Рэспубліканскае свята «Апошні званок» пройдзе 27—28 мая ў Маладзечне на лядовай арэне «Алімпік-2011». Гэта мерапрыемства ўжо становіцца добрай традыцыяй, адмаўляліся ад яго толькі аднойчы, калі свае карэктывы ўнесла пандэмія каранавіруса.
— Сёлета ўдзельнікамі выпускнога стануць 1,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны, — расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК. — Падчас правядзення рэспубліканскага свята пройдуць цырымонія ўскладання кветак да мемарыяла ў Парку Перамогі, урачыстае шэсце калоны выпускнікоў па горадзе. Па традыцыі адбудзецца ўзнагароджванне найлепшых выпускнікоў: гэта пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх алімпіяд, спаборніцтваў, турніраў, тыя, хто паспяхова зарэкамендаваў сябе ў грамадскай рабоце, пераможцы розных творчых конкурсаў. Пасля ўрачыстасцяў выпускнікоў чакае маладзёжная дыскатэка з удзелам папулярных эстрадных выканаўцаў і феерверк. На наступны дзень, пасля агляднай экскурсіі па Маладзечне, адзінаццацікласнікі раз'едуцца па сваіх рэгіёнах.
А 30 мая апошнія званкі прагучаць для ўсіх выпускнікоў беларускіх школ. Сёлета дзявятыя класы ў нашай краіне заканчвае 97,7 тысячы хлопцаў і дзяўчат, а 52,3 тысячы навучэнцаў — адзінаццатыя.
Выпускныя вечары, падчас якіх выпускнікі атрымаюць дакументы аб адукацыі, пройдуць 10 чэрвеня.
Пытанне, якое традыцыйна хвалюе адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў: дзе можна правесці выпускны вечар, каб ён запомніўся ўсім?
— Нашым загадам устаноўлена, што выпускныя вечары праводзяцца ва ўстановах адукацыі. У выключных выпадках яны могуць праводзіцца ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі або ва ўстановах культуры, — падкрэсліла Ларыса Емяльянчык. — Забаўляльныя комплексы, аграсядзібы і рэстараны для школьных мерапрыемстваў не падыходзяць. Час, працягласць і месца правядзення выпускных вечароў вызначаюцца кіраўніком установы адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады.
Ларыса Емяльянчык прапанавала ўсім зацікаўленым азнаёміцца з Загадам Міністэрства адукацыі № 164 ад 27 сакавіка бягучага года, які можна знайсці на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі. «Згодна з дакументам, асабістая адказнасць за стварэнне бяспечных умоў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў па правядзенні выпускных вечароў ускладаецца на начальнікаў галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў, старшыню Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Дадзеным загадам рэгламентаваны таксама змест сцэнарыяў выпускных вечароў і свята «Апошні званок» .
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/aposhni-zvanok-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/larysa-emyalyanchyk
[6] https://zviazda.by/be/tags/maladzechna