Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Якубіцкая напярэдадні Дня Вялікай Перамогі наведала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Піліпа Іванавіча Карлава, які жыве ў Жодзіна. Разам з Наталляй Віктараўнай да паважанага чалавека прыехалі старшыня Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў Кірыл Барсукоў, дэпутат Жодзінскага гарадскога Савета Арцём Аруцюнян, дэпутат Мінскага абласнога Савета, дырэктар Жодзінскай гімназіі № 1 Генадзь Коршун, прадстаўніцы Жодзінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын.
Па традыцыі, госці прыехалі да ўдзельніка вайны з падарункамі: мікрахвалёўкай, мульціваркай, падарачнымі і прадуктовымі наборамі. Перш чым іх уручыць, Наталля Якубіцкая павіншавала Піліпа Іванавіча са святам, пажадала ад імя ўсёй дэлегацыі моцнага здароўя і даўгалецця, падзякавала яго за той уклад, што ўнёс у капілку агульнай перамогі.
Пасля гэтага гаспадар запрасіў шаноўных гасцей за салодкі стол. За кубачкам гарбаты адбылася шчырая, душэўная размова.
Перш Наталля Віктараўна папрасіла ветэрана падзяліцца ўспамінамі, расказаць аб жыццёвым і баявым шляху.
— Нарадзіўся я 11 кастрычніка 1927 года ў Башкірыі, у простай сям’і, дзе гадавалася разам са мной чацвёра дзяцей, бацька быў на фронце, — пачаў аповед Піліп Іванавіч. Калі пачалася вайна, мне споўнілася 14 гадоў. Маці было цяжка спраўляцца з гаспадаркай, карміць малых. Таму пасля заканчэння сямігодкі я пайшоў працаваць у калгас.
У 1944 годзе 17-гадовы юнак атрымаў павестку. Прызыўнікоў павезлі на Далёкі Усход. Да месца дыслакацыі дабіраліся 28 сутак. У канцы студзеня прыехалі ва Уладзівасток. Піліп Карлаў трапіў у 7-ю Ціхаакіянскую авіяцыйна-тэхнічную базу, дзе пасля заканчэння курса маладога байца быў накіраваны на ахову аэрадрома ў складзе зенітна-кулямётнага разліку.
— Ці помніце, як сустрэлі Дзень Перамогі? — пацікавілася ў яго Наталля Якубіцкая.
— З радасцю. Адкрылі страляніну ў паветра, нават з ракетніц палілі. А камандзір палка танцаваў цыганачку, адбіваў чачотку. Такое не забудзеш ніколі, — кажа Піліп Карлаў.
Пасля заканчэння вайны з Японіяй аб’ект ліквідавалі. Вайсковец праслужыў яшчэ сем гадоў на тэрміновай службе, затым быў на звыштэрміновай.
Дэмабілізаваўся з арміі ў 1974 годзе і разам з сям’ёй пераехаў у Жодзіна, працаваў у камбінаце па добраўпарадкаванні, электрыкам. У 2000-м выйшаў на пенсію.
— Дзядуля — гонар нашай сям’і, — расказала ўнучка Марына. —Ён у нас аптыміст па жыцці, добра выглядае, таму што вядзе актыўны лад жыцця. Ніколі не сядзіць на месцы. Зімой, восенню кожны дзень у яго прагулка на свежым паветры. Вясной і летам на веласіпедзе ездзіць на дачу, сам садзіць агарод, бульбу. Мы дапамагаем хіба што прапалоць градкі і выкапаць «другі хлеб». А сёлета дзед збіраецца разам з дачкой Маяй, якая жыве ў Брэсце, паехаць на Урал да сваякоў.
— А чым вам дапамагае дзяржава? — запыталася ў ветэрана Наталля Якубіцкая.
— Я забяспечаны ўсім неабходным. Ды мне шмат і не трэба, хапае ўсяго. Падтрымліваю палітыку, што праводзіць наш Прэзідэнт. Калі б не Аляксандр Рыгоравіч, то невядома што было б з нашай краінай. Паглядзіце, што адбываецца ў нашых суседзяў.
— Ды і ўзровень жыцця ў нашых людзей высокі. Гэта відаць па вашым горадзе. Жодзіна прыгажэе, будуецца, добраўпарадкоўваецца, — падтрымала Піліпа Іванавіча старшыня Мінаблсавета.
А нядаўна каля дома ветэрана мясцовыя ўлады арганізавалі добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, паклалі тратуарную плітку, заасфальтавалі дарожкі.
— І ўсё ж, калі нешта спатрэбіцца, звяртайцеся асабіста да мяне ў любы час, заўсёды буду рада дапамагчы заслужанаму чалавеку, — сказала напрыканцы сустрэчы Наталля Якубіцкая.
Яна таксама паведаміла, што на 1 красавіка 2022 года ў Мінскай вобласці пражывае 310 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 183 іваліды і ўдзельнікі вайны, 1035 асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны, сярод якіх 922 былыя вязні фашызму. Аднаразовая матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі будзе выплачана 1298 ветэранам Вялікай Айчыннай і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, на суму 1 167 900 рублёў. Выплаты адбудуцца ў максімальна кароткія тэрміны
Ветэран праводзіў гасцей да дзвярэй і цёпла з імі развітаўся. Яму вельмі пасавала ваенна-марская форма, якую яму пакінулі з правам нашэння ў цывільным жыцці пры выхадзе ў запас. А лацканы пінжака ўпрыгожвалі ўзнагароды. Сярод іх — медалі «За перамогу над Японіяй» і «За баявыя заслугі».
Ужа на вуліцы карэспандэнт пацікавілася, што значаць для гасцей 9 Мая і такія сустрэчы.
Кірыл Барсукоў, старшыня Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў:
— Ацэньваю гэтую дату як памяць, як вопыт. Мы слухаем ветэранаў і бачым праз што яны прайшлі: смерць, холад, голад. Нашы дзеці, сем’і хочуць спакойна жыць і працаваць. Трэба рухацца наперад, каб на нашай зямлі быў мір, спакой, і ні ў якім выпадку не дапускаць ваенных дзеянняў і рознагалоссяў, якія існуюць у нашых суседзяў.
Арцём Аруцюнян, дэпутат Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў:
— Для мяне самае галоўнае, каб ветэраны, якія засталіся, данеслі з дапамогай нас, дэпутатаў, дзяржавы да маладога пакалення тое, што яны перажылі падчас вайны. Каб маладыя людзі ведалі, што вайна —гэта страшна. Самае галоўнае не забываць нашу гісторыю і не дапусціць паўтарэння трагічных падзей.
Генадзь Коршун, дэпутат Мінскага абласнога Савета, дырэктар Жодзінскай гімназіі № 1:
— Падзеі, што адбываюцца ў свеце паказваюць, што нам нельга забываць свята Перамогі, нашых ветэранаў. Некаторыя дзяржаўныя дзеячы суседніх краін імкнуцца перапісаць гісторыю, а 9 Мая аб’яўляюць не Днём Перамогі, а днём трагедыі. Але мы святкавалі і будзем святкаваць гэты вялікі дзень. У нас ва ўсіх навучальных установах праходзяць Дні памяці. Мы павінны помніць мінулыя падзеі для таго, каб такое ніколі не паўтарылася. Той, хто не помніць гісторыю, паўторна наступае на граблі. І канешне ў гэты дзень мы павінны аддаць даніну павагі тым, хто абараніў нас ад фашызму. Чым больш будзем помніць, тым чысцей будуць нашы душы.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-deputatau-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/veteran-vyalikay-aychynnay-vayny
[6] https://zviazda.by/be/tags/bszh