Сёння ў Магілёве ўрачыста адкрыўся працоўны семестр-2022. Удел у ім узяў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Мерапрыемства рэспубліканскага маштабу пачалося з ускладання кветак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу абаронцам Магілёва «Буйніцкае поле».
- Вельмі знамянальна, что гэта мерапрыемства праходзіць на сімвалічным для кожнага беларуса месцы, — адзначыў у сваёй прамове Ігар Сергеенка. — Тут у далёкім чэрвені 41-га года на месяц было прыпынена імклівае наступленне ворага. Менавіта тут адбылося першае баявое хрышчэнне многіх падраздзяленняў Чырвонай арміі, іх подзвіг апісаў у кнізе «Жывыя і мёртвыя» вядомы савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў. Прах пісьменніка быў развеены над гэтым полем. Гэта было яго жаданне. Глыбока сімвалічна і тое, што ўчора Прэзідэнт нашай краіны падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім, па ініцыятыве БРСМ, ударнай маладзёжнай будоўляй 2022 года Гістарычнай памяці аб’яўлена пляцоўка мемарыяльнага комплекса «Хатынь».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што традыцыі будатрадаўскага руху развіваюцца ў нашай краіне з далёкіх часоў, праз студэнцкія атрады прайшлі тысячы хлопцаў і дзяўчат, усе яны атрымалі сур’ёзную працоўную закалку. Менавіта дзякуючы ініцыятыве Прэзідэнта ў 2005 годзе традыцыі студэнцкага будатрадаўскага руху былі адноўлены ў Беларусі. І з кожным годам работа студэнцкіх атрадаў набірае моц. Калі ў 1981-м годзе 950 студэнцкіх атрадаў аб’ядноўвалі 25 тысяч маладых людзей, то летась было ўжо 2400 атрадаў і 35 тысяч удзельнікаў.
- Сёлета дадаткова па ініцыятыве моладзі будзе створана яшчэ 5 тысяч працоўных месцаў, — падкрэсліў Ігар Сергеенка. — Да вядомых будоўляў і аб’ектаў такіх як працоўныя праекты «Атлант», «Горад маладосці» у Астраўцы і іншых дададуцца новыя — «Трактарабудаўнік», «Аўтазаводзец», з’явяцца атрады па ініцыятыве Беларускай чыгункі, на ніве адукацыі, у медыцынскай сферы. Вашы рукі патрэбны таксама ў аграрнай галіне, на будоўлі — паўсюль.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта заклікаў цаніць гэты час і працаваць на карысць краіне.
- Цаніце гэты час, працуйце з поўнай аддачай сіл. Гэта магчымасць праверыць сябе, атрымаць вопыт, заработаць першыя грошы. Гэта абстаноўка, атмасфера сплочвае ўсіх, — резюмаваў ён.
Байцы, камандзіры, камісары студэнцкіх атрадаў, кіраўнікі працоўных праектаў, ветэраны будатрадаўскага руху, ганаровыя госці — у сённяшнім мерапрыемстве задзейнічана больш за паўтысячы прадстаўнікоў студатрадаўскага руху з усіх куткоў краіны. Цэнтральная падзея — урачыстая цэрымонія ўручэння зводным атрадам кіраўнікамі органаў дзяржулады, міністэрстваў і ведамстваў працоўных пуцёвак для работы на абласных і рэспубліканскіх будоўлях.
У сёлетнім працоўным семестры плануецца рэалізаваць шмат працоўных праектаў. Статус абласных маладзёжных будоўляў прысвоены такім аб’ектам як будаўніцтва свінанагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў у Пінскім раёне, палігона цвёрдых бытавых адходаў у Оршы, узвядзенне інфекцыйнага корпусу на тэрыторыі Магілёўскай бальніцы № 1 і іншым.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/sergeenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/buynickae-pole
[5] https://zviazda.by/be/tags/treci-pracouny-semestr