У рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства Беларусь займае 35-е месца са 175 краін свету. Таксама знаходзіцца на 25-й пазіцыі ў рэйтынгу самых камфортных краін для мацярынства і ўваходзіць у 50 найлепшых краін па вядзенні цяжарнасці і арганізацыі родаў. Як удасканальваецца працэс вядзення цяжарнасці і якія новыя тэхналогіі з'явіліся ў беларускіх акушэраў-гінеколагаў? Ці даступныя яны жанчынам у раённых цэнтрах і невялікіх пасёлках? Чаму партнёрскіх родаў мусіць быць больш? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, РНПЦ «Маці і дзіця» і кіраўнікі радзільных дамоў у сталіцы і рэгіёнах.
— У Беларусі самы нізкі паказчык смяротнасці немаўлят у параўнанні з іншымі краінамі СНД і многімі развітымі краінамі свету, уключаючы Вялікабрытанію, Данію, Польшчу, ЗША, Літву. З 1994 года ў нас выходжваюць немаўлят вагой да 500 грамаў, а выжывальнасць дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела на першым годзе жыцця складае 80 %, — праінфармаваў галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Леанід НЕДЗЕНЬ.
Беларусь стала першай і адзінай дзяржавай у Еўропе і трэцяй у свеце разам з Кубай і Тайландам, дзе ўдалося выкараніць перадачу ВІЧ ад маці да дзіцяці і прыроджанага сіфілісу да ўзроўню, які не складае пагрозы грамадскаму здароўю.
Больш за 97 % цяжарных жанчын на ранніх тэрмінах звяртаецца ў жаночыя кансультацыі. Біяхімічным скрынінгам, раннім выяўленнем сіндрому Даўна і іншых генетычных спадчынных захворванняў ахоплена больш за 70 % усіх цяжарных жанчын. Скрынінгавае ўльтрагукавое абследаванне праходзіць больш за 95 % усіх будучых мам. Штогод выяўляецца каля 1500 выпадкаў прыроджаных парокаў развіцця.
У стацыянарных умовах праходзіць больш за 99 % родаў. Радзільныя дамы працуюць па сістэме сумеснага знаходжання і падтрымкі груднога кармлення. Адразу пасля нараджэння разам з маці знаходзіцца больш за 90 % немаўлят. Для добразычлівай абстаноўкі з 2018 года ўсе радзільныя дамы адкрытыя для наведвання роднымі і блізкімі, ва ўстановах родадапамогі праводзяцца партнёрскія роды.
У краіне функцыянуе адзін перынатальны цэнтр 4-га ўзроўню — гэта Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця», 17 перынатальных цэнтраў 3-га ўзроўню, 27 перынатальных цэнтраў 2-га ўзроўню і 64 арганізацыі аховы здароўя, якія адносяцца да 1-га раённага ўзроўню.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат медыцынскіх навук Іван КУРЛОВІЧ пацвердзіў, што Беларусь у галіне родадапамогі і догляду цяжарных жанчын з'яўляецца ўзорам для іншых дзяржаў, і падзяліўся прыкладамі і спосабамі рэалізацыі вышэйпералічаных праграм на практыцы.
Паводле яго слоў, Беларусь выкарыстоўвае розныя высокаэфектыўныя метады і найноўшыя тэхналогіі ў перынаталогіі. Прыярытэтнымі з'яўляюцца: кровазберагальныя тэхналогіі, малаінвазійная хірургія, фетальная медыцына, клетачныя тэхналогіі, інтэнсіўная неанаталогія, дыягностыка спадчынных і прыроджаных захворванняў.
— Асноўныя перспектыўныя напрамкі навуковай дзейнасці службы аховы здароўя маці і дзіцяці — гэта перш за ўсё распрацоўка новых тэхналогій, накіраваных на зніжэнне першаснай дзіцячай інваліднасці і мінімізацыю негатыўных наступстваў для дзіцяці і сям'і, заснаваных на прымяненні клетачнай тэрапіі, штучнага інтэлекту і новых арганізацыйных формаў пры аказанні медыцынскай дапамогі нованароджаным і дзецям ранняга ўзросту. Гэта распрацоўка комплексных праграм перынатальнай дыягностыкі і ўнутрывутробнага лячэння анамалій плода, укараненне новых тэхналогій, накіраваных на захаванне і рэалізацыю рэпрадуктыўнай функцыі, захаванне рэпрадуктыўнага патэнцыялу ў жанчын з анкалагічнымі захворваннямі да правядзення спецыфічнага лячэння, паляпшэнне зыходаў экстракарпаральнага апладнення.
