29 мая, у нядзелю, у горадзе на Сажы пройдзе традыцыйны кніжны фестываль # ЧИТАЙ ГОМЕЛЬ. Заснавальнік творчага асветніцкага праекта, які ўжо рэалізуецца на працягу некалькіх гадоў, — Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна. Сярод партнёраў і ўдзельнікаў фестываля — Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда».
Пачатак працы на пляцоўцы на плошчы Перамогі, 22, каля абласной бібліятэкі, — а 12-й гадзіне. З мерапрыемстваў, якія рыхтуюць гаспадары свята, — літаратурны творчы калейдаскоп «Гомель — сталіца славянскіх літаратараў». А ў 13.30 пачнецца Літаратурнае свята Добрых Слоў.
Выдавецкі дом «Звязда» прэзентацыяй «Зоркавая літаратурная плеяда» прадставіць сваіх аўтараў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірыну Карнаухаву, Іну Фралову, Уладзіміра Мазго, Алену Стэльмах, Міхася Пазнякова. Яны пазнаёмяць гамяльчан і гасцей горада са сваімі новымі кнігамі, якія ўжо ёсць і ў кнігарнях краіны.
Публіцыст, журналістка, тэатразнаўца Інэса Плескачэўская пазнаёміць са сваёй кнігай «Феномен Валянціна Елізар’ева». Унікальны расповяд пра жыццё легендарнага дзеяча беларускага мастацтва, народнага артыста СССР таксама пабачыў свету ў Выдавецкім доме «Звязда». Пра кнігу шырока пісалі ў друку, яе прэзентавалі ў розных гарадах краіны.
Несумненна, падаецца цікавым паэтычны марафон «Студэнты свету чытаюць класікаў», які прысвечаны 140-годдзю народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гомельская абласная бібліятэка падрыхтавала і літаратурны квэст «Па слядах вялікіх...» Увагу гасцей фестываля, несумненна, выклічуць і кніжная выстаўка «Рознакаляровая дарога ў казку», а таксама тэматычная кніжная выстаўка «Горад старажытны над кручамі Сожа». Цікаўных бібліятэкары запрашаюць прыняць удзел у краязнаўчай віктарыне «Гомель: гісторыя і сучаснасць». З беларускімі міфамі пазнаёміць інтэрактыўная пляцоўка «У пошуках міфічных істот».
Бібліяфілаў на фестывалі запрашаюць на прэзентацыю творчасці і ўнікальнай калекцыі рарытэтаў Аляксандра Атрушкевіча.
Будзе працаваць літаратурная арт-кавярня, куды, канешне ж, прыйдуць і паэты-песеннікі, і кампазітары. Асобна на фестывалі вылучаны выставачны праект з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы да 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-ablasnaya-universalnaya-bibliyateka-imya-u-i-lenina
[4] https://zviazda.by/be/tags/alena-stelmah
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihas-paznyakou
[6] https://zviazda.by/be/tags/iryna-karnauhava
[7] https://zviazda.by/be/tags/ina-fralova
[8] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[9] https://zviazda.by/be/tags/chitaygomel-0