Краінам Еўразійскага эканамічнага саюза неабходна прыняць экстранныя меры па перафармаціраванні лагістыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, паведамляе [1] БелТА.
«Лічу, што нам варта прыняць экстранныя меры па перафармаціраванні лагістыкі. Значную цікавасць уяўляе ініцыятыва камісіі па рэалізацыі праекта „Еўразійскі аграэкспрэс“. Ён прызначаны забяспечыць рэгулярныя бесперашкодныя пастаўкі сельскагаспадарчых тавараў чыгуначным транспартам, у тым ліку з Кітаем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, лічыць Прэзідэнт, трэба сур’ёзна фарсіраваць работу па стварэнні новых кааперацыйных сувязей і імпартазамяшчэнні, асабліва па таварах крытычнага імпарту. «Актуальнай з’яўляецца прапанова па распрацоўцы індыкатыўных балансаў адносна тавараў першай неабходнасці для ўнутранага рынку саюза», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што ЕАЭС мае добрыя пазіцыі ў пытаннях харчовай бяспекі, аднак у сувязі з прагназуемым ажыятажным попытам у свеце на першачарговыя прадукты харчавання неабходна цесная каардынацыя, каб не дапусціць дэфіцыту асобных тавараў на ўласных рынках.
«Лічу, што да вырашэння абазначаных праблем неабходна падцягваць і астатнія дзяржавы СНД», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/president/view/lukashenka-neabhodny-ekstrannyja-mery-pa-perafarmatsiravanni-lagistyki-u-eaes-115526-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/lukashenka
[3] https://zviazda.by/be/tags/eaes