У РНПЦ «Маці і дзіця» адбываецца прыкладна 5 % ад агульнай колькасці родаў з усёй краіны. Цэнтр выкарыстоўвае дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі і з'яўляецца адной з трох медыцынскіх устаноў, дзе выконваецца бясплатная спроба ЭКА. За 2021 год 30 % жанчын, якія скарысталіся ЭКА, паспяхова зацяжаралі.
Як адзначае Іван Курловіч, не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце павялічваецца ўдзельная вага аперацый кесарава сячэння: у Заходняй Еўропе іх каля 25 %, у Цэнтральнай Амерыцы — 31 %, у Паўночнай Амерыцы — 24 %, у ЗША — 32 %. У Беларусі за 2021 год гэты паказчык склаў каля 32 %. Колькасць выяўленых выпадкаў прырашчэння, або ўрастання плацэнты, з якім сутыкаюцца жанчыны пасля правядзення аперацыі кесарава сячэння, павялічылася за апошнія 10 гадоў у 12 разоў. Гэта найбольш цяжкае ўскладненне цяжарнасці, якое патрабуе правядзенні дыягностыкі і медыцынскай прафілактыкі крывацёку. У цэнтры распрацаваны і ўкаранёны кровазберагальныя тэхналогіі пры родах жанчыны з урастаннем плацэнты, якія дазваляюць знізіць рэпрадуктыўныя страты і накіраваны на захаванне рэпрадуктыўнай функцыі.
Адзін з прыярытэтных у акушэрстве напрамкаў — фетальная хірургія. Яна развіваецца ў нашай краіне каля 12 гадоў. Выконваецца каля 50 аперацый у год па ўнутрывутробным пераліванні крыві падчас цяжарнасці.
Дзіяна МАРДАС, кіраўнік і заснавальнік праекта, расказала, што яго аўдыторыя — больш за 200 тысяч мам і тат. Для сувязі выкарыстоўваюцца стандартныя каналы камунікацыі: супольнасць у Vіber складае больш за 50 тысяч чалавек, таксама існуюць Telegram-чаты па даце родаў, дзе бацькі аб'яднаныя па інтарэсах і аднолькавых праблемах.
— Мы ствараем і свае каналы камунікацыі: адукацыйны партал «Мама PRO» за 2021 год меў больш за 2 мільёны наведванняў, а мабільны дадатак «Мама PRO» мае 62 тысячы ўстановак. Гэтыя каналы выкарыстоўваюцца, каб даносіць якасную і праўдзівую інфармацыю ад экспертаў і медыцынскай супольнасці, — расказала Дыяна Мардас.
Запушчаны праект «PRO раддом»— гэта сістэма выязных экскурсій ва ўстановы аховы здароўя, дзе будучыя бацькі могуць загадзя ўбачыць абсталяванне радзільнага дома.
Асобную ўвагу Дзіяна Мардас аддала камунікацыі і бяспецы інфармацыі ў інтэрнэце, важнасці прысутнасці кваліфікаваных урачоў у тых каналах камунікацыі, дзе найбольш часу праводзіць пацыентка.
На важнасць партнёрскіх родаў, усвядомленага не толькі мацярынства, але і бацькоўства звярнуў увагу намеснік галоўнага ўрача па акушэрска-гінекалагічнай дапамозе 5-й гарадской клінічнай бальніцы, кандыдат медыцынскіх навук Васіль Шостак.
— Партнёрскія роды за мяжой складаюць больш за 9 0%. На сёння ў нашай краіне гэтая лічба вельмі нізкая, нават непрыстойна пра яе казаць. Напрыклад, Казахстан мае 98 % партнёрскіх родаў. Таму нам ёсць да чаго імкнуцца. Бацькам становяцца ў радзільным доме, і нядрэнна было б тое зрабіць са сваёй каханай жанчынай, маці вашага дзіцяці, — сказаў суразмоўнік.
5-я гарадская клінічная бальніца з'яўляецца не толькі перынатальным цэнтрам 3-га ўзроўню, але і самым вялікім радзільным домам нашай краіны — і па ложкавай магутнасці, і па колькасці праведзеных родаў. У 2021 праведзена 5513 родаў і народжаны 5571 не-
маўля. Адметнай асаблівасцю ўстановы з'яўляецца тое, што там вядуцца роды, якія немагчымыя ў іншых абласцях і раёнах краіны. Калі па ўсёй Беларусі колькасць аперацый кесарава сячэння павялічваецца з кожным годам, то ў 5-м радзільным доме іх колькасць памяншаецца: за 2021 год іх было ўсяго 19 %.
