Работа ўрада сёння, па словах першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова, будзе акцэнтавана на трох блоках: імпартазамяшчэнне, забеспячэнне стабільнага функцыянавання прадпрыемстваў, недапушчэнне пагаршэння жыцця людзей. З такой заявай ён выступіў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. «Я ўпэўнены, што ў канчатковым выніку мы сфарміруем адаптыўную і ўстойлівую да новых рэалій эканоміку. Вельмі важная праграма імпартазамяшчэння не толькі з пункту гледжання замяшчэння тавараў, якія з тых ці іншых прычын не пастаўляюцца, але і з прычыны, што гэта дапаможа нам адаптаваць сваю эканоміку, замяніць яе структуру, зрабіць больш гібкай і менш залежнай ад энергетычных і прыродных тавараў, што займаюць вялікую ўдзельную вагу ў нашым экспартным парадку», — сказаў Мікалай Снапкоў.
«Асноўная задача ўрада — захаваць і забяспечыць усе сацыяльныя стандарты развіцця нашай дзяржавы і сацыяльныя праекты, якія вызначаюць узровень дабрабыту і камфортнасці жыцця насельніцтва, нягледзячы на санкцыі, што маюць беспрэцэдэнтны (а па вялікім рахунку ўдушлівы) характар. Канчатковая задума Захаду — нанесці ўдар па ўзроўню жыцця нашых людзей, выклікаць незадаволенасць, сацыяльнае напружанне», — сказаў першы намеснік прэм'ер-міністра.
Па яго словах, першай на сябе ўдар (яшчэ летась) прыняла авіяцыйная галіна. Далей былі забароны па калію, нафтаперапрацоўцы, абмежаванні ў дачыненні да пэўных прадпрыемстваў і фізічных асоб.
«У бягучым годзе мы атрымалі ўжо пяць пакетаў санкцый, у прапрацоўцы шосты», — заўважыў Мікалай Снапкоў.
Невыпадкова асноўны ўдар прыходзіцца на прамысловыя галіны і валаўтваральныя прадпрыемствы, дадаў віцэ-прэ'мер. Ускосна санкцыі ўздзейнічалі на будаўніцтва, сферу паслуг.
«Такім чынам, непасрэдны ўплыў санкцый закрануў 20 працэнтаў беларускай эканомікі, а ўскосна распаўсюдзіўся на ўсю астатнюю яе частку. З-за прамога санкцыйнага ўздзеяння за чатыры месяцы мы недаатрымалі 2,1 працэнта ВУП», — працягнуў першы намеснік прэм'ера.
Але тым не менш, па словах спікера, эканоміка Беларусі адаптуецца да такіх агрэсіўных дзеянняў: экспарт у першым квартале на 5 працэнтаў вышэйшы да узроўню мінулага года і дадатнае сальда рэкорднае, амаль у мільярд долараў ЗША.
Паводле Мікалая Снапкова, рэальныя даходы насельніцтва і заробкі захоўваюць дынаміку росту. За студзень-сакавік сёлета першыя выраслі на 0,2 працэнта, а другія — на 4,5 працэнта.
Каб знізіць уплыў ціску, выбудавана трохузроўневая сістэма, паведаміў парламентарыям першы віцэ-прэм'ер. «Па-першае, у кожным ведамстве створаны штабы, якія аператыўна рэагуюць і вырашаюць галіновыя пытанні, а таксама пытанні канкрэтных прадпрыемстваў. Другі ўзровень — Рэспубліканскі аператыўна-сітуацыйны штаб, дзе на штодзённай аснове разглядаюцца праблемныя пытанні, што патрабуюць прыняцця рашэнняў на ўзроўні ўрада, — расказаў ён. — Трэці ўзровень — рабочая група па супрацьдзеянні санкцыям. Яна надзеленая кіраўніком краіны шырокімі паўнамоцтвамі і разглядае сістэмныя пытанні. Яны патрабуюць усебаковай ацэнкі наступстваў санкцыйных абмежаванняў і прыняцця кампенсацыйных рашэнняў, а таксама адказных мер на недружалюбныя дзеянні асобных дзяржаў».
