Адбылася сустрэча генеральнага дырэктара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова і старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.
Размова ішла пра супольную працу па прапагандзе здаровага ладу жыцця, падтрымцы сацыяльных аспектаў у галіне аховы здароўя і фарміраванні грамадскай думкі ў гэтых накірунках.
Абмяркоўвалася і пытанне аб правядзенні Рэспубліканскага літаратурнага конкурса на лепшы твор у галіне мастацкай літаратуры на тэму вобраза медыцынскіх работнікаў, якія займаюцца міласэрнасцю, аказаннем паліатыўнай дапамогі, на тэму дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа.
Плануецца, што конкурс пройдзе ў межах 2022 года. Намінацыі будуць разглядацца наступныя: «Лепшы твор у мастацкай прозе»; «Лепшы твор у публіцыстыцы»; «Лепшы твор у паэзіі».
— Мы вельмі жадалі б супрацоўнічаць з творчымі людзьмі, — зазначыў Дзмітрый Шаўцоў. — Важна фарміраваць здаровую думку ў дачыненні да людзей, якія знаходзяцца ў няпростым фізічным стане, пакутуюць ад цяжкіх захворванняў. Атмасфера суладдзя, грамадскіх памкненняў дапамагчы хворым, прыняць удзел у паліатыўнай дапамозе — важны аспект у выхаванні грамадства. І мне здаецца, што мастацкія вобразы, дакументальныя сведчанні, якія будуць агучаны творамі праз наш сумесны конкурс, несумненна, паспрыяюць вырашэнню гэтых важкіх для ўсёй нашай краіны задач.
Сяргей ШЫЧКО
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-chyrvony-kryzh
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-shaucou
[3] https://zviazda.by/be/tags/sayuz-pismennikau-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/ales-karlyukevich