Як адзначыла галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага радзільнага дома Алена ЛЕАНОВІЧ, у Віцебскай вобласці з 18 раёнаў 9 не аказваюць дапамогі па родах. На першым узроўні аказання перынатальнай дапамогі маецца 22 % ложкавага фонду і нараджае каля 10 % жанчын усёй Віцебшчыны. Другі ўзровень прадстаўлены Аршанскім і Наваполацкім радзільнымі дамамі, а таксама абсервацыйным аддзяленнем Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Апошні мае 45 % ложкавага фонду і прымае 40 % родаў вобласці. Трэці ўзровень прадстаўлены Віцебскім абласным радзільным домам і Віцебскім гарадскім клінічным радзільным домам № 2, якія валодаюць 33 % ложкавага фонду і праводзяць 49 % родаў. На чацвёрты тэхналагічны ўзровень накіроўваецца 1,5 % жанчын.
— У аснове арганізацыі дапамогі жанчынам ляжыць пастулат аб максімальным выяўленні адхіленняў падчас праходжання цяжарнасці і стварэнні максімальна спрыяльных умоў для цяжарнай жанчыны падчас яе лячэння, родаў і аказання своечасовай спецыялізаванай дапамогі нованароджанаму дзіцяці, — адзначыла галоўны ўрач.
У абласным радзільным доме 156 акушэрскіх ложкаў, 4 жаночыя кансультацыі, ён абслугоўвае 72 % сельскага насельніцтва вобласці і 78 % насельніцтва Віцебска.
— Далучэнне жаночых кансультацый да радзільнага дома дазваляе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кадры, фінансы, медыцынскае абсталяванне, — лічыць Алена Леановіч. — Нават у пандэмію ў нас не было праблем з кадрамі і іх перамяшчэннем.
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра Кацярына НАВАСАД адзначыла, што нягледзячы на змяншэнне колькасці родаў як па ўсёй краіне, так і ў Гродзенскай вобласці, у перынатальным цэнтры, а ён з'яўляецца медыцынскай установай 3-га ўзроўню, ў 2021 годзе колькасць родаў павялічылася. Тут адбываецца больш за 40 % усіх родаў у вобласці. У прыватнасці, тут праведзены 66 % заўчасных родаў, што сведчыць аб эфектыўнай рабоце сістэмы маршрутызацыі ў вобласці.
Перынатальны цэнтр вітае партнёрскія роды, і пасля паляпшэння эпідэмічнай сітуацыі яны адноўлены і праводзяцца бясплатна. Па распараджэнні Міністэрства аховы здароўя ў Гродзенскай вобласці, у прыватнасці, у перынатальным цэнтры, распрацаваны і рэалізаваны праект неагрэсіўнага вядзення цяжарнасці і родаў і ўкаранёны прынцыпы бяспечнага мацярынства. Выкарыстоўваецца методыка пралангіравання цяжарнасці пры заўчасным сыходжанні каляплодных водаў, што дазваляе зменшыць захваральнасць нованароджаных.
Брэсцкі абласны радзільны дом таксама адносіцца да 3-га тэхналагічнага ўзроўню. Тут канцэнтруюцца самыя складаныя выпадкі па ўсёй вобласці. Радзільны дом аказвае ў тым ліку і спецыялізаваную медыка-генетычную дапамогу. Гэта камбінаваны скрынінг 1 трыместра, ультрагукавы і біяхімічны скрынінг і медыка-генетычнае кансультаванне.
У Брэсцкай вобласці працуюць рэгіянальныя перынатальныя цэнтры 2-га ўзроўню — у Пінску і Баранавічах. Па выніках скрынінгу выяўляюцца групы рызыкі па храмасомнай паталогіі, таксама праводзіцца інвазійная прэнатальная дыягностыка і кансультаванне па яе выніках.
Спецыялізаваная акушэрска-гінекалагічная служба прадстаўлена кабінетамі планавання сям'і, бясплоднасці, дзіцяча-падлеткавай гінекалогіі, гінекалагічна-эндакрыннай паталогіі. З 2017 года ўведзены адзін з метадаў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій — унутрыматачная інсемінацыя. Паказчык яе эфектыўнасці ў межах 10-12 % пры тым, што агульнасусветны складае 2-12 %.
На базе радзільнага дома працуе камісія па адборы пацыентаў для прадастаўлення адной бясплатнай спробы ЭКА. За 2021 год выдадзены дазвол на бясплатную спробу каля 200 жанчынам.
— Я хачу звярнуць увагу на свядомае планаванне сям'і, свядомае бацькоўства і важнасць правядзення прэгравідарнай падрыхтоўкі (да зачацця), таму што толькі падрыхтаваная і здаровая сям'я можа нарадзіць здаровае дзіця, — заўважыла псіхатэрапеўт Брэсцкага абласнога радзільнага дома Алеся Санкоўская.
Алена КРАВЕЦ
Фота Pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/cyazharnasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/sistema-nazirannya
[6] https://zviazda.by/be/tags/roddapamoga
[7] https://zviazda.by/be/tags/udaskanalenne