Прэзентацыя найноўшых дасягненняў і праектаў Беларусі ў сферы лічбавай трансфармацыі на шляху стварэння электроннага ўрада адбудзецца 18—19 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы падчас ІІ Міжнароднага лічбавага форуму #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне). Эксперты, у прыватнасці, раскажуць пра ўкараненне ІD-картак, стварэнне праактыўных паслуг і суперсэрвісаў, а таксама паведамяць аб інфармацыйнай бяспецы, цэнаўтварэнні і перавагах воблачных рашэнняў над лакальнымі.
25 мільёнаў лічбавых паслуг за чатыры месяцы
Эксперты, як і летась, разглядаюць форум як дыялогавую пляцоўку для ўмацавання супрацоўніцтва і пошуку новых рашэнняў ва ўзаемадзеянні дзяржавы, бізнесу і грамадзян. Аднак сёлета яго межы павялічацца да сямі тэматычных секцый замест адной, якія, да таго ж, можна будзе «наведаць» падчас анлайн-трансляцыі на сайце форуму, абяцаюць арганізатары. Цікавай разынкай стане і ўзнагароджанне найлепшага «Рэгіёна лічбавых магчымасцяў», назву якога пакуль трымаюць у сакрэце.
— Тэматыкай секцый стане галіновая лічбавізацыя, рашэнні для разумнага горада і разумнага дома, інфармацыйнай бяспекі і шэраг цікавых рашэнняў у банкаўскай сферы, — падкрэсліў Аляксей ЦЫМБАЛАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам.
У галіне развіцця электронных паслуг і сэрвісаў Беларусь дасягнула такога ўзроўню, якім краіна ўжо можа падзяліцца, у тым ліку з замежнымі партнёрамі. Гэта стала відавочным па выніках яшчэ леташняга форуму, які стаў вельмі паспяховым і выклікаў вялікую цікавасць у беларускіх і замежных гасцей. Гэткая ж увага чакаецца і сёлета, а ганарыцца нам ёсць чым, заўважыў Раман ГРАДУСАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:
— Паспяхова функцыянуе шэраг дзяржаўных інфармацыйных сістэм і рашэнняў, якія забяспечваюць камфортны электронны дыялог дзяржавы, бізнесу і грамадзян. Гэта, прынамсі, сістэма міжведамаснага электроннага дакументаабароту дзяржорганаў краіны, да якой падключана ўжо больш як 90 % арганізацый рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў (больш як 15 тысяч абанентаў). Дзяржаўная сістэма кіравання адкрытымі ключамі па праверцы электроннага лічбавага подпісу. А таксама агульнадзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, дзякуючы якой за чатыры месяцы на адзіным партале электронных паслуг грамадзянам і бізнесу было аказана больш за 25 млн паслуг (летась за ўвесь год іх было крыху больш за 17 млн).
Сістэму аказання паслуг, якая цяпер працуе па заяўляльным прынцыпе, у перспектыве хочуць вывесці на выяўленчы, калі яна сама будзе нагадваць чалавеку, што яму трэба зрабіць. Напрыклад пры змене месца жыхарства сістэма нагадае пра неабходнасць заключыць дагаворы з камунальнымі службамі, вылучыць месца ў дзіцячым садку і дапаможа з іншымі пытаннямі, падзяліўся «электроннымі» планамі дырэктар цэнтра.
Эксперты падкрэслілі, што развіццю адміністрацыйных працэдур для грамадзян надаецца пільнае значэнне. Сёлета ў краіне мяркуюць перавесці ў электронны выгляд 131 адміністрацыйную працэдуру, а да 2025-га — каля 700. Пры гэтым акцэнт будзе зроблены на працэдуры ў сферы аховы здароўя і адукацыі.
На форуме эксперты раскажуць пра інфраструктуру, якая дазваляе здзяйсняць лічбавізацыю розных сфер жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства, паабяцаў Алег СЯДЗЕЛЬНІК, генеральны дырэктар Беларускіх воблачных тэхналогій:
— На такіх мерапрыемствах раскрываецца праблематыка, на экспертным узроўні абмяркоўваюцца варыянты рашэння задач, якія стаяць перад арганізацыямі. За дзесяць гадоў мы ўвялі ў эксплуатацыю больш за пяць тысяч базавых станцый сеткі чацвёртага пакалення. А звыш дзвюх тысяч юрыдычных асоб ужо карыстаюцца тэхналогіямі воблачных вылічэнняў. На форуме спецыялісты засяродзяць увагу на пытаннях кібербяспекі для прадухілення падобных атак.
Ірына СІДАРОК
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gbcregions-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezentacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/dasyagnenni
[6] https://zviazda.by/be/tags/praekty
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[8] https://zviazda.by/be/tags/elektronny-urad