«Кіраўніцтва спартыўнай галіны Беларусі ўдзяляе асаблівую ўвагу развіццю масавага фізкультурна-спартыўнага руху сярод насельніцтва. У краіне штогод праводзіцца больш за 13 тысяч спартыўна-масавых мерапрыемстваў з удзелам дзясяткаў тысяч прыхільнікаў здаровага спосабу жыцця. УБеларусі ёсць дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры і спорту да 2025 года. У прыватнасці, у гэтай праграме стаіць задача ўцягнуць у заняткі фізкультурай і спортам больш за 25 працэнтаў насельніцтва. Падрыхтоўка рэзерву з'яўляецца адным з прыярытэтаў развіцця спорту ў краіне. Сёння з юнымі беларускімі спартсменамі займаецца каля сямі тысяч трэнераў-выкладчыкаў, якія працуюць у 450 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, 11 вучылішчах алімпійскага рэзерву. Усяго ў гэтых установах развіваюцца 72 віды спорту».
На мінулым тыдні завяршыліся галоўныя гандбольныя турніры краіны. Уладальніцамі Кубка Беларусі сталі гандбалісткі «Гомеля». У вырашыльным матчы кубкавага розыгрышу яны аказаліся мацнейшымі за саперніц з «БНТУ-БелАЗ». Вынік сустрэчы — 28:17. Для гандбалістак «Гомеля» гэта сёмая перамога ў гісторыі.
Гандбалісты клуба «Мяшкоў Брэст» ў дзявяты раз запар і 14-ты раз у гісторыі сталі чэмпіёнамі Беларусі. У фінале чэмпіянату краіны яны абыгралі гандбалістаў мінскага СКА з вынікам 30:27. Найлепшым бамбардзірам гэтага чэмпіянату Беларусі стаў адзін з лідараў брэсцкага клуба Мікіта Вайлупаў, які закінуў 239 мячоў. Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі гандбалісты «Гомеля».
Таксама ў Брэсце скончыўся фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па гандболе «Імклівы мяч» сярод юнакоў і дзяўчат 2008-2009 гадоў нараджэння. Сярод хлопчыкаў перамаглі сталічныя гандбалісты. У турніре дзяўчат найлепшай стала зборная Магілёўскай вобласці.
Лічба тыдня. 12 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на спаборніцтвах па веласпорце на трэку «Гран-пры Масквы». У турніры ўзялі ўдзел каманды з Расіі, Беларусі і Узбекістана. На рахунку нашай каманды 4 залатыя медалі, 5 сярэбраных і 3 бронзавыя узнагроды. Медалістамі сталі Ганна Церах, Яўген Каралёк, Ірына Чуянкова, Настасся Кіпцікава, Раман Раманаў, Арцём Зайцаў, Дзяніс Мазур, Аліна Абраменка, Аляксандр Глова.
Беларускія барцы выступілі ў Барцоўскай лізе Паддубнага, якая прайшла ў Маскве. Пераможцам у катэгорыі 79 кг сярод «вольнікаў» стаў Магамедхабіб Кадзімагамедаў. Аляксандр Гуштын стаў бронзавым прызёрам катэгорыі да 97 кг. «Серабро» турніру па грэка-рымскай барацьбе ў катэгорыі да 82 кг заваяваў Станіслаў Шафарэнка. Фінал турніра па грэка-рымскай барацьбе да 87 кг атрымаўся поўнасцю беларускім. У вырашальнай схватцы сустрэліся Ігар Ярашэвіч і Кірыл Маскевіч. Перамог Ігар Ярашэвіч. Павел Глінчук, які выступае ў катэгорыі да 97 кг, стаў бронзавым прызёрам турніру. Ірына Курачкіна заваявала залаты медаль у катэгорыі да 57 кг. Пяць бронзавых медалёў у скарбонку зборнай Беларусі паклалі Наталля Варакіна (да 50 кг), Алеся Гетманава (да 57 кг), Вераніка Іванова (да 62 кг), Ксенія Цярэня (да 65 кг) і Вікторыя Радзькова (да 68 кг).
Усяго на першым турніры Барцоўскай лігі Паддубнага беларускія атлеты заваявалі 12 узнагарод: 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 7 бронзавых.
Беларуская федэрацыя біятлона (БФБ) і Саюз біятланістаў Расіі (СБР) падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. «Гэта знамянальная падзея, хоць у нас з беларусамі было заўсёды цеснае супрацоўніцтва. Узаемадзеянне ўключае абмен вопытам паміж нашымі федэрацыямі. Мы будзем спаборнічаць як мінімум адна з адной. Будзем рады, калі і іншыя краіны зацікавяцца і далучацца да нас. Мэта супрацоўніцтва — падтрыманне ўзроўню спартсменаў. Упэўнены, што сітуацыя хутка стабілізуецца і нашы каманды вернуцца ў сусветны біятлон», — падркэсліў старшыня СБР Віктар Майгураў.
У рамках пагаднення будуць праводзіцца сумесныя спаборніцтвы — Кубак Садружнасці. У турніры запланавана шэсць этапаў: па адным у жніўні і верасні, а таксама чатыры зімой. Другі, чацвёрты і пяты этапы Кубка Садружнасці пройдуць у Раўбічах. «Нашы федэрацыі ўзаемадзейнічаюць шмат гадоў, дагавор аб супрацоўніцтве ўжо быў гадоў 20 таму. Але ў свеце ўсё мяняецца, таму прыйшоў час дагавор асвяжыць. Беларускі біятлон сёння арыентаваны на моладзь. Дарослыя спаборніцтвы раней мелі намінальны характар і канкурэнцыі ў дарослым біятлоне ў нас пакуль няма. Адзіны шанц — удзельнічаць разам з расіянамі, для нас гэта Кубак свету. У стартах у Расіі будуць выступаць і юнакі з юніёрамі. Для іх гэтыя спаборніцтвы таксама будуць на ўзроўні міжнародных турніраў», — адзначыў старшыня БФБ Андрыян Цыбульскі.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/myashkou-brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/fizkulturna-spartyuny-ruh