Працяг. (Пачатак можна прачытаць тут [2]).
Пачатак у нумарах за 26 сакавіка; 2, 9, 16, 23, 30 красавіка; 7, 14 мая.
Пасля чатырох месяцаў выканання абавязкаў пачалася працэдура ўзгаднення маёй кандыдатуры на пасаду рэктара. Вось ужо для маючых адбыцца сустрэч з кіраўніцтвам краіны мне давялося грунтоўна рыхтавацца — сістэмна ацэньваць патэнцыял і вызначыць перспектывы развіцця ўніверсітэта. На працягу трох гадоў я працаваў прарэктарам па навуковай рабоце, сем гадоў — першым прарэктарам, таму і міністр В. І. Стражаў, і яго намеснікі мяне добра ведалі. Прэм’ер-міністр Уладзімір Васільевіч Ярмошын, паглядзеўшы на мой службовы спіс, пажадаў поспехаў на новай пасадзе. На ўзгадненне да Аляксандра Рыгоравіча мяне суправаджаў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта М. У. Мясніковіч. Мы не былі знаёмыя, таму Міхаіл Уладзіміравіч сустрэў мяне даволі строга, запатрабаваў зашпіліць гузікі пінжака і праінструктараваў, як я павінен весці сябе ў кабінеце Кіраўніка дзяржавы. А вось Прэзідэнт, сустрэўшы мяне, усміхнуўся, запрасіў сесці і адразу спытаў, ці пайшло на карысць рашэнне пра пераход нашага педагагічнага інстытута ў статус універсітэта. Я сказаў, што гэта стымулявала ўвесь калектыў у навуковай і адукацыйнай дзейнасці і дазволіць болей эфектыўна вырашаць кадравыя задачы ў эканамічным і сацыяльным развіцці ўсходняга рэгіёна краіны. Далажыў аб адкрыцці падрыхтоўкі па новых спецыяльнасцях,у тым ліку выкладчыкаў замежнай мовы, эканамістаў, юрыстаў, праграмістаў. Прэзідэнт нагадаў, што Магілёўскі педінстытут быў адным з лепшых у Савецкім Саюзе, і скіраваў маю працу на ўмацаванне традыцый, якія сфарміраваліся ў нашай ВНУ, але ўжо зарыентаваных на ўмовы сучаснай, незалежнай Беларусі. А пасля стаў распытваць пра выкладчыкаў:
Як сябе адчувае, чым займаецца былы рэктар Яўген Паўлавіч Кудрашоў?
Адказваю:
- Працуе дарадцам рэктара. Уваходзіць у склад Савета ўніверсітэта, прысутнічае на пасяджэннях рэктарата. Прыходзіў нават на абарону дысертацыі па тэорыі і методыцы навучання матэматыцы — мы ўпершыню ў гісторыі ВНУ адкрылі спецыялізаваны савет. Ён ніколі не настойвае на сваім меркаванні, але і не маўчыць, калі бачыць нешта не так. Да гэтага часу ў справе карысны.
- А Капыцін?
- Капыцін капае! Ён зрабіў археалагічную карту Верхняга Падняпроўя. У экспедыцыях са студэнтамі абхадзіў-аблазіў уздоўж Дняпра ўсе стаянкі старажытных людзей у каменным веку, вывучыў і апісаў курганныя пахаванні, прайшоўся па маршрутах руху і рассялення плямёнаў і ўсё гэта нанёс на карту. У тым ліку і археалагічныя помнікі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паходы, раскопкі, ночы ў палатках з размовамі каля вогнішча. Студэнты Вячаслава Фёдаравіча абагаўляюць! Я лічу, што прыклад дзейснай ідэалагічнай працы! Маладыя людзі, праз натуральную прыроду свайго края, праз нялёгкую працу з рыдлёўкай, перасыпаючы пры гэтым зямлю рукамі і знаходзячы старадаўнія артэфакты, слухаючы аповяды свайго куміра пра старажытных людзей, якія выжывалі ў няпростых умовах і, тым не меней, знаходзілі для сваіх стаянак прыгажэйшыя прыродныя мясціны, убіралі ў сябе любоў да роднай зямлі, адчуваюць гонар за айчынную гісторыю, пранікаюцца шчырай павагай да жыццялюбства і мудрасці сваіх прашчураў.
