Урад у бліжэйшы час прыме комплекс мер, накіраваных на падтрымку прадпрыемстваў і бізнесу. Аб гэтым заявіў журналістам першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, падводзячы вынікі нарады ў Прэзідэнта, перадае [2]БелТА.
«У любой эканамічнай сітуацыі, а асабліва ў бягучай, патрэбны тры элементы работы ўрада на ўсіх узроўнях: гэта аналіз сітуацыі, яе ўсведамленне і вырашэнне сітуацыі. І чым хутчэй і якасней будзе прынята рашэнне, тым лепш», — падкрэсліў Мікалай Снапкоў.
Паводле яго слоў, на нарадзе абмяркоўвалася работа аператыўна-сітуацыйнага штаба, які збіраецца штодзённа, і дзейнасць рабочай групы па антысанкцыях, пасяджэнні якой праводзяцца перыядычна пры неабходнасці вырашэння сістэмных задач. «Абмеркавалі больш за сотню прапаноў, якія ў працэсе работы ўрада паступілі і ад дзяржорганаў, прадпрыемстваў, аблвыканкамаў, бізнес-супольнасці. Прэзідэнтам прынята рашэнне: пры патрэбнасці гэтых рашэнняў (распрацаваных урадам на аснове аналізу сітуацыі і прапаноў, што паступілі. — Зв. БелТА) імплементаваць іх у эканамічнае асяроддзе. Для гэтага ўраду даручана рашэнні прыняць. Пры неабходнасці, калі трэба ўзгадненне з кіраўніком краіны, ён гэта ўзгадненне дасць», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.
Адказваючы на пытанне, як хутка будуць аформлены адпаведныя дакументы, ён растлумачыў: «Мы будзем старацца, каб усё было імплементавана ў бліжэйшы час».
Што датычыцца канкрэтных форм падтрымкі і сфер, якія яны закрануць, то яны, паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, стандартныя. «Яны складаюцца з асноўных элементаў, этапаў вытворчасці. Гэта закупкі, лагістыка, разлікі, рэгуляторыка — тое, з чаго складаецца працэс вытворчасці прадукту. Па кожнай з іх (сфер. — Зв. БелТА) мы будзем прапаноўваць пэўныя паслабленні. Гэта датычыцца і арэнды, і разлікаў, і пэўных відаў падаткаў з тым, каб падтрымаць бізнес. Гэта датычыцца і ўзаемадзеяння ў сертыфікацыі і маркіроўцы тавараў», — расказаў Мікалай Снапкоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://blr.belta.by/economics/view/urad-u-blizhejshy-chas-pryme-mery-dlja-padtrymki-pradpryemstvau-i-biznesu-115597-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/urad
[4] https://zviazda.by/be/tags/pradpryemstvy
[5] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[6] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-snapkou