У Бацвінаўскім музеі хлеба ў маі запланавана не меней чым пятнаццаць экскурсій для дзяцей Гомельскай вобласці. Гаспадыня музея Ірына Нікішова падлічыла, што за чатыры папярэднія месяцы ўстанову наведала больш за тысячу восемсот хлопчыкаў і дзяўчынак. Да кожнай экскурсіі Ірына Міхайлаўна загадзя сур'ёзна рыхтуецца: па рэцэпце сваёй матулі замешвае муку, ставіць цеста ў адмысловую драўляную дзяжу, каб спорна падыходзіла. Пры гэтым гаспадыня прамаўляе сакральныя словы і просіць, каб цеста было паслухмянае, а пірог атрымаўся пышны, духмяны і прыгожы. Калі цеста падышло, раскладае яго ў формы, ставіць у гарачую печ-духоўку. Да прыезду гасцей выпечка заўсёды гатовая, астывае пад ільняным ручніком, а пякарня-музей яшчэ доўга захоўвае непараўнальны водар. Перад тым, як пачаставаць гасцей караваем, Ірына Міхайлаўна расказвае і паказвае аўтэнтычныя прылады, без якіх яшчэ ў не такі далёкі час не абыходзілася ні адна сялянская сям'я — каб сеяць жыта, пшаніцу і быць з ураджаем, з хлебам.
Музей хлеба ў вёсцы Бацвінава дзейнічае ўжо амаль пятнаццаць гадоў. Ён узнік у рамках праекта мясцовай ініцыятывы, падтрыманай Праграмай развіцця ААН. Адным з аўтараў праекта і была сама майстар па выпечцы хлебабулачных вырабаў — Ірына Нікішова.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Чачэрскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya