У пачатку тыдня прыгрэе досыць грунтоўна, але потым халодны дождж і вецер не прынясуць нам камфорту, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Як аказалася, другая дэкада месяца стала больш шчодрая на ападкі, чым першая. А з цяплом нам наогул не пашанцавала — сярэднясутачныя тэмпературы паветра ў другой дэкадзе мая вагаліся ад плюс 10 па поўначы да плюс 15 па паўднёвым захадзе краіны, што ў асноўным ніжэй за кліматычную норму на 1—2 градусы. У аўторак і сераду мы будзем без дажджоў. Максімальная тэмпература паветра сёння будзе вагацца ад 18 градусаў да 24 цяпла.
Удзень у сераду па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, а месцамі магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 4—10 градусаў, а па паўднёвым захадзе — да 12 цяпла. Удзень тэмпература паветра складзе плюс 19—24 градусы, а па поўдні да 26 градусаў вышэй за нуль.
Тэмпература пачне мяняцца ўжо ў чацвер. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі будуць навальніцы, а ўдзень узмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад плюс 8 да 14 градусаў, а ўдзень чакаецца 16—23 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у канцы тыдня ў Беларусі захаваецца дажджлівае надвор'е з тэмпературным фонам на 3—6 градусаў ніжэй за кліматычную норму. У пятніцу ўначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 5—12 градусаў, а днём паветра прагрэецца да 13—20 цяпла.
Будзе часам дажджліва і ў суботу. У гэты дзень у асобных раёнах нашай краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 5 градусаў да 12 цяпла, а ўдзень ад плюс 10 да 17 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody
[5] https://zviazda.by/be/tags/navakolnae-asyaroddze