Хто чуў хоць адну песню гэтых дзяўчат і бачыў іх на сцэне, абавязкова заўважыў шчырасць і гармонію, адчуў сяброўскі дух і харызму, атрымаў асалоду ад кожнага іх зладжанага руху, ад яркіх, створаных уласнаруч, беларускіх строяў. Нездарма ж арт-гурт носіць назву «Гармонія» — яна і сапраўды відаць ва ўсім. На працягу некалькіх гадоў трыа супрацоўнічае з райвыканкамамі сталіцы, прымае актыўны ўдзел з запальнымі песнямі ў розных гарадскіх святах і кірмашах, мае шэраг узнагарод і падзяк. Каб пагутарыць у нязмушанай абстаноўцы, тры прыгожыя вакалісткі запрасілі мяне ў Дом культуры «Трактарнага завода», дзе праходзяць іх штодзённыя рэпетыцыі.
Першай, хто мяне сустрэў у сценах палаца, — заснавальніца і кіраўніца гурту Наталля Рашэўская. Як сапраўдныя, шчодрыя гаспадыні, Наталля Пятроўна разам з Марынай Забаўскай і Вольгай Юшкевіч запрасілі мяне за стол, поўны салодкіх ласункаў. За духмяным чаем мы пачалі нашу гутарку.
Як нарадзілася ідэя стварыць арт-гурт? Усё пачалося ў 2006-м, калі Наталля Пятроўна была салісткай рускага народнага хору імя Аляксандры Мікіцінай. На той час хор выступаў у Беларусі і Расіі, дзе, як узгадвае спявачка, артыстам апладзіравалі стоячы. Наталля Пятроўна — неаднаразовая пераможца агляду-конкурсу МТЗ «Спявай, беларус» у намінацыях народнага і эстраднага вакалу, дыпламант Міністэрства культуры за папулярызацыю нацыянальнай культуры і актыўны ўдзел у мерапрыемствах дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур».
Так, у 2016 годзе Наталля Рашэўская прапанавала ідэю стварыць «мабільную» версію хору. Па словах удзельніц, утрох ім сапраўды зручна ездзіць на мерапрыемствы і канцэрты, прасцей збірацца на рэпетыцыі: «Хор — гэта нешта вялікае, нават паехаць кудысьці, арганізаваць, неабходна шмат намаганняў. А калі маленькі гурт, як наш, заўсёды прасцей дамовіцца», — лічыць кіраўніца.
У трыа ўвайшлі ўдзельніца хору імя А. Мікіцінай Сулім Акцябрына, пачынаючая тады спявачка Марына Забаўская і салістка, заснавальніца арт-гурта «Гармонія» Наталля.
— Я працую на трактарным заводзе шліфоўшчыцай, — пачала размову Марына. — У цэху быў свой творчы калектыў, наведвала, акрамя гэтага я скончыла школу па класе скрыпка. Дома ў нас усе спяваюць: мая бабуля, сёстры. Я вырасла на гэтым, мне заўсёды гэта было цікава. Калі прапанавалі паспрабаваць сябе ў гурце, думаю, пайду схаджу, — успамінае Марына Забаўская, — так і затрымалася.
— Калі наша ўдзельніца Акцябрына вырашыла сысці ад нас, памятаю, мы засталіся ўдваіх. Думалі: як жа быць? А тут я пайшла працаваць у дзіцячы садок, і загадчыца гаворыць, што ў іх цудоўны музычны кіраўнік, вельмі актыўная і рухавая жанчына. Я спытала ў яе, ці жадае яна паспрабаваць сябе, але папярэдзіла, калі ўжо прыйдзе ў калектыў, то гэта сур’ёзна і надоўга, — узгадвае той час Наталля Пятроўна.
— Памятаю, было лета, ва ўсіх адпачынкі, а мы рабілі рамонт у садку. І вось Наталля Пятроўна падтрымлівае лесвічку, на якой стаю, каб не звалілася, і прапаноўвае мне пайсці з імі паспяваць. Як я толькі ад такой навіны не паляцела ўніз з гэтай лесвіцы, — смяецца Вольга.
Дарэчы, родныя Вольгі Юшкевіч ведаюць увесь рэпертуар «Гармоніі». Спявае ўся сям’я, а старэйшая дачка, Крысціна, нават займалася пры № 201 школе ў даволі знакамітым хоры «Фэст» пад кіраўніцтвам Элы Старажук.
Першыя ўзнагароды не прымусілі сябе чакаць — ужо ў канцы 2016 года дзяўчаты сталі пераможцамі ІІІ ступені мінскага фестывалю народнай творчасці «Сузор’е». У 2017-м трыа становіцца пераможцамі VI Мінскага гарадскога агляды-конкурсу патрыятычнай песні, а таксама дыпламантамі фестывалю хрысціянскіх культур «Хваліце імя Господняе!».
