У 1896 годзе па ініцыятыве барона П’ера дэ Кубертэна адрадзіліся Алімпійскія гульні. Усе ведаюць, што яны прайшлі ў Грэцыі. Але мала хто ведае, што да іх аказаўся датычны і беларус — шляхціц Зігмунд Мінейка. Яго біяграфія падобная да захапляльнага фільма. Будучы дваранінам, ён выступаў супраць царызму. Паўтарыў гісторыю кніжнага графа Монтэ-Крыста. Упісаў сваё імя ў гісторыю Польшчы, Грэцыі, Турцыі (супраць войска якой ваяваў). Будаваў чыгункі і масты, рабіў археалагічныя адкрыцці. Стаў першым беларускім спартыўным журналістам. Да-да, усё гэта адзін чалавек.
Зігмунд Станіслававіч Мінейка нарадзіўся ў 1840-м годзе ў вёсцы Балванішкі (цяпер — Зялёны Бор) на Ашмяншчыне ў шляхецкай сям’і. Бацькі Станіслаў і Цэцылія Мінейка выхоўвалі сыноў у духу нянавісці да царскага самадзяржаўя. Гэта не засталося без увагі ўлад, не раз жандармы шукалі ў Балванішках нейкія сакрэтныя паперы.
Адукацыю Зігмунд Мінейка атрымаў у Віленскай гімназіі, дзе пасябраваў з будучым паэтам Францішкам Багушэвічам. Патрыятычна настроеная, актыўная моладзь пагаворвала аб магчымым паўстанні, для якога спатрэбяцца дасведчаныя ў ваеннай справе людзі. Зігмунду гэтая думка прыходзіцца па душы і ён вырашае паступаць у артылерыйскае імператарскае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу. У вучылішча ён паступіў, дзякуючы дапамозе свайго сваяка генерала Эдуарда Тотлебена, героя Крымскай вайны. Татлебен прадставіў Зігмунда патрону вучылішча — імператару Аляксандру II. Манарх перакінуўся з ашмянцам парай фраз і ўсміхнуўся. У дзённіку яго генерал-ад’ютанта застаўся запіс: «Маленькі ліцвін у пачатку гутаркі быў занадта нясмелы, у канцы — занадта адважны. Увогуле, як і ўсе ўраджэнцы Паўночна-Заходняга краю».
Знаёмства з імператарам не змяніла настрояў і поглядаў Зігмунда Мінейкі. У вучылішчы ён устанавіў сувязі са свабодалюбівымі прадстаўнікамі «роднаснага славянскага народа», удзельнічаў у стварэнні нелегальнай студэнцкай бібліятэкі.
Вясной 1861 года, калі ў Беларусі пачаліся маніфестацыі паўстання Каліноўскага, Зігмунд Мінейка кідае вучобу і едзе на Радзіму. Пераапрануўшыся селянінам, хадзіў па навакольных вёсках, раздаваў лістоўкі, вёў гутаркі, устанавіў сувязі кіраўнікамі паўстання.
У 1861, выконваючы заданне паўстанцаў, Зігмунд раздабыў студэнцкі мундзір. У ім і з падробленым дакументам універсітэта ён садзіцца ў карэту і пачынае вялікі шлях. Яго мэтай была італьянская Генуя. Хадзілі чуткі, што там герой вызваленчага руху Гарыбальдзі стварыў добрую ваенную школу. Мінейку хацелася набрацца там вопыту. І яго жаданне спраўджваецца, ён паступіў у ваенную школу, дзе рыхтавалі камандзіраў будучага супраціўлення. Патрэбнага моманту ён чакаў у Турцыі, дзе дапамагаў праектаваць першую чыгунку.
Увесну 1863 года, калі пачаліся ўзброеныя паўстанні, Зігмунд Мінейка праз Галіцыю і Прусію прыязджае ў Вільню. Літоўскі камітэт паўстанцкага ўрада прызначыў «падрыхтаванага афіцэра» ваенным начальнікам Ашмянскага павета. Ён кіруе паўстанцамі на малой радзіме. Мінейка, вядома, спадзяваўся ўбачыць некалькі соцень паўстанцаў. А яго чакалі ўсяго 28 чалавек. Астатнія разышліся — трэба было засеяць надзелы. Падманутыя чаканні не перашкаджаюць Зігмунду Мінейку ўводзіць у сваім атрадзе жорсткую дысцыпліну. Але не ўсім яго намеры прыйшліся па душы. Атрад павялічыўся ўсяго на дзесяць чалавек, да таго ж хутка скончыліся запасы харчавання. І 15 чэрвеня 1863 года царскія войскі нагналі паўстанцаў у балотах каля вёскі Расалішкі. Было відавочна, што сілы няроўныя. Але камандзір Мінейка вырашыў прыняць бой, расставіў засаду. Але як толькі быў забіты першы паўстанц у атрадзе пачалася паніка, усе кінуліся ў глыб лесу. Салдаты таксама адступілі. Самотны Мінэйка дабрыў да хаткі лесніка, дзе сустрэў няшчасце. Мужчыны, якія былі ў гэтай хаціне, звязалі яму рукі, збілі і адвезлі ў Ашмяны.