- Я таксама з Капыціным ездзіў на археалагічныя раскопкі! Незабыўныя часіны! — гледзячы на Мясніковіча, усклікнуў Прэзідэнт. — А як сябе адчувае Трашчанок? — працягвае распытваць Аляксандр Рыгоравіч.
- Чытае! І лекцыі, і кнігі, якія працягвае «праглынаць» у вялікай колькасці. І калі ён у што-небудзь паверыў, то яго ўжо не павернеш!
- І не паваліш! — усміхнуўся Прэзідэнт. — А яна?
Я разумеў, што ён пытае пра жонку Якава Іванавіча Трашчанка Таццяну Пятроўну. Яна працавала лабаранткай кафедры нямецкай мовы, але ў сілу свайго таварыскага і жывога характару была вядомая ва ўсім універсітэце.
- Загадвае кафедрай нямецкай мовы. Не, загадчык там ёсць...
Я не паспяваю закончыць, як Аляксандр Рыгоравіч, махнуўшы рукою, працягвае:
- Я і не сумняваюся! Гэта ж рухавік! Яна ўсіх разварушыць, арганізуе, ды яшчэ і запатрабуе з кожнага рэзультатаў у працы! Студэнтамі мы яе ведалі болей, чым іншых выкладчыкаў! А Рыер?
- Які? Рыгор Якаўлевіч, Рыер-бацька, ужо памёр. А Якаў Рыгоравіч, Рыер-сын, абараніў доктарскую дысертацыю, працуе ў нас на гістарычным факультэце прафесарам, разам з Капыціным займаюцца археалогіяй, вакол іх заўсёды навуковая моладзь.
- Сына я не ведаю, а вось лекцыі Рыгора Якаўлевіча я слухаў з задавальненнем. Глыбокі вучоны і выдатны педагог! Мне таксама падабаліся лекцыі па падітэканоміі Інны Анатольеўны Прашляковай. Яна яшчэ працуе?
- Яна доўгі час ўзначальвала факультэт дашкольнага выхавання, па сутнасці стварала гэты факультэт. Разумная, аўтарытэтная і прыгожая жанчына.
Тады мне здавалася, што Прэзідэнт акунуўся ў свае студэнцкія гады, ў юнацтва. У кожнага чалавека яны выклікаюць прыемныя ўспаміны, асабліва калі ты атрымаў ад вучобы задавальненне, знаходзіўся ў коле разумных выкладчыкаў і цікавых сяброў. У Аляксандра Рыгоравіча ўсё так і было, я таму сведка — мы вучыліся ў адзін час, ведалі сваіх выкладчыкаў, і ў нас былі агульныя сябры. Але толькі з часам я зразумеў, што ў Прэзідэнта няма магчымасці проста аддацца прыемным успамінам. Ён выкарыстоўвае ў працы любы момант, любую сітуацыю, каб прадумаць хвалюючую яго праблему, знайсці адказ на пытанне, якое яго трывожыла. І пра Якава Іванавіча Трашчанка ён у той раз пытаўся не дарэмна. Ужо праз два месяцы я прысутнічаў на нарадзе рэктараў з удзелам Прэзідэнта. І ён зусім нечакана падняў мяне для прадаўжэння размовы пра гэтага выкладчыка. Яшчэ раз пацікавіўшыся здароўем Трашчанка, Аляксандр Рыгоравіч перадаў яму заданне распрацаваць канцэпцыю вучэбнага курса гісторыі Беларусі. Для школ і вышэйшых навучальных устаноў. А мне, рэктару, даручыў арганізаваць працу творчай групы Якава Іванавіча. Таму калі я ўжо як міністр інструктаваў прэтэндэнтаў на рэктарскую пасаду перад іх сустрэчай з Прэзідэнтам, то рэкамендаваў ім не толькі самым шчыльным чынам рыхтавацца па ўсіх накірунках работы і развіцця іх універсітэтаў, але і быць гранічна ўважлівымі да пытанняў і даручэнняў Аляксандра Рыгоравіча. А ён, дарэчы, любіў зносіны з рэктарамі, практычна ўсіх ведаў выдатна, ніколі не ўпускаў магчымасці наведаць універсітэт і аднойчы мне сказаў, што пасаду рэктара лічыць адной з самых прывабных.
