Сёлета Полацк адзначыць 1160 гадоў. Юбілейныя мерапрыемствы пройдуць 27—29 мая. Дэвіз свята «Полацк — тэрыторыя адзінства». Гасцей будуць чакаць у горадзе майстроў, на фестывалі беларускай кухні, на музычнай праграме каля сцен Полацкай Сафіі, у літаратурных гасцёўнях.
Напярэдадні гарадскія ўлады на сайце райвыканкама стварылі банк ідэй, куды жыхары маглі звяртацца са сваімі прапановамі, якія можна было б рэалізаваць падчас святкавання.
Падрыхтавана багата інтэрактыўных праграм, якія дазволяць жыхарам і гасцям калыскі беларускай дзяржаўнасці паглыбіцца ў розныя гістарычныя эпохі. Напрыклад, гэта могуць быць сустрэчы ў Манетным двары і Доме друкара.
Наогул, на гэты год горад ператвараецца ў сапраўдны захапляльны адукацыйны цэнтр з жывымі экскурсіямі. Адна з іх знаёміць з гісторыяй і сучаснасцю Полацкага калегіума. Можна прагуляцца па ўніверсітэцкім дворыку і пагутарыць з механічнай галавой, аналагаў якой няма ва ўсім свеце. Мудрэц створаны на ўзор старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата. «Галава» адказвае на пытанні, жартуе і дае наказы — усё як апісаў пісьменнік XІX стагоддзя Ян Баршчэўскі ў творы «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях».
А каб падчас святочных гулянняў гасцям лягчэй было сарыентавацца, можна загадзя прадумаць маршрут. У Полацку багата мясцін, якія вартыя ўвагі: шматлікія храмы і цэрквы, 14 музеяў (можна набыць адзіны музейны квіток і наведаць іх усе), і не забудзьцеся паслухаць арган у Сафійскім саборы, дакрануцца да Барысавага каменя, паглядзець на фрэскі ХІІ стагоддзя і загадкавыя карціны Язэпа Драздовіча ў Мастацкай галерэі.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік падрыхтаваў вірутальныя выстаўкі і экскурсіі, знаёмствы з музейнымі экспанатамі, матэрыялы аб гісторыка-культурнай спадчыне Полаччыны і бясплатны аўдыёгід па гістарычным цэнтры горада.
Дарэчы, адкрываць цікавосткі Полацка можна і ў час Ночы музеяў, якая ў горадзе пройдзе 20 мая. Напрыклад, у Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора будзе працаваць выстаўка «Полацкі гандаль Х—ХVІІІ стагоддзяў» з археалагічнай калекцыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Толькі на Ноч музеяў будуць выстаўляцца манетныя скарбы ІХ—ХVІІ стагоддзяў.
Сем'і з дзецьмі чакаюць у дворыку Музея беларускага кнігадрукавання на інтэрактыўную праграму, а таксама ў Дзіцячым музеі на гульню «Гадзіна займальнай археалогіі». У прыродна-экалагічным музеі правядуць міні-экскурсію па ландшафтным садзе і музейны квэст «У пошуку геральдычных жывёл».
Свае праграмы рыхтуюць Мастацкая галерэя, Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Краязнаўчы музей.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Анатоля КЛЯШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/polack
[5] https://zviazda.by/be/tags/merapryemstvy
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[7] https://zviazda.by/be/tags/polackaya-safiya-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/mastackaya-galereya
[9] https://zviazda.by/be/tags/muzey-tradycyynaga-ruchnoga-tkactva-paazerya
[10] https://zviazda.by/be/tags/krayaznauchy-muzey