З 2019-га спявачкі плённа супрацоўнічаюць з беларускімі аўтарамі і кампазітарамі Эдуардам Білейчыкам і Марыяй Лебядзько. З песнямі Марыі яны сталі пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю аўтарскай бардаўскай песні «На доўгім бродзе». А ў 2020-м калектыў атрымаў падзяку за ўдзел у канцэртных праграмах «Кірмаш талентаў» падчас правядзення ХХІХ і ХХХ Міжнароднага фестывалю культуры «Славянскі базар у Віцебску», удзячнасць за актыўны ўдзел у рабоце фестывалю «Славянская ліра — 2021».
У пачатку 2021 года шляхі трыа сустрэліся з паэтам-песеннікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы Канстанцінам Цыбульскім. Аўтар-песеннік якраз шукаў невялікі калектыў, каб стварыць саюз, ён і прапанаваў зрабіць сумесны праект «Залаты млын». Гэты праект яшчэ больш раскрыў творчы патэнцыял удзельніц і ўжо сёлета ў верасні яны былі ўзнагароджаны ўдзячнасцю за актыўны ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю народных культур.
Артысткі пачыналі з народнага жанра, але паступова з творчым ростам іх рэпертуар пашыраўся. З прыходам у калектыў Вольгі, спявачкі пачалі разумець, у якім творчым кірунку трэба рухацца. Паступова сталі заўважаць, што на эстрадзе ёсць не запоўненая ніша — жанр поп-фолк. А гэта песні найперш для душы, каб патанчыць, пасмяяцца і паплакаць.
— Мы першапачаткова ствараліся, каб спяваць песні нашых беларускіх аўтараў, — гаворыць Наталля Пятроўна. — Аднак на ўсё патрэбны былі грошы, неабходна было стварыць запатрабаваны кантэнт, спачатку мы спявалі кірмашова-забаўляльныя творы, пасля склалі канцэртны рэпертуар. І калі з’явіліся першыя грошы, пачалі набываць творы нашых аўтараў, а яны вельмі таленавітыя. Так, дарэчы, пакрысе слава нас данесла да Канстанціна Цыбульскага, а ён усё ж велічыня!
— З’явіліся спонсары, якіх нам знайшоў Канстанцін Цыбульскі, і мы знялі два кліпы. Вельмі запамінальнымі былі здымкі на песню «Добрым людзям» , што адбываліся ў вясковай хаце бабулі Вольгі Юшкевіч, — расказвае Наталля Рашэўская.
Вольга паказвае відэа на тэлефоне: «Гэта хата маёй бабулі-нябожчыцы, там многае зроблена рукамі майго бацькі і муж таксама фанат усёй гэтай старызны».
— Напрыклад, на вясковай печы ёсць цяпер бяспечны драўляны прыпечак для дзяцей. Мая маці частавала ўсю нашу каманду блінамі, прыйшлі суседзі паглядзець — так што здымкі праходзілі вельмі цікава, у натуральных абставінах, у сапраўднай беларускай хаце!" — дзеліцца ўдзельніца гурту.
Часта для здымак кліпаў жаноцкі калектыў выязджае ў розныя цікавыя мясціны краіны, напрыклад — у аграсядзібу «Жодзішкі», дзе знаходзяцца аўтэнтычныя пабудовы пазамінулага стагоддзя, працуе сапраўдны вадзяны млын, жорны. Спявачкі ўдзячныя гаспадару сядзібы Уладзіславу Баляслававічу Цыкату за магчымасць зняць кліп на тэрыторыі комплексу. Дарэчы, артысткі ўдзячны і эстраднаму спеваку, іх добраму сябру Валерыю Каняхіну, які заўсёды імкнецца дапамагчы дзяўчатам і ў здымках, і ў пэўных арганізацыйных момантах. «Валерый вельмі просты чалавек, — кажа Наталля. — Калі ён паглядзеў, у якім стане ў нас арганізацыйныя моманты, стаў нам дапамагаць. Мы ж у асноўным занятыя песнямі, рэпертуарам, касцюмамі», — тлумачыць кіраўніца гурта і выказвае ўдзячнасць Вікторыі Дуброўскай, якая з’яўляецца іх арт-дырэктарам.
У 2021 годзе калектыў атрымаў удзячнасць ад беларускага грамадскага аб’яднання «Ветэраны ваеннай разведкі» за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных ваенна-патрыятычнаму выхаванню грамадзян Рэспублікі Беларусь. Аб супрацоўніцтве з сапраўднымі маракамі, членамі ГА «Беларускі саюз ваенных маракоў» удзельніцы гурту ўзгадваюць з асаблівымі пачуццямі. Дзяўчат запрасілі суправаджаць ваенных маракоў у адстаўцы ў паездцы па гістарычных мясцінах, прымеркаванай да Дня ваенна-марскога флоту.
