Больш за 250 мерапрыемстваў Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Дзень абароны дзяцей з БРСМ» пройдуць па ўсёй краіне напярэдадні і ў Міжнародны дзень абароны дзяцей.
Дабрачынны праект Саюза моладзі накіраваны на аказанне адраснай сацыяльнай падтрымкі дзецям. У гэтым годзе будзе праведзена больш за 250 мерапрыемстваў для выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзіцячых вёсак (гарадкоў), апякунскіх і прыёмных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах, бальніцах.
Сімвалам акцыі нязменна застаецца сэрца і раскрытыя далоні, якія адлюстроўваюць імкненне беларускай моладзі акружыць клопатам дзяцей.
Як нагадалі ў ЦК БРСМ, у сталіцы стала добрай традыцыяй запрашаць малых са шматдзетных сем’яў у Мінскі заапарк. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» Мінскай гарадской арганізацыі падрыхтавалі да 31 мая святочную праграму з удзелам аніматараў і падарункі. У Мінскім раёне ў дзіцячай вёсцы «Вытокі» ў Дзень абароны дзяцей адбудзецца фестываль «Планета дзяцінства». Валанцёры Магілёва наведаюць у святочны дзень выхаванцаў дзіцячага дома ў вёсцы Мікалаеўка Магілёўскага раёна. У гарадскім парку імя Жылібера ў Гродне 1 чэрвеня для дзяцей падрыхтавана праграма з удзелам роставых лялек. У Ветцы Гомельскай вобласці на пляцоўцы летняга амфітэатра сумесна з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі будзе арганізавана інтэрактыўная гульнявая праграма, якая ўключае конкурс малюнкаў на асфальце, комплекс дваровых гульняў. Выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку Брэста чакае забаўляльная праграма, можна будзе і пакатацца на атракцыёнах.
У рамках праекта адбудзецца і шэраг мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні дзіцячых пляцовак. Напрыклад, валанцёры Віцебска будуць працаваць на добраўпарадкаванні тэрыторыі Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці, у Бешанковічах аб’ектам клопату валанцёраў БРСМ стане дзіцячая пляцоўка ў аграгарадку Астроўна, у Оршы — дзіцячая пляцоўка па вуліцы 1 жніўня, у Расонах — па вуліцы Камсамольскай.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnaya-akcyya
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzen-abarony-dzyacey-z-brsm
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-abarony-dzyacey
[4] https://zviazda.by/be/tags/brsm