У Брэсце на міжнародным форуме дзелавых кантактаў «Брэст-2022», які пройдзе 18-19 мая, прэзентуюць інвестыцыйныя праекты вобласці, паведамілі [1] БелТА ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Брэст».
На форуме праца будзе падзелена па чатырох секцыях: інвестыцыі, інавацыі, турызм і медыцына, гарады-партнёры. Тэматычны блок «інвестыцыі» арганізуе СЭЗ «Брэст». Бізнес-партнёрам прэзентуюць перспектыўныя інвестпраекты ў кантэксце развіцця свабоднай эканамічнай зоны. Удзельнікі форуму абмяркуюць магчымасці падтрымкі праектаў, прыцягнення фінансаў, узаемадзеяння навукі і бізнесу.
«Будуць абмяркоўвацца пытанні рэгіянальнага супрацоўніцтва з Варонежскай вобласцю. Адбудзецца прэзентацыя праекта «Пенза-Харбін», — распавялі ў СЭЗ. Удзельнікі форуму змогуць наведаць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у свабодную эканамічную зону, у прыватнасці, СТАА «Боншэ» і ТАА «Акумулятарны Альянс».
Форум дзелавых кантактаў у Брэсце пройдзе пасля двухгадовага перапынку. Яго арганізуюць у гібрыдным фармаце: частка дэлегацый прыедзе ў горад, астатнія падключацца ў анлайн-рэжыме. Чакаецца ўдзел прадстаўнікоў каля 15 краін. Намечана падпісанне дакументаў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве, правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы. Удзельнікі форуму пабываюць на вядучых прадпрыемствах Брэсцкай вобласці, наведаюць санаторна-курортныя і турыстычныя аб’екты.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/investitsionnye-proekty-brestskoj-oblasti-prezentujut-na-forume-delovyh-kontaktov-501942-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/investycyynyya-praekty
[3] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/forum-dzelavyh-kantaktau