За ўдзел у паўстанні Зігмунда Мінейку прыгаварылі да смяротнага пакарання, якога, як можна здагадацца, ён пазбег. Смяротнае пакаранне яму замянілі на 12-гадовую катаргу ў Нерчынскіх шахтах. Існуе дзве версі, чаму так выйшла. Першая звязана з візітам старшыні міжнароднай камісіі, якая правярала ўмовы ўтрымання ў расійскіх турмах, менавіта ў тую турму, у якой Мінейка чакаў пакарання. Адукаваны і камунікабельны Зігмунд уразіў немца, якога звалі Ота фон Бісмарк. Уразіць будучага «жалезнага канцлера» было нялёгка, але Зігмунд Мінейка справіўся. Магчыма, менавіта Бісмарк угаварыў суддзяў замяніць павешанне 12 гадамі катаргі. Па другой версіі, сына выратавала маці. Пасля суда Цыцэлія Мінейка праз свайго зяця, генерала Эдуарда Тоттлебена звярнулася да імператрыцы з лістом, у якім прасіла аб памілаванні для сына. Просьба засталася без адказу. Цэцылія знайшла іншы варыянт выратаваць сыну жыццё. Яна падкупіла двух генералаў, адзін з якіх Міхаіл Мураўёў пазней стаў губернатарам Мінска. Маці Зігмунда гэта каштавала вялізных па тых часах грошай — дзевяць тысяч рублёў. Але пакаранне замянілі катаргай. Якая з гэтых версій праўдзівая — немагчыма.
Катарга на Нерчынскіх рудніках было крыху лепшай за смерць. І пакаранне магло б дагнаць Зігмунда Мінейку там, калі б не чарговы шчаслівы і амаль дэтэктыўны выпадак. На этапе ад тыфу памёр шляхціц Струміла, асуджаны на вольнае селішча ў Томску. Вонкава ён быў падобны на Мінейку. Пасля ўгавораў і подкупаў уяўнага Мінейку пахавалі каля дарогі, а ўяўны Струміла пасяліўся ў Томску і адкрыў шапачную майстэрню. Нагляд міліцыі не перашкодзіў яму наладзіць вытворчасць футравых вырабаў і папяровых кветак, якія рабілі толькі ў Балванішках. Але на гарызонце з’явілася перспектыва смерці праз бізун, што не задаволіла Мінейку. Ён вырашае бегчы ў Еўропу. Купіў фальшывы пашпарт, пераапрануўся селянінам — і смела паехаў знаёмым шляхам, але толькі ў зваротным кірунку.
У Маскве грашыма дапамаглі знаёмыя студэнты. А ў Пецярбургу зноў дапамагае шчаслівы выпадак. Цэцыліі прыснілася, што яе сын ходзіць галодны па паўночнай сталіцы. Не слухаючы разумных довадаў, што гэта немагчыма, яна едзе ў сталіцу і пакідае ў знаёмых вялікую суму, на выпадак, калі Зігмунд будзе ў горадзе. Так у распараджэнні Зігмунда з’яўляюцца грошы. Дзякуючы ім, ён лёгка дастаў пашпарт на эстонскага барона фон Меберта. Кіраўнік горада не змог адмовіць рэспектабельнаму барону ў дазволе на выезд за мяжу. І летам 1865 года ашмянскі Монтэ-Крыста едзе ў Парыж. Там ён не губляецца і напрошваецца на аўдыенцыю да імператара Напалеона III, якому распавядае аб паўстанцах-французах, зняволеных у Табольску. Пасля сустрэчы французскага кіраўніка і Аляксандра II у Парыжы, вязняў вызваляюць. Удзячны за выратаванне суайчыннікаў французскі ўрад прапануе Зігмунду Мінейку бясплатнае навучанне ў Акадэміі Генеральнага штаба ў Парыжы. Ад такой магчымасці ён не адмаўляецца. Але па заканчэнні Акадэміі адмаўляецца ехаць у Алжыр уціхамірваць арабаў. Альтэрнатыва — Балгарыя, дзе трэба будаваць чыгункі, масты, пракладваць каналы. Зігмунд Мінейка спраектаваў і пабудаваў першую чыгунку ў Балгарыі.
