Міністэрства аховы здароўя чакае ад эксперыменту з платнымі паслугамі ў дзяржаўных установах аховы здароўя ў першую чаргу павышэння хірургічнай актыўнасці лекараў і, адпаведна, росту іх заработнай платы, паведаміў журналістам начальнік упраўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, цэнаўтварэння і дзяржаўнай маёмасці Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Калістратаў, паведамляе [1] БелТА.
«Мы чакаем ад правядзення эксперыменту ў першую чаргу павышэння хірургічнай актыўнасці нашых лекараў, гэта значыць большая колькасць аперацый будзе зроблена. У першую чаргу гэта будуць лапараскапічныя, эндаскапічныя аперацыі, малаінвазіўныя, якія не патрабуюць аб’ёмнага хірургічнага ўмяшання. Гэта дасць магчымасць нашым урачам дадаткова зарабіць. А для пацыента гэта альтэрнатыва прыватным медыцынскім цэнтрам па больш даступных цэнах», — сказаў Дзмітрый Калістратаў.
Ён падкрэсліў, што па некаторых відах медыцынскіх паслуг цэны будуць адрознівацца ў разы.
Начальнік упраўлення адзначыў, што да прыняцця рашэння аб правядзенні эксперыменту з платнымі медыцынскімі паслугамі дзяржаўныя ўстановы ў асноўным аказвалі дыягнастычныя паслугі, кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў.
Як паведамлялася, у Беларусі праводзіцца эксперымент па аказанні платных медыцынскіх паслуг у дзяржаўных установах аховы здароўя звыш устаноўленага дзяржавай гарантаванага аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі. 18 дзяржаўных медыцынскіх устаноў у святы і святочныя дні, абвешчаныя непрацоўнымі, выхадныя дні (субота і нядзеля) па жаданні грамадзян будуць аказваць платныя медыцынскія паслугі, якія адносяцца да планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, за выключэннем медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца дзецям, і трансплантацыі органаў і тканак.
Прэв'ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/minzdrav-rasskazal-kakih-rezultatov-ozhidaet-ot-eksperimenta-s-platnymi-uslugami-v-gostsentrah-503234-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya-raskazala
[3] https://zviazda.by/be/tags/platnyya-paslugi
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-kalistratau