Прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс у звароце да жыхароў краіны падтрымаў рашэнне Рыжскай думы аб зносе помніка Вызваліцелям Рыгі. Парламент гэтай краіны раней спыніў дзеянне пункта міжурадавага пагаднення з Расіяй аб ахове помнікаў савецкім воінам, што дазваляе знос манумента. Рыжская дума даручыла профільнаму агенцтву забяспечыць дэмантаж помніка. «Рашэнне Рыжскай думы дакладнае. Таксічнае выпраменьванне гэтага аб'екта перавышае маштабы аднаго самакіравання. Таму было б важна, каб рашэнне аб яго дэмантажы прымаў Сейм, асобным законам зняўшы ўсе бюракратычныя перашкоды да выканання рашэння Рыжскай думы», — сказаў Левітс. Латвійскі прэзідэнт таксама анансаваў правядзенне 20 мая шэсця «за вызваленне краіны ад усялякай савецкай спадчыны». Тое, што адбываецца ў суседняй краіне, за мяжой нармальнай чалавечай маралі. Чаму ў латвійскіх улад не засталося нічога людскага?
Падзеі, якія здарыліся ў Рызе 10 мая, калі трактарам прыбралі кветкі, якія жыхары горада паклалі на Дзень Перамогі каля помніка Вызваліцелям, ускалыхнулі беларускую грамадскасць. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка так пракаментаваў гэты акт вандалізму: «Раніцай 10 мая ў Рызе трактарам згрэблі кветкі, ускладзеныя ў Дзень Перамогі да помніка Вызваліцелям. Нашчадкі латышскіх нацыстаў, якія абвясцілі 9 мая Днём памяці ахвяр на Украіне, вырашылі выкрасліць з гісторыі ўсе згадкі пра подзвіг савецкага народа. Але рыжане ўжо 11 мая зноў прынеслі кветкі да помніка і арганізавалі «народны дазор» па абароне памяці.
Гэты яскравы прыклад сведчыць аб тым, што нават у прафашысцкіх еўрапейскіх краінах ёсць здаровыя сілы, якія выступаюць супраць нацызму, гатовыя абараняць уласныя ідэалы і берагчы сапраўдныя каштоўнасці. Літоўцы, латышы, эстонцы, украінцы і палякі ў большасці сваёй міралюбівыя, добрыя і прыстойныя людзі. Яны заложнікі сваіх урадаў, якія выконваюць чужую волю, якія абараняюць інтарэсы закулісных лялькаводаў, якіх не хвалюе нічога, акрамя ўласнай выгады.
Вайна з помнікамі, адраджэнне фашысцкай ідэалогіі, знішчэнне культурнай спадчыны, татальныя абмежаванні, забароны і санкцыі — той інструментарый, які выкарыстоўваецца сёння заходнім светам для захавання ўласнага дамінавання. Спробы «задушыць» іншадумства, перапісаць гісторыю нараджаюць хвалю пратэсту і абурэнні, прымушаюць людзей падымацца на яе абарону. Тысячы рыжан прадэманстравалі сваю пазіцыю, паўторна ўсклаўшы кветкі да мемарыяла Вызваліцеляў. Беларускі народ, які страціў кожнага трэцяга ў Вялікай Айчыннай вайне, салідарны з тымі, хто выступае супраць фашызму і яго ідэалогіі. Сёння зноў актуальныя словы Юліуса Фучыка: «Людзі! Будзьце пільныя! Спыніце фашызм!».
Заклік да стварэння канцэнтрацыйнага лагера ў цэнтры Рыгі — гэта частка прадуманай праграмы па рэалізацыі радыкальнай русафобіі. Такое меркаванне БелТА выказаў доктар палітычных навук, прафесар загадчык кафедры паліталогіі ГрДУ імя Я. Купалы Віктар Ватыль. «Гэта праграма, замяшаная на супрацьстаянні свайго — чужога, вышэйшага аўтахтона карэннага жыхара і другагасортнага прышэльца-ворага, адраджае літару і дух экстрэмізму, расізму і генацыду, вядомага з часоў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны», — сказаў Віктар Ватыль.
Ён падкрэсліў, што гэты прызыў агучыла не прыватная асоба, а Аляксандр Кірштэйнс. «Як член латвійскага парламента, ён аб'ектыўна выказаў пазіцыю латвійскіх улад. Гэта ўлада рэалізоўвае парадак дня выгнання, пераследу і ізаляцыі рускіх, усяго рускага. І не толькі ў Латвіі, але і ва ўсёй Прыбалтыцы, ды і на ўсім фронце ўсходняй Еўропы», — адзначыў палітолаг.
Многія чыноўнікі Латвіі з'яўляюцца нашчадкамі памагатых нацыстаў, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» лідар партыі «Цэнтр» латвійскі палітолаг Нормунд Гросціньш. «З 1991 года ў Латвію вярнуліся тыя, хто збег разам з фашыстамі ў 1944-м, а таксама іх дзеці. Напрыклад, прэм'ер-міністр нарадзіўся ў Злучаных Штатах. Ён грамадзянін ЗША. Зразумела, што яго бацькі трапілі туды вельмі простым спосабам — яны ўцякалі ад савецкіх войскаў спачатку ў Германію, а потым ужо праз нейкі час пераправіліся ў Штаты ці Канаду. Таксама была ў нас адна прэзідэнт у Латвіі — Вайра Віке-Фрэйберга, якая таксама ў 1944 годзе з'ехала з Латвіі разам з бацькамі перад наступленнем савецкіх войскаў. Гэта значыць, яны глядзяць на гэты помнік не як на помнік пераможцам, а як на напамін аб сваім паражэнні ў Вялікай Айчыннай вайне», — заўважыў Нормунд Гросціньш.
Палітолаг падкрэсліў: іх бацькі былі вельмі блізкія да нацыстаў, якія кіравалі Рыгай. «Вось такімі дзеяннямі ўлады спрабуюць адвесці ўвагу ад сваіх правалаў у гаспадарчай, эканамічнай палітыцы і ва ўсіх іншых адносінах. Напрыклад, Рыга па насельніцтве прыкладна ўтрая меншая, чым Мінск, можа быць, нават у чатыры разы ўжо. Але рыжская новая ўлада другі год запар прадэманстравала, што яна толкам снег прыбраць не здольная. Але затое знесці помнік — гэта ж прасцей, тут вялікіх талентаў не трэба», — канстатаваў ён.
Змагацца з памяццю — гэта злачынства, заявіў БелТА дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Сяргей Александровіч. «Шчыра шкада жыхароў Рыгі, якіх улады свядома пазбаўляюць чалавечага права на памяць. Кветкі рыжан да мемарыяла савецкім воінам-вызваліцелям — гэта не проста «букецік да пастамента», каб прыгожа было. Гэта даніна памяці тым, хто 13 кастрычніка 1944 года вызваліў Рыгу ад фашыстаў, тым, хто захаваў Рыгу Рыгай, а Латвію Латвіяй. Гэта і ёсць памяць. Змагацца з памяццю — злачынства», — сказаў Сяргей Александровіч.
Гісторык нагадаў, што Прыбалтыйская стратэгічная наступальная аперацыя праводзілася з 14 верасня да 24 лістапада 1944 года. Яе мэтай быў разгром нямецкіх войск у Прыбалтыцы і вызваленне Эстоніі, Латвіі і Літвы. «Бітва за Прыбалтыку ўключала ў сябе чатыры тактычныя аперацыі: Рыжскую, Талінскую, Маанзундскую і Мемельскую. Бітва доўжылася 71 дзень і завяршылася паражэннем германскіх войскаў і вызваленнем ад нямецкай акупацыі трох прыбалтыйскіх рэспублік. Дзякуючы імкліваму наступленню савецкіх войскаў фашысты не паспелі ўзарваць Рыгу. Байцы і камандзіры Чырвонай арміі захавалі сталіцы Латвіі яе знакамітае гістарычнае аблічча, якім захапляюцца турысты і ў нашы дні. У баях за Латвію і Рыгу загінулі 150 тысяч савецкіх воінаў», — заўважыў эксперт.
Улады еўрапейскіх краін не жадаюць памятаць аб тым, хто сапраўды выратаваў іх ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такое меркаванне ў эфіры «Альфа-радыё» выказаў палітолаг Аляксей Дзермант. Ён назваў «чорнай няўдзячнасцю» выпадкі апаганення і зносу помнікаў у Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Літве і іншых краінах, адзначыўшы, што ў Еўропе прасочваецца відавочнае нежаданне памятаць гісторыю і імкненне максімальна сказіць гістарычныя падзеі. «Ім складана прызнаць, што яны ў нечым удзячныя Савецкай арміі. Ім прасцей разбураць і не даваць памятаць, хто быў сапраўдным ворагам. Гэта прыводзіць і будзе прыводзіць да жудасных наступстваў. Але ёсць у гэтай сітуацыі і нешта абнадзейвальнае: праўда заўсёды праб'ецца вонкі», — рэзюмаваў Аляксей Дзермант.
«Можна з упэўненасцю сцвярджаць: тое, што мы сёння бачым па той бок граніцы — знос помнікаў воінам-вызваліцелям, апаганенне савецкіх манументаў у Польшчы і Прыбалтыцы, Украіне і Чэхіі, — не што іншае, як прызнанне і канстатаванне ініцыятарамі гэтага варварства ўласнай бездапаможнасці і недасканаласці, — заявіла БелТА старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Таццяна Рунец. — Бо ваяваць такім чынам з мёртвымі зусім бяспечна, модна і ў кантэксце еўрапейскага нацызму, які адраджаецца».
Як заўважыў Baltnews прэзідэнт Інстытута Блізкага Усходу палітолаг Яўген Сатаноўскі, нацызм — гэта адна з еўрапейскіх «каштоўнасцяў». Аднак гістарычная справядлівасць стане для Захаду цывілізацыйнай гільяцінай, заявіў БелТА загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Шчокін. «Мы сёння з'яўляемся сведкамі жахлівага па сваім размаху і неразважлівасці здзеку з памяці народа-пераможцы. Лічу, што калектыўны Захад у асобе прамых спадчыннікаў нацызму — кіраўнікоў сваіх краін, такіх як Польшча, Германія, Нідэрланды, Латвія, Літва, Чэхія, Славакія, Румынія і шэраг іншых, перайшоў чырвоную рысу, — расказаў Мікалай Шчокін. — Гістарычны парадокс у тым, што кіраўнікі гэтых дзяржаў сталі адкрыта падтрымліваць ідэалогію нацызму, ад якой у свой час пакутавалі. Пры гэтым ім настолькі ненавісны савецкі народ-пераможца, які ўсяму свету прынёс мір і свабоду, што яны гатовы паўторна забіць ужо загінулых воінаў-вызваліцеляў».
Палітолаг канстатаваў: калектыўны Захад стаў на шлях апошняга этапу развіцця. «Упэўнены, сваім стрэлам у мінулае злачынныя палітычныя эліты гэтых краін сталі на шлях самаразбурэння, — адзначыў ён. — Вядома, загінулыя героі не могуць адказаць. Беларусь гатова абараняць светлую памяць салдат, якія сваё жыццё аддалі дзеля нас».
«У сувязі з гэтым на Беларусі і беларускім народзе ляжыць высокая адказнасць за захаванне гістарычнай праўды і памяці. Аляксандр Лукашэнка з першых крокаў свайго прэзідэнцтва заўжды аберагаў гістарычную спадчыну і вучыць грамадзян паважаць мінулае. Беларусь з'яўляецца эталонам беражлівых адносін да сваёй гісторыі, прасоўвання міралюбівай палітыкі і ўвекавечвання народнай памяці, — падкрэсліў Мікалай Шчокін. — Ведаю, забіць памяць аб гераічных старонках свайго мінулага ў беларускага народа ў іх не атрымацца. Вялікая цана, якую нашы прадзеды аддалі за будучыню, не падлягае забыццю».
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/palityka
[4] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[5] https://zviazda.by/be/tags/ulady
[6] https://zviazda.by/be/tags/egils-levits
[7] https://zviazda.by/be/tags/pomniki
[8] https://zviazda.by/be/tags/saldackiya-manumenty