерухомасць. Ці дастаткова гэта вялікія сумы?
— Сумы падатку на нерухомасць, якія будуць прад’яўляцца ўладальнікам кватэр за гэты год, невялікія. Так, падатак на нерухомасць для кватэры плошчай 60 квадратных метраў складзе ад 30 рублёў у невялікіх населеных пунктах да 50 рублёў у горадзе Мінску.
Пры гэтым неабходна адзначыць, што ў 2022 годзе грамадзянамі будзе аплачвацца толькі авансавы плацеж па падатку ў памеры 50 % ад вылічаных сум падаткаў, адпаведна, сёлета выплаціць неабходна будзе падатак на нерухомасць у памеры ад 15 да 25 рублёў.
— Цікава, а ад чаго залежыць памер падатку?
— Падатак на нерухомасць залежыць ад віду аб’екта нерухомасці (гараж, жылы дом, кватэра ці іншае), яго плошчы, а таксама ад месца размяшчэння такога аб’екта (у Мінску, у абласных цэнтрах, іншых населеных пунктах).
— Такі падатак на нерухомасць выплачваецца раз на год або яго магчыма аплаціць часткамі?
— Фізічныя асобы абавязаны аплаціць падатак на нерухомасць у тэрмін не пазней за 15 лістапада года, наступнага за справаздачным. Пры гэтым не мае значэння: адной сумай або ў некалькі плацяжоў — выплачваецца падатак.
Яшчэ раз нагадаю пра асаблівасць аплаты падатку за 2022 год. Такая аплата будзе праводзіцца па двух тэрмінах: не пазней за 15 лістапада 2022 года — авансавы плацеж у памеры 50 % вылічаных сум, не пазней за 15 лістапада 2023 года — астатняя сума падатку.
— Ільгота па падатку на адну кватэру адмяняецца, але не для ўсіх. Хто вызваляецца ад такога падатку і цяпер?
— Ільгота захавалася для пэўных катэгорый фізічных асоб, якія маюць патрэбу ў падтрымцы з боку дзяржавы. Да іх адносяцца пенсіянеры, інваліды І і ІІ групы, непаўналетнія дзеці, ветэраны і шэраг іншых катэгорый фізічных асоб, для якіх адна кватэра вызваляецца ад падатку, а падатак выплачваецца толькі з другой і наступных кватэр.
Члены шматдзетных сем’яў вызваленыя ад падатку па ўсіх сваіх кватэрах.
— Ці магчыма вызваліцца ад аплаты падатку на нерухомасць па нейкіх іншых прычынах (цяжкае матэрыяльнае становішча, гібель блізкіх сваякоў або іншае)?
— Падатковым кодэксам прадугледжана магчымасць вызвалення грамадзян ад аплаты падатку ў сувязі са знаходжаннем такіх асоб у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пры гэтым рашэнне аб вызваленні прымаецца мясцовым выканаўчым камітэтам.
— Так, разабраліся з сітуацыяй, калі чалавек валодае адной кватэрай. А ў каго ёсць дзве (і больш) кватэры, цяпер будуць плаціць у два разы больш або, магчыма, у разы? Для гэтай катэгорыі грамадзян падатак на нерухомасць на другую (і больш) кватэру можа павялічвацца мясцовымі ўладамі, як гэта было і раней?
— З 2022 года адменена стаўка падатку на нерухомасць у памеры 0,2 %, якая выкарыстоўвалася раней пры разліку падатку на нерухомасць грамадзянам, якія валодаюць дзвюма і больш кватэрамі. Гэта значыць, цяпер такія асобы будуць аплачваць падатак па агульнаўстаноўленай стаўцы ў памеры 0,1 працэнта ад кошту нерухомасці.
Акрамя таго, пры разліку падатку на нерухомасць уладальнікам кватэр (як адной, так і некалькіх) не будуць прымяняцца павышаныя каэфіцыенты, якія ўстанаўліваюцца рашэннямі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Таму для ўладальнікаў дзвюх і больш кватэр падатак на нерухомасць істотна не павялічыцца.