Прыехаўшы ў Магілёў, вечарам, у дзень майго прызначэння, я звязаўся з губернатарам Барысам Васільевічам Батурам і папрасіў сустрэчу, каб праінфармаваць яго пра даручэнні Прэзідэнта. Мне патрэбна была падтрымка абласнога кіраўніцтва ў развіцці ўніверсітэта, таму такая сустрэча бачылася проста неабходнай. Барыс Васільевіч прыняў мяне на наступны дзень у восем гадзін раніцы. Слухаў мяне ўважліва, але мне падался, што ён асвядомлены не толькі пра змест размовы са мной Прэзідэнта, але нават пра атмасферу гэтай сутсрэчы. Толькі пасля я даведаўся, што Мясніковіч і Батура — даўнія сябры, таму нядзіўнай у дадзеным выпадку была і яго дасведчанасць. З Барысам Васільевічам мы пасябравалі. Ён наколькі мог падтрымліваў наш універсітэт, а мы дапамагалі яму развіваць Магілёўскую вобласць.
Першым прарэктарам я працаваў сем гадоў, і за гэтыя гады набыў пэўны вопыт кіраўніка ўніверсітэта. Дзеючы рэктар М. А. Аўласевіч мне давяраў, былы рэктар Я. П. Кудрашоў мне раіў і дапамагаў, болей таго, Міхаіл Аляксандравіч ўсе асноўныя пытаннні функцыяніравання ВНУ, па сутнасці, перадаручаў мне. І я «кіраваў». Таму здавалася, што і ў новым статусе для мяне ўсё будзе па-ранейшаму. Я ж бачу і адчуваю ўніверсітэт дасканальна, ва ўсіх яго праявах, зменіцца толькі яго кабінет. Як жа я памыліўся!
Ужо перад прызначэннем, пры падрыхтоўцы да сустрэчы з Прэзідэнтам, я ясна ўсведамляў, што рэктар — гэта ўжо палітык. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Тваё прызначэнне ўзгодніць Кіраўнік дзяржавы, і тым самым ты непасрэдна ўваходзіш у яго палітычную каманду, кіруешся яго выбарчай праграмай і абавязаны з максімальнай аддачай працаваць над яе рэалізацыяй. Прэзідэнт правы, асабіста разглядаючы і вывучаючы кандыдатуры на пасаду кіраўніка ўніверсітэта. Любая ВНУ — гэта кіпучы вулкан палітычных ідэй, ідэалагічных дактрын, маладой і гарачай энергіі. Так было ва ўсе часіны! Таму рэктары па вызначэнню — палітыкі.
А ў пераносным сэнсе рэктар адказвае за палітыку развіцця даверанай яму ўстановы. І гэта не меншы галаўны боль! Трэба ацэньваць навуковы патэнцыял ўніверсітэта, кадравы склад, матэрыяльную базу, попыт на кадры, прадумаць узаемадзеянне з рэспубліканскім і мясцовым кіраўніцтвам, умацаваць міжнародныя сувязі, на гэтай базе сфарміраваць стратэгічныя і тактычныя задачы перспектыўнага жыцця ВНУ і пераканаць у неабходнасці іх рашэння даручаны табе калектыў. І калі ты не прымаеш гэтыя палітычныя ўстаноўкі, не адчуваеш іх глыбіню і шчыра не можаш ісці следам за імі — лепей адмоўся ад пасады рэктара. У жыцці ёсць многа цікавейшых заняткаў, якія цалкам займаюць чалавека!
