Беларуская сельгаспрадукцыя на экспарт будзе пастаўляцца не насуперак унутранаму рынку. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло на VІ Міжнародным форуме «Беларусь мясная».
«Галоўная задача перапрацоўчай галіны і Міністэрства сельскай гаспадаркі — накарміць сваіх грамадзян, а лішак прадукцыі мы будзем прадаваць на знешнім рынку. Таму экспарт будзе праводзіцца не насуперак унутранаму рынку, — заявіў міністр. — На аднаго чалавека мы вырабляем 137 кг мяса за год — гэта практычна 135 працэнтаў ад унутранага спажывання, гэта значыць 35 працэнтаў мы можам лёгка экспартаваць. Сёння мы экспартуем прадукцыі больш як на $1 млрд. І чым больш мы будзем вырабляць мяса птушкі, свініны і ялавічыны, тым больш будуць расці гэтыя лічбы».
Ігар Брыло таксама адзначыў, што беларуская мясная прадукцыя прадстаўлена больш як у 100 краінах, кожны год гэты спіс папаўняецца, але асноўная доля экспарту ўсё ж прыпадае на Расійскую Федэрацыю.
«Для нашых вытворцаў адкрываюцца тыя нішы, якія не запатрабаваны ў Расіі. Калі мы іх выкарыстоўваем, то ў бліжэйшыя 5-7 гадоў зможам працаваць на павелічэнне вытворчасці, не баючыся, што наша прадукцыя можа заляжацца на складах», — падкрэсліў міністр.
Паводле слоў міністра, Беларусь была і застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, таму любое павышэнне цэн на той ці іншы від прадукту дастаткова балючае. Нягледзячы на тое, што цэны на ўвазную сыравіну і кампаненты для вытворчасці мясных і малочных прадуктаў даражэюць, перапрацоўчым прадпрыемствам быў дадзены пасыл адшукваць унутраныя рэзервы. «Падняць цэны лягчэй за ўсё, але трэба думаць і аб нашым пакупніку. Таму калі цана і будзе павышацца, то гэта будзе абгрунтавана. На сённяшні дзень у нас закладзена 1-2 % на механізм павышэння цэн штомесяц», — сказаў Ігар Брыло.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/igar-brylo
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/harchavanne