З сярэдзіны 1870-х гадах Мінейка жыве ў Грэцыі. У 1880 ён ажэніцца з Празерпінай Манарыс, дачкой дырэктара гімназіі ў Яніне. У 1891 годзе сям’я пераязджае ў Афіны. У Грэцыі Зігмунд будаваў чыгункі і масты, узначальваў Дэпартамент публічных работ у Афінах. Грэцыя пакарыла Мінейку настолькі, што ён правёў на зямлі Элады 35 гадоў свайго жыцця, ажаніўся, завёў семярых дзяцей. У 1878 годзе Зігмунд Мінейка здзейсніў сенсацыйнае археалагічнае адкрыццё. Ён адшукаў храм Зеўса ў Додоне (у Эпіры), які археолагі шукалі амаль 200 гадоў. у 1880 годзе ён апублікаваў этналагічную карту Эпіра, вобласці на захадзе цэнтральнай Грэцыі.
Інжынерная адукацыя звязала Зігмунда Мінейку з Першымі Алімпійскімі гульнямі 1896 года ў Афінах. У той час Зігмунд Мінейка ўзначальваў Дэпартамент публічных работ, які курыраваў падрыхтоўку спартыўных аб’ектаў. Пад яго кіраўніцтвам праходзіла рэстаўрацыя Мармуравага стадыёна — галоўнай арэны Алімпійскіх гульняў.
Калі спаборніцтвы I Алімпійскіх гульняў стартавалі, Зігмунд Мінейка ўзяўся за пяро. Яго журналісцкія матэрыялы, прысвечаныя Гульням, былі апублікаваныя ў кракаўскім «Гадзінні» («Czas» і «Dziennik Polski») і «Львоўскай газеце».
Увогуле, працу інжынера Мінейка сумяшчаў з журналісцкай працай. Ён актыўна выступае ў газетах, выказваючыся на палітычныя тэмы, выкрываючы турэцкія пераследы грэцкага насельніцтва. Калі на востраве Крыт успыхнула чарговае кровапралітнае паўстанне супраць турак, Зігмунд Мінейка, будучы прафесійным вайскоўцам спатрэбіўся грэчаскай арміі. Ён працаваў у Генеральным штабе. Уз’яднанне Крыта з Грэцыяй адбылося. У 1910 годзе грэцкі парламент разглядаў пытанне аб укладзе Зігмунда Мінейкі ў развіццё эканомікі, культуры, стварэнне ўзброеных сіл. Рэдкі выпадак: у знак прызнання выдатных заслуг перад краінай, парламент прысвоіў замежніку званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі, з уручэннем вышэйшай вайсковай узнагароды. Папулярнасць сярод грэчаскага народа дапамагла Зігмунду Мінейку заручыцца дапамогай грэчаскай каралевы Вольгі (сваячкі імператара Мікалая II) і на час прыехаць у Расійскую імперыю. Праз столькі гадоў ён прыехаў у Вільню, Ашмяны, родныя Балванішкі. Прыемная настальгія, сардэчны прыём землякоў спалучаюцца з напружанымі адносінамі з уладамі. Каб чуткі аб магчымым арышце не сталі рэальнасцю, Мінейка вяртаецца ў Грэцыю.
Да 1917 г. Зігмунд Мінейка працаваў у міністэрстве грамадскіх работ Грэцыі кіраўніком дэпартамента, а затым галоўным інжынерам. Дзеці і ўнукі Зігмунда атрымалі ў спадчыну ад яго ўсе лепшыя якасці. У яго дачкі Сафіі і яе мужа Георгіса Папандрэу ў 1919 годзе нарадзіўся сын Андрэа. З 1981 па 1989 г. ён быў прэм’ер-міністрам Грэцыі.
У 1923 годзе Зігмунд Мінейка зноў прыехаў у родныя Ашмяны развітацца, дзе перш за ўсё стаў на калені і пацалаваў родную зямлю. Для 83-гадовага старога гэта была найлепшая ўзнагарода. Усе разумелі, што ён прыехаў развітацца назаўсёды.
У 1925 годзе Зігмунд Мінейка памёр у Афінах. На яго пахаванне прыехалі тысячы людзей з многіх краін. Так, шляхціц з ашмяншчыны стаяў ля вытокаў сучаснага алімпійскага руху, даказаўшы, што гэты свет любіць выдатных асоб.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni
[4] https://zviazda.by/be/tags/de-kuberten
[5] https://zviazda.by/be/tags/zigmund-mineyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport