Вясна ў гэтым годзе выдалася вельмі багатай на сюрпрызы. Сакавік стаў самым сухім веснавым месяцам з 1945 года. Красавік — самым вільготным за апошнія 77 гадоў. Ды і май на працягу большасці дзён не радаваў нас вялікім цяплом.
І вось на календары доўгачаканае лета, час адпачынку, дзіцячых канікул і дачнага сезона. Радаснае прадчуванне напаўняе душу, бо наперадзе 92 дні шчасця. На старце самай цёплай пары года мы спадзяёмся набрацца сіл і правесці чарговае лета з карысцю і задавальненнем. Самае галоўнае, каб надвор’е не сапсавала нашы планы.
Пачнецца лета з умерана цёплага надвор’я з невялікімі ваганнямі блізкімі да нормы. У той жа час яго характар застанецца няўстойлівым. Гэта значыць, што пройдуць кароткачасовыя дажджы, з навальніцамі і парывістым ветрам. Атмасферны ціск будзе павышаным. Тэмпература паветра ноччу будзе вагацца ад 8 да 14 градусаў цяпла, днём ад 17 да 24, у паўднёвых рэгіёнах пры праясненнях чакаецца да +26.
У адпаведнасці з папярэднім прагнозам сусветных прагнастычных цэнтраў, у сярэдзіне чэрвеня сярэдняя месячная тэмпература чакаецца каля кліматычнай нормы: ад +15 па паўночным захадзе да +18 па паўднёвым усходзе, а гэта на 3 градусы вышэй за травень. Іншымі словамі чэрвень чакаецца не вельмі гарачым. У цэлым ён будзе ўмерана цёплым і даволі камфортным, ні больш ні менш.
А што з ападкамі? Месячная колькасць ападкаў прагназуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў. Гэта значыць, нас чакае да 15-і дажджлівых дзён. Разам з гэтым прыйдуць навальніцы з маланкамі, шквалы і град. Не абыдзецца без шэрані.
Самым цёплым быў чэрвень 2019 года з сярэдней температурай паветра +21. Халадней за ўсё было ў чэрвені 1962 і 1976 гадоў, калі сярэдняя тэмпература склала ўсяго 13,8 градуса.
Абсалютны тэмпературны мінімум адзначаны на метэастанцыях Орша 11 чэрвеня 1982 года і Палеская 1 чэрвеня 2001 года і склаў —2,3 градуса. Абсалютны тэмпературны максімум +35,6 быў зарэгістраваны на метэастанцыі Беразіно 23 чэрвеня 1964 г.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-rabau-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/leta