Мікалай Снапкоў паведаміў, што ўрад мае чатыры прыярытэты, каб захаваць параметры работы эканомікі на леташнім узроўні. Гэта забеспячэнне бесперабойнай работы суб'ектаў гаспадарання, пераарыентацыя экспартных патокаў, імпартазамяшчэнне і падтрымка насельніцтва.
«Сілы і рэсурсы прадпрыемстваў, кампаній сёння павінны быць накіраваны толькі на выбудоўванне новых вытворчых ланцужкоў, пошукі магчымасцяў для пашырэння бізнесу за кошт ніш, якія вызваляюцца пасля сыходу канкурэнтаў, у тым ліку на рынку Расійскай Федэрацыі. Гэта дапаможа вырашыць галоўную задачу — захаваць рабочыя месцы і даходы людзей», — мяркуе Мікалай Снапкоў.
Найбольш ёмістымі і перспектыўнымі рынкамі для пераарыентацыі экспарту, на яго погляд, з'яўляюцца Расія і Кітай. У сакавіку ў гэтыя краіны пастаўлена амаль 60 працэнтаў тавараў. У Расію экспарт можна нарасціць на 6,4 мільярда долараў ЗША (на 40 працэнтаў да леташняга ўзроўню). У КНР адпрацоўваюць экспартную заяўку на суму 2 мільярды долараў (палова сумы — пастаўкі харчавання). Тым не менш застаюцца тавары, па якіх хуткая пераарыентацыя немагчымая, — нафтапрадукты, нафта, калійныя, азотныя і змяшаныя ўгнаенні.
У кантэксце экспарту выключна важная задача — выбудоўванне новых транспартна-лагістычных ланцужкоў. Ціск узмоцнены на ўсе віды транспарту.
Поўнасцю спынены аўтаперавозкі ва ўкраінскім кірунку. З красавіка ЕС забараніў для беларускіх і расійскіх кампаній перавозкі грузаў у яго межах. «Прынята мера ў адказ — забаронены рух еўрапейскага аўтатранспарту на нашай тэрыторыі», — сказаў першы намеснік кіраўніка ўрада.
Для вырашэння праблем у доўгатэрміновай перспектыве прынята рашэнне аб будаўніцтве ўласнага порта ў Расіі.
«Закрыта таксама паветраная прастора Украіны. Большасць замежных авіяперавозчыкаў сышла з нашага рынку. З дзесяці перавозчыкаў, якія працавалі раней, засталіся тры: «Белавія», «Узбекістан эарвэйс» і «Аэрафлот». Наша авіяцыя ў такіх умовах лётае па змененых маршрутах, што, на жаль, павялічвае час і адлегласць палётаў», — падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
Сёння ўвесь парк паветраных суднаў загружаны і забяспечвае лётную летнюю праграму «Белавія». Выконваюцца рэйсы ў восем дзяржаў.
Па словах Мікалая Снапкова, дзеянні недружалюбных краін паказалі важнасць пашырэння выпуску айчыннай прадукцыі. «Сёння для нашай краіны імпартазамяшчэнне — пытанне эканамічнага суверэнітэту. Работа вядзецца па двух асноўных кірунках. Першы — пошук альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Для гэтага сфарміраваны і накіраваны імпартныя заяўкі ў Кітай, працуем з Расіяй. За першы квартал аб'ём імпарту з названых краін па сыравіне, матэрыялах, камплектуючых без энергарэсурсаў вырас на 473 мільёны долараў, — канстатаваў спікер. — Другі кірунак — вытворчасць айчынных аналагаў».
Над імпартазамяшчэннем працуюць галіновыя беларуска-расійскія рабочыя групы ў аўтамабілебудаванні, сельгасмашынабудаванні, станкабудаванні, электроніцы, лёгкай, хімічнай прамысловасці і фармацэўтыцы.
