Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд Шклоўскага раёна крымінальную справу ў дачыненні да раней не судзімага 38-гадовага жыхара Магілёва. Яму інкрымінавана аказанне паслуг, якія загадзя не адказваюць патрабаванням бяспекі для жыцця або здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Аб гэтым паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці, перадае [1] БелТА.
Дырэктар прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Спартыўныя атракцыёны» аказваў паслугі з выкарыстаннем надзіманага гульнявога абсталявання. У чэрвені 2021 года абвінавачаны падаў заяўку і атрымаў дазвол у Магілёўскім аблвыканкаме на ўдзел у свяце «Александрыя збірае сяброў», а таксама аказанне паслуг на рэспубліканскім свяце «Купалле».
9 ліпеня 2021 года ў Александрыі Шклоўскага раёна на адкрытым участку мясцовасці фігурант усталяваў надзіманыя атракцыёны і на наступны дзень яны адкрыліся для наведвальнікаў. «Пры гэтым абвінавачаны ведаў, што ў абсталяванні элементы жорсткага мацавання выраблены самаробным спосабам і не адпавядаюць патрабаванням па геаметрычных параметрах. Гэта стварала пагрозу бяспекі для жыцця і здароўя людзей», — адзначылі ў пракуратуры.
У той жа дзень надзіманы атракцыён парывам ветру сарвала з месца і падняло ў паветра. Атракцыён перакуліўся і траўмаваў дзяўчынку 2009 года нараджэння. Пацярпеў і чалавек 2001 года нараджэння, які знаходзіўся паблізу.
Пры вывучэнні матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Магілёўскай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання, наяўнасці дастатковых доказаў, поўным і аб’ектыўным даследаванні абставінаў злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага паводле ч. 1 арт.338 КК.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/v-sud-peredano-delo-o-proshlogodnem-intsidente-s-postradavshimi-na-naduvnyh-gorkah-v-aleksandrii-501764-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[3] https://zviazda.by/be/tags/aleksandryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava
[5] https://zviazda.by/be/tags/sud
[6] https://zviazda.by/be/tags/nadzimanyya-gorki
[7] https://zviazda.by/be/tags/pacyarpelyya