— З маракамі мы пазнаёміліся ў 2019 годзе, калі адбылася паездка, — узгадвае Наталля Пятроўна, — а з ваеннай разведкай давялося пазнаёміцца ў 2020-м. Спачатку на мерапрыемства хацелі запрасіць рускі народны хор імя А. Мікіцінай, аднак ён усім складам быў на летніх канікулах і тады звярнуліся да нас, — гаворыць яна. — Як жа пасля ўсе жанчыны хору зайздросцілі нам! — смяецца салістка. Падчас паездкі нас вельмі падтрымліваў палкоўнік у адстаўцы, старшыня БГА «Ветэраны ваеннай разведкі» Аляксандр Канстанцінавіч Бітус, а таксама намеснік старшыні Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Мінска «Пабрацім» ГА «Беларускі саюз ветэранаў Афганістана» Уладзімір Аляксандравіч Шуляк — вялікі дзякуй ім.
Вакалістак вельмі ўразілі адносіны гэтых былых ваеннаслужачых да жанчын, іх асаблівы спакой, ураўнаважанасць, любое пытанне вырашалася хутка. Спявачкі ўзгадваюць паважлівае стаўленне да іх калектыву — кожная сапраўды адчула сябе як за каменнай сцяной — і выказваюць удзячнасць старшыні Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз вайсковых маракоў» контр-адміралу Аляксандру Мачайкіну і намесніку старшыні грамадскага аб’яднання, былому афіцэру-падводніку, капітану другога ранга Валерыю Халадзіліну.
— Яны афіцыйна нас удачарылі, — смяецца Наталля. — Контр-адмірал Аляксандр Мачайкін сказаў тады, што мы абвяшчаемся адміральскімі дочкамі. І цяпер калі выпадкова дзесьці сустракаемся, яны нас вельмі цёпла вітаюць, заўсёды з абдымкамі, — кажа артыстка.
— Якім жа чынам ствараюцца вашы канцэртныя касцюмы, — пытаюся я ў дзяўчат.
— Касцюмы, здаецца, аднолькавыя, але калі прыглядзецца, то ў кожнай свой. У нас было пытанне наконт зімніх строяў, бо апранаць паліто і курткі таксама неяк несалідна. Для гледача павінна ўсё выглядаць культурна, эстэтычна. Таму для халоднай пары года мы сшылі шубкі, — гаворыць Наталля.
Дарэчы кіраўніца калектыву стварае касцюмы уласнаруч: спачатку робіць эскізы, абмяркоўвае з дзяўчатамі і толькі тады бярэцца за работу — шые дома самастойна.
Дзяўчаты расказваюць, што цяпер яны як сям’я, у іх няма сакрэтаў, а толькі поўны давер. Галоўнае, як кажуць вакалісткі, каб яны чулі адна адну, спявалі і дыхалі ў такт.
— Усё разам, бо калі не так, не атрымаецца, калі кожны будзе сам па сабе, як бы цудоўна хто ні спяваў, не будзе ансамбля, — лічыць кіраўніца гурта.
«Гармонія» вельмі любіць працаваць у навагоднюю ноч, калі людзі збіраюцца на плошчы, танчаць, а яшчэ — калі гледачам падабаецца песня, усе крычаць «брава» і не адпускаюць.
— А як жа сям’я без вас у навагоднюю ноч? — пытаюся ў маіх суразмоўніц.
— Мая сям’я, суседзі — усе збіраюцца і ездзяць на машыне за намі, па тых плошчах, дзе мы выступаем. Паглядзелі, паздымалі, як мама спявае і танцуе. А потым едуць дамоў класці спаць дзяцей, ну а мы з калектывам далей працуем, усю ноч на розных пляцоўках горада, — смяецца Вольга.
— Чаму ж усё ж такі гурт называецца «Гармонія»?
— Таму што мы вітаем шматгалоссе. Гармоніі не будзе, калі кожны будзе спяваць па-свойму. Мала таго, мы яшчэ сабраліся такія па характары — практычна не бывае канфліктаў, у нас ва ўсіх аднолькавыя тараканы ў галаве, — смяецца Наталля Пятроўна. — А прапанаваў так назвацца аўтар Эдуард Білечык, менавіта ён заўважыў у нас гармонію, — усміхаецца Наталля.
У гурта планаваўся канцэрт, аднак ён адмяніўся з-за пандэміі. Каб не згубіць практыку спеваў ужывую, калектыў рады любой сустрэчы з гледачом. «Абкатвае» на публіцы новыя песні, як кажа Наталля, — адразу бачна: пайшла песня ў народ ці не. Таму нашыя артысткі заўсёды згаджаюцца на прапановы выступіць, кожны дзень рэпеціруюць, каб падтрымліваць творчы тонус, і будуюць планы на сольны канцэрт.
Надзея ЗУЕВА
Фота з уласнага архіва гурта
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-zueva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/garmoniya
[4] https://zviazda.by/be/tags/intervyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/art-gurt
[6] https://zviazda.by/be/tags/vakalistki
[7] https://zviazda.by/be/tags/dom-kultury
[8] https://zviazda.by/be/tags/traktarny-zavod-0