— Хто павінен у гэтым годзе плаціць транспартны падатак? Ад чаго залежыць памер транспартнага падатку для простага абывацеля — уласніка транспартнага сродку?
— Плацельшчыкамі транспартнага падатку з’яўляюцца грамадзяне, у тым ліку зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, за якімі ў ДАІ МУС зарэгістраваныя транспартныя сродкі.
У бягучым годзе грамадзянамі будзе праводзіцца канчатковая даплата транспартнага падатку за 2021 год (у мінулым годзе імі выплачваўся фіксаваны авансавы плацеж у памеры 20 або 29 рублёў у залежнасці ад тыпу транспартнага сродку).
Стаўкі транспартнага падатку ўстаноўлены Падатковым кодэксам і дыферэнцыраваны ў залежнасці ад дазволенай максімальнай масы (для легкавых і грузавых аўтамабіляў), ёмістасці транспартнага сродку (для аўтобусаў) альбо вызначаюцца за адну адзінку транспартнага сродку (для прычэпа-дачы (каравана), матацыкла і седлавога цягача).
Напрыклад, гадавая сума падатку за легкавы аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай ад 1,75 тоны да 2 тон складае 102 рублі, а для матацыкла — 41 рубель.
На сайце міністэрства ў раздзеле «Транспартны падатак» можна больш падрабязнага азнаёміцца з інфармацыяй аб стаўках транспартнага падатку.
— Як даведацца пра свой падатак на машыну?
— Сума транспартнага падатку, якая падлягае даплаце за 2021 год, будзе адлюстравана ў паведамленні падатковага органа, якое накіроўваецца грамадзянам не пазней за 1 верасня гэтага года.
Да гэтага ж перыяду ўсе налічэнні будуць адлюстраваны ў электронным сэрвісе падатковых органаў «Асабісты кабінет плацельшчыка» і размешчаны ў сістэме «Разлік» (АРІП).
— Калі і як плаціць транспартны падатак у гэтым годзе?
— Даплату транспартнага падатку за 2021 год спатрэбіцца зрабіць не пазней як 15 лістапада гэтага года.
Аплату транспартнага падатку можна ажыццявіць рознымі спосабамі: на пошце, у банку, праз электронны сэрвіс «Асабісты кабінет плацельшчыка» альбо праз сістэму «Разлік» (АРІП) (праз інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг).
— Хто мае льготы па аплаце транспартнага падатку?
— У Падатковым кодэксе вызначана катэгорыя грамадзян, для якіх зніжаны стаўкі транспартнага падатку.
Так, стаўка транспартнага падатку памяншаецца:
на 50 працэнтаў у дачыненні да транспартных сродкаў, зарэгістраваных за:
на 25 працэнтаў — для інвалідаў ІІІ групы.
Аднак дадзеная льгота даецца толькі пры ўмове наяўнасці ў грамадзяніна сапраўднага пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі.
Таксама поўнае або частковае вызваленне ад выплаты транспартнага падатку па транспартных сродках, якія не выкарыстоўваюцца ў прадпрымальніцкай дзейнасці, маюць права атрымаць грамадзяне, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Рашэнне аб вызваленні прымаецца мясцовым выканаўчым камітэтам.
— У мяне ёсць машына, яна на хаду, але я ў ёй не езджу. Ці трэба мне плаціць такі падатак? А калі машына патрабуе рамонту?
— Аб’ектам падаткаабкладання транспартным падаткам прызнаюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя за грамадзянамі ў ДАІ МУС, гэта значыць, непасрэдна маёмасць грамадзяніна.
Адпаведна, вылічэнне транспартнага падатку ажыццяўляецца незалежна ад удзелу транспартнага сродку ў дарожным руху і яго тэхнічнага стану.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/mayomasnyya-padatki
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-skrynnikau
[5] https://zviazda.by/be/tags/akon-ab-zmyanenni-zakonau-pa-pytannyah-padatkaabkladannya