За званне найлепшых будуць змагацца сем каманд — прадстаўнікі ўсіх абласцей і сталіцы, якія паспяхова прайшлі адборачныя этапы ў сваіх рэгіёнах. Акрамя таго, у спаборніцтвах удзельнічае каманда Расійскай Федэрацыі.
— Сёння пытанням бяспекі дарожнага руху ўдзяляецца самая пільная ўвага на ўсіх узроўнях, — адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў палкоўнік міліцыі Дзмітрый КАРЗЮК. — Школьнікі не толькі вывучаюць Правілы дарожнага руху, а і дапамагаюць дарослым цікава і дзейсна праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. Для нас гэта важна яшчэ і таму, што ўсё гэта садзейнічае карыснаму правядзенню часу дзяцей, выхоўвае ў хлопцаў і дзяўчат павагу да навакольных, дае магчымасць адчуць сябе патрэбным грамадству.
Прадстаўнік міліцэйскага ведамства нагадаў, што рух ЮІД зарадзіўся амаль паўстагоддзя таму. Усё пачыналася з простых конкурсаў. Сёння ж удзельнікі выконваюць настолькі насычаную праграму, што з ёй нялёгка справіцца нават даросламу чалавеку.
Дзмітрый Карзюк прывітаў і каманду з Расійскай Федэрацыі. «Упэўнены, што юідаўскі рух будзе і далей развівацца, спадзяюся, што з кожным годам дэлегатаў з сяброўскіх краін будзе больш», — заўважыў намеснік міністра ўнутраных спраў.
Расію прастаўляе зборная ЮІД Ліпецкай вобласці. «Упершыню прысутнічаем на такім маштабным міжнародным мерапрыемстве, — расказаў начальнік аддзялення прапаганды бяспекі дарожнага руху Упраўлення Дзяржаўнай інспекцыі бяспекі дарожнага руху МУС Расійскай Федэрацыі па Ліпецкай вобласці падпалкоўнік паліцыі Уладзімір ПАРАХІН. — Для нас гэта добрая магчымасць атрымаць карысны вопыт, а для хлопцаў і дзяўчат — яшчэ і знайсці новых сяброў. Мне падабаюцца адносіны і прафесіяналізм кіраўнікоў беларускіх клубаў ЮІД і інспектараў ДАІ, якія займаюцца з дзецьмі з поўнай аддачай. Гэта дае плён і дапамагае выхоўваць законапаслухмянае пакаленне, уважлівых удзельнікаў дарожнага руху».
На працягу чатырох дзён юныя інспектары будуць спаборнічаць у веданні Правілаў дарожнага руху, фігурным кіраванні веласіпеда, медыцынскай падрыхтоўцы. Таксама ў конкурсах «Плакат» і «Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне» журы ацэніць творчыя здольнасці дзяцей. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў адбудзецца 27 мая.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zlyot-konkurs
[4] https://zviazda.by/be/tags/yunyya-inspektary-ruhu
[5] https://zviazda.by/be/tags/kamanda-rasiyskay-federacyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/konkurs