Як хутка жанчыны змогуць рэалізаваць сваю агародніну, пакуль невядома. Але ім прыйшлося звярнуцца ў розныя інстанцыі — ад райвыканкама да раённай газеты. І ўсё ж вырашэнне праблемы прыпынілася, хоць райвыканкам вынес сваю рэзалюцыю яшчэ два гады таму.
Дазвол на размяшчэнне гандлёвых месцаў існаваў з 2020 года. Менавіта тады Гродзенскі райвыканкам прыняў рашэнне аб уладкаванні месцаў для рэалізацыі тавараў, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай дзейнасці. Быў вызначаны і канкрэтны адрас: вуліца Савецкая, 20. Але прадаваць там сваю агародніну мясцовым жыхарам не ўдавалася, бо з гэтым месцам не пагадзіліся ў сельвыканкаме. Маўляў, гандлёвыя рады будуць размешчаны каля будынка (а гэта былы ўнівермаг), які займеў новага гаспадара. Наўрад ці яму спадабаецца такое суседства. Да таго ж прыватны гандаль, лічаць у сельвыканкаме, не пасуе знакамітаму населенаму пункту. У якасці кампрамісу прапанавалі новы адрас — мясцовы парк. Пры гэтым ніякіх гандлёвых радоў там не прадугледжвалася. Людзі маглі гандляваць на сваіх «прылаўках» альбо наогул «з зямлі», што недапушчальна па санітарных нормах. Такая пазіцыя выклікала незадаволенасць з боку жыхароў.
Як паведамілі ў Верцялішкаўскім сельвыканкаме, праблема не толькі ў згодзе мясцовай улады. Таму да яе вырашэння далучыўся шэраг службаў райвыканкама. Здаецца, выхад знайсці ўдалося. У раённай газеце «Перспектыва» нядаўна была апублікавана план-схема месца гандлёвай зоны. Як адзначылі ў сельвыканкаме, згодна з новымі нарматыўнымі дакументамі яны не могуць распараджацца сваімі сродкамі, хоць павінны выступаць як заказчыкі. Цяпер шукаюцца магчымасці для фінансавання дадзенай інфраструктуры. Наколькі зацягнецца вырашэнне пытання, невядома.
А жадаючых стаць за прылавак нямала. Толькі не за імправізаваны, а за сучасны, варты прапанаванай добрай прадукцыі.
Прэв'ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/vercyalishki
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandlyovaya-zona
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladkavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/agarodnina
[7] https://zviazda.by/be/tags/prodazh