І яшчэ! Трэба знайсці ідэю, якая займае прыкметнае месца ў існаванні і развіцці ўніверсітэта, якая, можа быць, ёсць і ў іншых ВНУ, але ў цябе яна найболей яркая, прадуктыўная, болей пераканаўчая. Каб усе рэктары-калегі разумелі і гаварылі: «Так,у нашым універсітэце гэта таксама робіцца. Але ў Магілёўскім гэта сапраўды пастаўлена лепей!» Такія задачы я, як міністр адукацыі, даваў усім кандыдатам на рэктарскую пасаду. А ў якасці дасягненняў універсітэта прыводзіў прыклад сваіх разваг і дзеянняў пасля прызначэння мяне рэктарам Магілёўскага ўніверсітэта.
З самага пачатку мне было зразумела, што ў арганізацыі навуковых даследванняў і дасягнення ў гэтым накірунку масштабных рэзультатаў мы ніколі не абыйдзем, напрыклад, БДУ, і не толькі БДУ. Вучэбны працэс у кожным універсітэце павінен быць строга і якасна арганізаваны. Гэта — святое, тут асабліва вылучыцца таксама не выпадае. Прыкметна ўмацаваць матэрыяльную базу, пабудаваць вучэбны корпус з арыгінальнай архітэктурай... Грошай на гэта дакладна не знайсці. Дамагчыся рэкордных спартыўных рэзультатаў — можна, але спорт часта непрадказальны. Усе гэтыя разважанні прывялі мяне і маіх калег да думкі, што ўніверсітэт — гэта яшчэ і ідэалагічны цэнтр. У навуковым, метадычным, арганізацыйным і вучэбна-выхаваўчым аспектах. І наш Магілёўскі ўніверсітэт можа гэта прадэманстраваць, мусіць, лепей другіх ВНУ краіны. Мы зможам гэтым вызначыцца!
Сапраўды, у кожнымм універсітэце, у тым ліку і ў нашым, на навуковай аснове распрацоўваюцца базавыя канцэпцыі ідэалагічнай работы, якія адразу ж, непасрэдна, адаптуюцца да жыцця праз студэнцкае асяроддзе. Прывяду толькі два прыклады. Пасля развала Савецкага Саюза перастала быць стратэгічнай ідэалогія марксізма-ленінізма. У ВНУ востра стаяла пытанне, якой філасофііі вучыць студэнтаў. Менавіта ў Магілёўскім універсітэце прафесар М. І. Вішнеўскі распрацаваў канцэпцыю філасофскага сінтэза, якая прадвызначала вывучэнне ўсіх устойлівых на дадзены час філасофскіх тэорый, якія дэманструюць працэс пазнання і асэнсавання навакольнага свету выдатнымі мыслярамі. У тым ліку і Карлам Марксам, Фрыдрыхам Энгельсам і Уладзімірам Леніным. І такі падыход да выкладання філасофіі ва ўніверсітэтах атрымаўся запатрабаваным. Болей таго, у свой час Прэзідэнт даручаў мне як міністру арганізаваць падрыхтоўку школьных падручнікаў па грамадазнаўству — і краіна ўжо другая, і грамадства пабудавана іначай, і філасофія патрабуецца сучасная. І я прасіў Міхаіла Іванавіча падрыхтаваць такія падручнікі для 9-11 класаў. Ён разам са сваімі калегамі выпрацаваў канцэпцыю гэтага вучэбнага прадмета, яны склалі вучэбную праграму і напісалі падручнікі. Школьнікі да гэтага часу па ім вучацца, і да мяне не дайшло ніводнай рэкламацыі.
І другі прыклад — распрацоўка ў нашым Магілёўскім універсітэце па даручэнню Прэзідэнта канцэпцыі выкладання ў ВНУ і школах краіны гісторыі Беларусі. Гэтую працу выканаў творчы калектыў пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта Я. І. Трашчанка.
Аляксандр РАДЗЬКОЎ
Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА
Працяг будзе 28 мая.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/news/20220325/1648203060-rektary-uryuki-z-novay-knigi
[3] https://zviazda.by/be/tags/rektary-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-radzkou
[5] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[6] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[7] https://zviazda.by/be/tags/aulasevich
[8] https://zviazda.by/be/tags/kudrashou
[9] https://zviazda.by/be/tags/myasnikovich
[10] https://zviazda.by/be/tags/batura