«Сёння стаіць задача максімальнага прыцягнення малога і сярэдняга бізнесу ў кааперацыйныя тэхналагічныя ланцужкі нашых флагманаў замест зніклых з рынку замежных пастаўшчыкоў», — дадаў першы намеснік старшыні Саўміна.
«Усяго за першы квартал малым і сярэднім бізнесам будзе створана імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму 750 мільёнаў долараў», — падзяліўся інфармацыяй Мікалай Снапкоў.
«Урадам прыняты шэраг мер па падтрымцы росту даходаў. У рэальным сектары часова спынена рэгуляванне павышэння аплаты працы ў залежнасці ад росту вытворчасці. У бюджэтнай сферы першы этап павышэння базавай стаўкі на 4,5 працэнта адбыўся 1 студзеня, у другі этап плануецца павысіць на восем працэнтаў. Але для падтрымкі бюджэтнікаў урад прыняў рашэнне аб паэтапным павышэнні базавай стаўкі з апераджальным графікам», — растлумачыў выступоўца.
Ён заўважыў, што нягледзячы на санкцыі, сацыяльныя выплаты, пенсіі, заробкі выплачваюцца ў час і ў поўным памеры.
Пад кантролем рынак працы. Асобныя прадпрыемствы, заявіў Мікалай Снапкоў, аптымізуюцца, але масавага звальнення няма.
«Для вырашэння праблем на рынку працы мы стараемся працаваць на апярэджанне. Арганізаваны штотыднёвы маніторынг па выяўленні прадпрыемстваў, што прыпынілі дзейнасць, ці тых, што працуюць у рэжыме няпоўнай занятасці. На 18 мая такіх арганізацый 34», — сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Мікалай Снапкоў адзначыў павышаны запыт на прадукты харчавання, тэхніку, фармпрадукцыю ў сакавіку.
«Для стабілізацыі сітуацыі прыняты абмежаванні на вываз шэрагу тавараў і ўстаноўлены пералік пазіцый, забароненых да ўвозу з недружалюбных краін. Пры гэтым забароненыя тавары ўдалося замясціць альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі ўжо ў сакавіку. Мы прынялі ўсе магчымыя меры, каб нашы пакупнікі не адчулі адсутнасці асобных тавараў ці збояў у насычэнні ўнутранага рынку. У продажы быў і будзе прадстаўлены далей шырокі асартымент тавараў для пакупнікоў з розным узроўнем даходаў», — заявіў спікер.
Але ён не адмаўляе рост цэн на сыравінным і харчовым рынках. «Інфляцыя б'е рэкорды ва ўсіх краінах. Беларусь не стала выключэннем. У красавіку ў гадавым вылічэнні спажывецкія цэны выраслі на 16,8 працэнта. Асноўны ўнёсак у інфляцыю зрабілі мяса, мясапрадукты, агародніна, садавіна, кандытарскія вырабы. Па нехарчовых таварах — легкавыя аўтамабілі, адзенне, электратавары і бензін. Па паслугах — жыллёва-камунальныя», — канстатаваў першы віцэ-прэм'ер.
Для рэгулявання цэн удакладнены пералік сацыяльна значных тавараў першай неабходнасці, уведзена дзяржаўнае рэгуляванне цэн на асобныя нехарчовыя тавары, якія карыстаюцца попытам, павялічана штомесячная мяжа змянення цэн для недапушчэння пагаршэння фінансавага стану прадпрыемстваў. Для вытворцаў, імпарцёраў канкрэтных груп тавараў і арганізацый гандлю ўстаноўлены гранічныя максімальныя нарматывы рэнтабельнасці і гандлёвай надбаўкі.
«Сёння сітуацыя па цэнах стабілізуецца. У маі месячны прырост цэн значна запаволіўся. Па многіх пазіцыях так званага баршчовага набору — увайшоў у адмоўную зону», — заявіў Мікалай Снапкоў.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-snapkou
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/tags/urad